viasna on patreon

Краіны Еўразьвязу не прыслалі сваіх прадстаўнікоў на рэгіянальную канфэрэнцыю Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрполу), якая праходзіць у Менску

2006 2006-05-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ год таму прадстаўнікі паліцыі 45-ці краінаў Эўропы вырашылі правесьці рэгіянальную канфэрэнцыю ў Менску. Гэтым планам, аднак, перашкодзіла рэзалюцыя, якую прыняла Рада Еўразьвязу ў зьвязку з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Нагадаем: краіны Эўразьвязу не прызналі вынікаў гэтых выбараў, а міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў уключаны ў сьпіс пэрсон нон-грата.

Напярэдадні канфэрэнцыі Інтэрпол атрымаў ліст ад старшыні Камітэту сталых прадстаўнікоў Еўразьвязу, у якім было рэкамэндавана перанесьці канфэрэнцыю, запланаваную ў Менску. Нягледзячы на гэта, пасьля працяглых дыскусій арганізатары вырашылі правесьці канфэрэнцыю з удзелам іншых краін.

Паводле некаторых крыніцаў, з 46-ці еўрапейскіх краін-сябраў Інтэрполу толькі 11 пацьвердзілі свой удзел у менскай канфэрэнцыі. Не прыехалі таксама чацьвёра эўрапейскіх віцэ-прэзыдэнтаў Інтэрполу. Начальнік прэсавай службы ўпраўленьня інфармацыі МУС Віталь Грынкевіч патлумачыў Радыё Свабодзе: "Нават на сёньняшні дзень ёсьць яшчэ краіны, якія выявілі жаданьне прыбыць на гэтую канфэрэнцыю, і чакаецца іх прыбыцьцё. Канфэрэнцыя пачала і працягвае сваю працу, нягледзячы на адсутнасьць некаторых прадстаўнікоў Інтэрполу".

Генэральны сакратар Інтэрполу Рональд Нобле заявіў, што дагэтуль ніводная краіна ці група краін не спрабавалі ўмешвацца ў планы правядзеньня канфэрэнцый і не парушалі статуту. Інтэрпол захоўваў палітычны нэйтралітэт і арганізоўваў свае канфэрэнцыі нават у краінах, дзе вышэйшае кіраўніцтва падазраецца ў карупцыі, а паліцыя — у зьверствах. Міністар унутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў мяркуе, што краіны Еўразьвязу, які забаранілі сваім прадстаўнікам браць удзел у канфэрэнцыі, "спрацавалі на злачынцаў, якія, мабыць, радуюцца, што ўзьніклі такія складаныя адносіны ў праваахоўнай сфэры паміж дзяржавамі". Паводле спадара Навумава, гэта таксама зьяўляецца прыкладам таго, што "палітыка стаіць над праваахоўнай дзейнасьцю".

Пракаментаваць сітуацыю радыё Свабода папрасіла генэрала міліцыі Мечыслава Грыба, які вінаваціць за зрыў канфэрэнцыі беларускі бок: "Трэба думаць і ўладам, трэба ведаць, што ты робіш. Гэта зьвязана з выбарамі, з падманам на выбарах. Гэта зьвязана з тым, што палітычныя супраціўнікі кіраўніка краіны знаходзяцца ў турме, арыштаваны й гэтак далей, што ёсьць палітзьняволеныя. Маем вынікі. Ува ўсіх гэтых падзеях, што адбываліся ў Беларусі, праваахоўныя органы займалі актыўную пазыцыю — і пракуратура, і МУС, АМАПаўцы, КДБ і так далей. Таму — да каго ехаць? Што абмяркоўваць? Абмяркоўваць крымінальную злачыннасьць? А што вы самі парушаеце правы — абмяркоўваць нельга? Дык з кім там што абмяркоўваць?"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства