viasna on patreon

Казуліну вылучана канчатковае абвінавачаньне

2006 2006-05-15T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 траўня сьледчыя пракуратуры Менску азнаёмілі экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна вылучана канчатковае абвінавачаньне. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла дачка палітыка Юлія Казуліна са спасылкай на адвакатаў. Паводле адвакатаў, яны разам з Аляксандрам Казуліным пачнуць знаёміцца з матэрыяламі справы з 17 траўня.

Адвакаты Казуліна кажуць, што істотных зьменаў у канчатковым абвінавачаньні няма: палітык па-ранейшаму абвінавачваецца за злоснае хуліганства падчас падзеяў 2 сакавіка й арганізацыю вулічных беспарадкаў на Дзень Волі. Найцяжкае пакараньне за гэткія злачынствы — 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабаронца Алег Волчак 2 сакавіка знаходзіўся побач з Аляксандрам Казуліным, калі той у менскім Палацы чыгуначнікаў спрабаваў зарэгістравацца на Ўсебеларускі сход, але быў зьбіты супрацоўнікамі спэцаддзелу міліцыі "Алмаз". Спадар Волчак, аднак, не выключае, што менавіта гэты эпізод у матэрыялы справы не патрапіў.

"Яны замоўчваюць гэты эпізод, бо ён — не на іхную карысьць. Ёсьць дастаткова сьведак і здымкаў, як б’юць Казуліна ў твар, як яго кідаюць на падлогу супрацоўнікі "Алмазу", нават вядомы іхныя прозьвішчы. Калі б гэты эпізод патрапіў у справу, дык давялося б суду даваць прававую ацэнку дзеяньняў Казуліна напярэдадні, разьбірацца: а што ж ён такое зрабіў, што давялося яго біць галавой аб падлогу. Няма й той жанчыны, якую Казулін, паводле першай вэрсіі, нібыта, зьбіў у Палацы культуры чыгуначнікаў. Не знайшлася гэтая жанчына. Таму хуліганства Казуліна, якое яму прыпісваюць, хіба, пачынаецца у райаддзеле міліцыі, дзе ён пабіў партрэт Лукашэнкі — з прысутнасьцю міліцыянтаў", -- расказаў Воўчак.

Другім эпізодам абвінавачаньня Казуліна ёсьць падзеі 25 сакавіка. Тады, пасьля мірнага мітынгу ў парку Янкі Купалы, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін павеў калёну мітынгоўцаў да турмы на Акрэсьціна, дзе ўтрымлівалі болей за 600 апазыцыянэраў і абаронцаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Каля тэатру музычнай камэдыі калёна была спынена амапаўцамі, адбылася сутычка, некалькі дэманстрантаў былі сур’ёзна паранены. Аляксандра Казуліна падчас тых падзеяў зьбілі, арыштавалі й завезьлі ў Жодзінскі ізалятар.

Казулін не прызнаваў сябе вінаватым адразу пасьля арышту, і ягоная пазыцыя не зьмянілася.

Сьледчыя зь менскай пракуратуры, якія вядуць справу Аляксандра Казуліна, кантактаваць з журналістамі адмаўляюцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства