Грамадзянка Расіі абскарджвае ў Менгарсудзе пастанову пра штраф за нецэнзурную лаянку
Марына Дукмасава, якая з'яўляецца грамадзянкай Расійскай Федэрацыі, 7 ліпеня ў выніку
разгляду адміністратыўнай справы судом Партызанскага раёна Менска была
аштрафаваная на 10 базавых велічыняў за «дробнае хуліганства». 6 ліпеня жанчына
разам з непаўналетнім сынам, які таксама з'яўляецца расійскім грамадзянінам,
была затрыманая і дастаўленая ў Маскоўскае РУУС. Супрацоўнікі міліцыі
абвінавацілі яе ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы.
У адпаведнасці з вынесенай пастановай суда, Марына Дукмасава была прызнаная
вінаватай у здзяйсненні дробнага хуліганства - нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім
месцы, у раёне дома № 104 па праспекце Дзяржынскага. Па гэтым адрасе размешчаны
Гандлёвы цэнтр "Тытан", каля якога па серадах збіраюцца «маўклівыя
рэвалюцыянеры».
З вынесенай судовай пастановай М. Дукмасава нязгодная і лічыць яе незаконнай, а
таму абскарджвае ў гарадскім судзе.
У скарзе жанчына заяўляе, што інкрымінаваных ёй дзеянняў не здзяйсняла і віну
не прызнала. У тлумачэнні суду Марына паказала, што 6 ліпеня каля 20:00 разам
са сваім непаўналетнім сынам Рыгорам Перэльманам знаходзілася каля крамы «Сандрык»,
дзе была беспадстаўна затрыманая работнікамі міліцыі. Далей яна адзначае, што ў
аснову судовай пастановы былі пакладзены пісьмовыя паказанні супрацоўніка
міліцыі Чарняўскага В.А., які сведчыць, што затрыманая нецэнзурна лаялася.
Аднак у пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні сведка Чарняўскі В.А. не
значыцца. "Лічу, што пісьмовыя паказанні сведкі Чарняўскага В.А. не былі
аформленыя належным чынам, у адпаведнасці з патрабаваннямі ПВКаАП Рэспублікі
Беларусь і не могуць з'яўляцца дапушчальнымі доказамі па гэтай справе», -
гаворыцца ў скарзе.
Таксама М. Дукмасава лічыць, што суд Партызанскага раёна Менска не распачаў
неабходных мер для поўнага і аб'ектыўнага разгляду дадзенай справы: «не
запатрабавалі з ГУУС Менгарвыканкама відэаматэрыялы аператыўнай здымкі, якая
выраблялася супрацоўнікамі міліцыі 06.07.2011 г. у раёне пр. Дзяржынскага, 104
у г. Менску ў перыяд часу з 19:00 да 20:00 гадзін. У адпаведнасці з ч. 2 арт. 06.11
ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, фота- і відэазапісы таксама з'яўляюцца доказам па
справе. Суд не прыняў да выкліку ў судовае паседжанне сведкі Чарняўскага В.А.,
а таксама майго сына Перэльмана Рыгора Алегавіча».
Паколькі суд не спрабаваў устанавіць ісціну па справе і вынес неабгрунтаваную
пастанову аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці, М. Дукмасава просіць
гарадскі суд адмяніць гэтую пастанову і спыніць вытворчасць па справе ў сувязі з
адсутнасцю падзеі і складу правапарушэння.