viasna on patreon

Мінінфармацыі вынесла папярэджанне недзяржаўнай газеце "Химик"

2006 2006-05-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэдакцыя недзяржаўнай газеты "Химик" (Наваполацак) атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Галоўны рэдактар выдання не згодны з выстаўленымі яго выданню абвінавачаннямі і збіраецца абскарджваць іх напрацягу месяца ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд РБ.

Папярэджанне падпісаў 12 траўня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч. Выданне звінавачваюць у тым, што яно нібыта апублікавала шэраг рэкламных абвестак пра ліцэнзаваную дзейнасць без пацверджання рэкламадаўцам права на ажыццяўленне такой дзейнасці (арт. 30 Закона "Аб друку і іншых СМІ").
Галоўны рэдактар "Химика" Сяргей Балай заяўляе, што абвінавачанні Мінінфармацыі беспадстаўныя і што ва ўсіх згаданых публікацыях такое пацверджанне было. У гутарцы з прэс-служба БАЖ ён выказаў меркаванне, што ініцыятыва прымянення санкцыі да газеты зыходзіла ад мясцовых уладаў. "Ёсць інфармацыя, што аддзел ідэалогіі Наваполацкага гарвывканкама накіраваў ліст у Мінінфармацыі, паводле якога нам і вынеслі папярэджанне. Адметна, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў нават не паспрабавалі праверыць факты, на падставе якіх вынеслі прапярэджанне: да прыкладу, ніхто не прасіў нас выслаць згаданыя ў папярэджанні нумары газеты".

Сп. Балай прыгадаў, што роўна месяц таму яго выклікалі ў гарадскую пракуратуру ў сувязі са скаргамі, што паступілі з упраўлення ідэалогіі Наваполацкага гарвыканкама. У скаргах сцвярджалася, што газета нібыта неаднаразова парушала заканадаўства: змяняла перыядычнасць выхаду, публікавала тэлепраграму без заключэння дамоваў з агенцтвам БелТА і г.д.
"Пры дапамозе БАЖ мы тады падрыхтавалі адказ на ўсе гэтыя прэтэнзіі, і ў пракуратуры больш не засталося да нас пытанняў. Але, як бачым, выканаўчыя структуры пайшлі іншым шляхам. Відаць, мы камусьці з мясцовых чыноўнікаў "наступілі на мазоль" альбо проста надакучылі фактам свайго існавання", - лічыць С. Балай.

"Хімік" зазнаў праблемы з распаўсюдам гэтак жа, як і большасць іншых грамадска-палітычных выданняў. У снежні 2005 года "Віцебскаблсаюздрук" скасаваў дамову на раздробны продаж выдання, спаслаўшыся на эканамічную немэтазгоднасць. У лютым 2006 г. адмовілася ад супрацоўніцтва з газетай "Белпошта". Галоўны рэдактар заяўляе, што ў першым паўгоддзі г.г. газета здолела выканаць свае абавязкі перад чытачамі:выданне прадавалася з дапамогай індывідуальных прадпрымальнікаў, дастаўлялася тым, хто пералічыў грошы праз банкі і г.д.). Тым не менш, рэдакцыя не губляе надзеі аднавіць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі "Белпошты" і "Саюздруку", паведаміла прэс-служба БАЖ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства