У судзе Першамайскага раёну па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве асуджаны кіраўнік моладзевай суполкі "Новая плынь" Віталь Броўка

2006 2006-05-16T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Моладзевы лідэр катэгарычна не прызнаваў сваёй віны, аднак судзьдзя Натальля Дасько вырашыла, што факты правапарушэньня пацьвердзіліся, бо іх засьведчылі запрошаныя на суд міліцыянты. Натальля Дасько пастанавіла аштрафаваць Віталя Броўку на адну базавую велічыню (31 тысячу рублёў).

Нагадаем, што па гэтым абвінавачаньні Віталь Броўка і ягоны сябар Антон Эрдман ужо былі фактычны пакараныя: пасьля затрыманьня ў Менску 23-га сакавіка і дастаўкі пад канвоем у Віцебск яны правялі трое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня. На думку спадара Броўкі, менскія і віцебскія міліцыянты імкнуліся прадухіліць іхны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Маршу Волі 25-га сакавіка. Дарэчы, напярэдадні сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у ліку іншых апазыцыянэраў Віталь Броўка таксама быў асуджаны на 7 сутак арышту нібыта за дробнае хуліганства. Тады ягоную справу разьбірала судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Валянціна Міхасёва, якая сёньня судзіла яшчэ аднаго віцебскага моладзевага актывіста Сьцяпана Цішуціна.

Спадара Цішуціна затрымалі ўчора на праспэкце Фрунзэ, калі ён выходзіў з тралейбуса. Паводле ягонага аповеду, яму не патлумачылі прычын затрыманьня і завезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел, дзе склалі пратакол за дробнае хуліганства.

Да суду Сьцяпана Цішуціна памясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, і толькі сёньня, перад пачаткам суду, ён здолеў паведаміць сваім блізкім, што яго вінавацяць у зьнявазе супрацоўніка міліцыі.

На пачатку судовага паседжаньня Сьцяпан Цішуцін запатрабаваў адваката. Судзьдзя дала яму некалькі гадзін на пошукі абаронцы, аднак міліцыянты зноў сілаю завезьлі Цішуціна ў ізалятар.

Ня маючы фізычнае магчымасьці забясьпечыць сабе абарону на судзе, Сьцяпан Цішуцін зьвярнуўся з хадайніцтвам выклікаць дадатковых сьведкаў. Судзьдзя зноў пагадзілася і абвясьціла ў судовым пасяджэньні перапынак да 17-га траўня.

Сьцяпан Цішуцін ужо ня раз трапляў пад увагу міліцыянтаў. Прыкладам, у яго дома быў праведзены адзін зь першых ператрусаў пасьля віцебскіх выбухаў 14-га і 22-га верасьня, калі міліцыя "правярала" прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Выбухоўкі ў яго не знайшлі, аднак забралі колькі ўлётак "Не – трэцяму тэрміну!".

Апошнімі днямі Сьцяпан Цішуцін актыўна зьбіраў подпісы за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Паводле ягоных высноваў, іншых прычын свайго затрыманьня ён не дапускае, паведаміла Радыё Свабода.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international