Менскія пенсіянеры патрабуюць пакарання для міліцыянтаў, якія іх збівалі

2011 2011-07-20T14:35:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/marozauzbiccio06.07.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Менчука Уладзіміра Марозава людзі ў цывільным душылі да страты прытомнасці 6 ліпеня ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі

Менчука Уладзіміра Марозава людзі ў цывільным душылі да страты прытомнасці 6 ліпеня ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі

Скаргі ў пракуратуру накіравалі менчукі Уладзімір Марозаў, якога душылі да страты прытомнасці 6 ліпеня ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі, і Святлана Вяргейчык, якую ў той жа вечар білі пры затрыманні на плошчы каля ДК Чыгуначнікаў. Абодва пацярпелыя маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, што магло прывесці да незваротных наступстваў. Але хапунам у цывільным, здаецца, усё чалавечае чужое.  

Уладзімір Марозаў
сядзеў на лавачцы непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі, калі да яго падышоў чалавек і прапанаваў сысці, паколькі ў гэтым месцы праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Пенсіянер растлумачыў, што не бярэ ўдзелу ні ў якіх мерапрыемствах і заставаўся сядзець. Паколькі чалавек, які падышоў, не прадставіўся і не паказаў ніякага пасведчання, мужчына палічыў яго патрабаванне незаконным і неабгрунтаваным.

Уладзімір Юр'евіч мае трэцюю групу інваліднасці, пакутуе на захворванні сэрца і лёгкіх, а таксама цукровы дыябет. Яму цяжка рухацца. Гэтыя абставіны ён указвае ў сваёй скарзе пракурору г. Мінска.

“Тады група людзей у цывільным, якая падаспела, стала з ужываннем грубай сілы цягнуць мяне ў бок аўтобуса без нумарных знакаў. Я ўпаў на зямлю, ногі мяне не трымалі. Мне не хапала паветра, я сутаргава спрабаваў устаць і аддыхацца. Мае спробы жорстка перарываліся маладымі людзьмі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Потым адзін з іх стаў каленам мне на шыю, рукамі пацягнуў мяне за руку ўверх, г.зн. ужыў задушлівы прыём. Ад гэтага я страціў прытомнасць. Калі я ачуўся, міліцыянтаў побач не было, мне дапамагалі мінакі”, - аднаўляе ход падзеяў заяўнік.

Створаная супрацоўнікамі міліцыі сітуацыя пагражала жыццю гэтага чалавека. І, як высветлілася пасля, яны не толькі не выклікалі "Хуткую дапамогу", але і перашкаджалі выкліку, затрымліваючы людзей, якія спрабавалі патэлефанаваць.

“Іх дзеяннямі нанесеная істотная шкода маім правам і законным інтарэсам. Такім чынам, у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі бачацца прыкметы складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 159 КК “Пакіданне ў небяспецы”, артыкулам 425 КК “Бяздзейнасць службовай асобы”, артыкулам 426 КК “Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў”, - заяўляе У. Марозаў у скарзе, патрабуючы правесці праверку ўказаных фактаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Правядзенне такой праверкі павінна значна спрасціць распаўсюджанае ў Інтэрнэце відэа з сайта belapan.com, на якім зафіксаваныя выкладзеныя ў скарзе факты міліцэйскага самавольства.

З падобным патрабаваннем ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна Менска звярнулася пенсіянерка Святлана Вяргейчык. Да скаргі жанчына прыклала копію эпікрызу № 20343 9-ай гарадской клінічнай бальніцы, у якім пазначана, што яна знаходзілася на лячэнні з 7-га па 13-га ліпеня, што стала вынікам яе затрымання.

Святлану Вяргейчык невядомыя асобы ў цывільным адзенні затрымалі ўвечары 6 ліпеня, калі яна з сяброўкай сядзела на лаўцы на плошчы каля ДК Чыгуначнікаў. Падскочылі, як высветлілася пазней, супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС, без тлумачэння прычын і, нягледзячы на ​​пенсійны ўзрост жанчыны, схапілі яе за рукі і павялі ў жоўты аўтобус. Пры гэтым адзін з іх моцна ўдарыў Святлану локцем у грудную клетку.

Работнікі міліцыі ў форме, якія знаходзіліся ў аўтобусе, на просьбы растлумачыць прычыны затрыманьня не рэагавалі.

“Пазней я была дастаўлена ў Кастрычніцкае РУУС г. Менска, дзе ў дачыненні да мяне участковым інспектарам Кастрычніцкага РУУС г. Менска, старэйшым лейтэнантам міліцыі Кімам Іллёй Уладзіміравічам быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з дадзеным пратаколам я нібыта знаходзячыся ў грамадскім месцы, гучна нецэнзурна лаялася, крычала, размахвала рукамі, на неаднаразовыя заўвагі работнікаў міліцыі не рэагавала. У якасці сведкі ў дадзеным пратаколе быў паказаны супрацоўнік Кастрычніцкага РУУС Казлоў А.В.
Нягледзячы на ​​мае неаднаразовыя патрабаванні паведаміць маім блізкім сваякам аб маім затрыманні, у парушэнне ч.3 арт. 8.2 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, ніхто маім сваякам аб маім месцы знаходжання так і не паведаміў”
, - указвае Святлана Дзмітрыеўна ў скарзе.

Сітуацыя Святланы Вяргейчык пагаршалася тым, што яна пакутуе на цукровы дыябет і артэрыяльную гіпертанію і павінна праз пэўны прамежак часу прымаць лекі. Лекі ў жанчыны былі з сабой, але іх канфіскавалі пры правядзенні асабістага вобшуку. Дарэчы, гэта зафіксавана і ў пратаколе: пры пералічэнні асабістых рэчаў туды ўпісаны і “Ведиабетон МR” і “Номипрел A”.

“На ўсе просьбы аддаць мне неабходныя лекі і даць магчымасць іх прыняць мне адказвалі адмовай. У выніку каля 00:48 гадзін мне стала зусім дрэнна і толькі тады мне далі магчымасць іх прыняць. На маё патрабаванне была выкліканая брыгада хуткай дапамогі № 507 (талон да суправаджальны ліст № 9640), якая аказала мне медыцынскую дапамогу і паставіла дыягназ "гіпертанічны крыз". Я была шпіталізавана ў УАЗ «9-я гарадская клінічная бальніца», дзе мне устаноўлены дыягназ «удар грудной клеткі, правага перадплечча, функцыянальнае расстройства нервовай сістэмы на сітуацыю”, - паведамляе ў пракуратуру пенсіянерка, чыё жыццё і здароўе былі падвергнуты небяспецы па віне супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС.

Жанчыну вельмі абурыў той факт, што міліцыянты, бачылі, што яна з'яўляецца пажылым чалавекам, і, нягледзячы на ​​яе ўзрост, працягвалі свае незаконныя дзеянні ў адносінах да яе.

Святлана Вяргейчык спадзяецца, што пракуратура правядзе праверку ўказаных у скарзе фактаў і прыцягне да адказнасці вінаватых міліцыянтаў.

Варта адзначыць, што такое самавольства дазваляюць сабе не толькі сталічныя супрацоўнікі органаў унутраных спраў. З падобнага роду скаргамі да праваабаронцаў звяртаюцца і жыхары рэгіёнаў. Нагадаем, што ў г. Бяроза Брэсцкай вобласці збітая 13 ліпеня супрацоўнікамі Бярозаўскага РАУС Галіна Кавалевіч таксама накіравала скаргу ў пракуратуру. 65-гадовая жанчына, якая баіцца замкнёнай прасторы, у міліцэйскай машыне здзеклівым чынам пад пагрозай удушша была дастаўлена ў райаддзел.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства