viasna on patreon

У Жодзіне супраць арыштаваных ужываліся катаваньні

2011 2011-07-19T13:01:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/izaliatar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арыштаваныя за ўдзел у акцыях маўклівага пратэсту 6 ліпеня ў Менску Сяргей Крэйда, Сяргей Каласоўскі і Алена Савіч распавялі пра факты катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня ў дачыненьні арыштаваных. Невядомыя супрацоўнікі білі зьняволеных, адмаўлялі ім у медычнай дапамозе.

Сяргей Крэйда быў затрыманы падчас акцыі 6 ліпеня. Спачатку яго прывезьлі у Маскоўкі РАУС г. Менску. Там затрыманых пратрымалі дзесьці да 3 гадзіны ночы, складалі на іх пратаколы, пасьля чаго адправілі ў Ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.  Адтуль яго вывозілі ў суд Маскоўскага раёну, дзе асудзілі на 10 сутак адміністратыўнага арышту.

Першыя суткі пасьля суду арыштант правёў у камеры на Акрэсьціна, дзе вымушаны быў спаць на лавах, бо на ўсіх не хапала ложкаў.  На наступныя 4 сутак яго перавялі ў іншую камеру. А 11 ліпеня больш за 100 чалавек павезьлі ў Жодзіна. У машыны садзілі больш  людзей, чым належыць. Да таго ж у машынах былі праблемы з вентыляцыяй, было цяжка дыхаць, адзначыў арыштаваны.

Сяргей Крэйда распавёў наступнае:

“Па прыездзе ў Жодзіна нам вырашылі арганізаваць “паказальны выступ”. Выходзячы з машын, мы бачылі вялікую колькасьць міліцыянтаў, брахалі сабакі, адразу пры выхадзе з машыны стаяў АМАПавец у масцы з дубінкай. Спусьціліся ў сутарэньне, усіх паставілі тварам да сьцяны.

Затым усіх праганялі па адным па чорным тунэлі, дзе стаялі 2 чалавекі ў масках: адзін біў па жываце, каб зьбіць дыханне, а іншы – у патыліцу. Нас, 20 чалавек, пасадзілі ў адну камеру, пакуль не разьмеркавалі ўсіх па розных. Выводзілі па 3-4 чалавекі, распраналі да бялізны, праводзілі агляд вопраткі. І толькі пасьля размяркоўвалі па камерах.

Падчас знаходжаньня ў Жодзіна я адчуў сябе кепска, прасіў ахоўнікаў выклікаць мне доктара, але гэтыя просьбы яны ігнаравалі. Толькі калі нас павялі на прагулку, я зьвярнуўся да старэйшых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і мне выклікалі доктара.

З Жодзіна нас вывозілі праз “чорны ход”. Машыны родных, якія прыехалі сустракаць арыштаваных, блакаваліся машынамі ДАІ і нават звычайнымі міліцыянтамі. Вывезьлі ўсіх у нейкае поле ды выкінулі”.

Сяргей Каласоўскі і ягоная жонка Алена Савіч былі затрыманыя 6 ліпеня каля будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Суд Першамайскага раёну Менску прысудзіў Сяргею Каласоўскаму 7 сутак арышту, а Алене Савіч – 10 сутак. Алена Савіч адзначыла, што ў Першамайскім РАУСе, куды іх даставілі адразу пасьля затрыманьня, яна пачула ад супрацоўнікаў міліцыі такія “адборныя мацюкі, якіх, відаць, і на будоўлі не пачуеш”.

У Алены патрабавалі здаць адбіткі пальцаў, аднак яна адмовілася, бо закон не абавязвае яе рабіць гэта. Каля 2-й гадзіны ночы затрыманых даставілі ў Ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. У камеры з  дзяўчынамі, дзе знаходзілася Алена, на 8 чалавек было толькі 5 ложкаў, таму ім даводзілася спаць падвое. Такая сітуацыя склалася і ў камеры, дзе сядзеў Сяргей Каласоўскі: на 18-20 чалавек было толькі 8 ложкаў. У ІЧУ людзей не выводзілі на прагулкі, не было магчымасьці памыцца ў душы.

Як і Сяргей Крэйда, Алена Савіч і Сяргей Каласоўскі патрапілі пад транспартыроўку ў Жодзіна 11 ліпеня. Яны таксама адзначылі, што аўтазакі былі перапоўненыя людзьмі, не было чым дыхаць. Таксама сямейная пара пацвердзіла словы Сяргея Крэйды пра сустрэчу арыштаваных з сабакамі  ды ахоўнікамі ў масках.

Перад тым, як разьмеркаваць дзяўчынаў па камерах, іх абшуквалі з поўнымі распрананьнем. Транспартаваньне суправаджалася абразамі на адрас арыштаваных. У жодзінскім ізалятары былі жахлівыя санітарныя ўмовы: у камерах было шмат тараканаў. З-за кепскай ежы многія арыштаваныя мелі праблемы са страўнікам.

У камерах прыбіральні не былі належным чынам агароджаныя. Ахоўнікі, якія назіралі за арыштаванымі ў вочка дзьвярэй камеры, маглі бачыць, як хтосьці спраўляе свае натуральныя патрэбы. Прычым ахоўнікі мужчыны маглі без перашкодаў назіраць за дзяўчынамі ў прыбіральні.

Хлопцаў прывезьлі ў падземны гараж, дзе іх сустракаў ахоўнік у масцы і чалавек у камуфляжнай форме.  “Усіх па адным праганялі па калідоры, дзе стаялі ахоўнік з сабакам і людзі ў камуфляжы. Людзей білі ў тулава, па патыліцы. Натуральна, стараліся моцна ня біць, каб не пакідаць пашкоджаньняў. Але ўсё гэта суправаджалася абразамі, мацюкамі, запалохваньнямі арыштаваных”,- распавёў Сяргей Каласоўскі.

Сямейна пара таксама пацьвердзіла, што падчас вызваленьня людзей вывезьлі праз чорны ход у невядомым накірунку. Людзей пакідалі без грошаў, дакумантаў і асабістых рэчаў (не было нават матузкоў у абутку). Усё засталося ў ІЧУ на Акрэсьціна і раённых РАУСах Менску. На руках была толькі была даведка аб вызваленьні  пасьля адбытага арышту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства