Пасьля трох сутак арышту вызвалены з міліцэйскага пастарунку вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін

2006 2006-05-15T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Крупках пасьля трох сутак арышту сёньня вызвалены зь міліцэйскага пастарунку жыхар мястэчка Бобр, вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Яго падазраюць у пашкоджаньні помніка Герою Савецкага Саюзу Васілю Чабатарову.

Алесь Пушкін знаходзіўся ў пастарунку ад 12 траўня. Вось што ён распавёў Радыё Свабода наконт прычын затрыманьня:

Пушкін: "З 9 на 10 траўня здарылася цікавая падзея. Ёсьць у нас у Бобрскай школе помнік Герою Савецкага Саюзу, расейцу-“смершаўцу” Чабатарову Васілю, які ў вайне зьдзейсьніў, нібыта, подзьвіг. Але раней тата мой расказваў, што тая дывізія ЧК-НКВД рабіла вялікія падпалы ў Бабры. І на 61-м годзе вялікай перамогі нехта абліў гэты помнік чорнай фарбай. І прыляпілі надпіс "Далоў расейскіх акупантаў зь дзяржаўных пасадаў незалежнай Рэспублікі Беларусь!". У нас жа міліцыянты прастадушныя такія хлопцы. Яны думаюць сабе: "У каго ж чорная фарба ёсьць? У Пушкіна! Пушкін жа ў нас — адзіны мастак" Ну, схапілі. Шукалі фарбу. Пяць міліцыянтаў рабілі вобшук — у маёй хаце, у бацькавай. Шукалі за абразамі фарбу".

Але канфіскавалі, паводле Алеся Пушкіна, зусім іншыя рэчы: брашуры Зянона Пазьняка, газэты "Беларуская салідарнасьць" і "Наша ніва", часопіс "ARCHE", налепкі "Дзень памяці паўстанцаў 1863 году".

Мастак абураны сваім 3-суткавым зьняволеньнем:

Пушкін: "Пастаянна вяліся допыты. Некаторыя допыты ім не ўдаваліся, таму што я патрабаваў задаваць пытаньні па-беларуску. І нават падпалкоўнікі не валодалі дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь. Іх цікавіла, дзе я быў у гэты пэрыяд, у ноч з 9-га на 10-га, хто бачыў мяне з маіх знаёмых, з кім я сябрую. Дзяржаўны злачынца! Вось што здарылася ў гэтыя дні ў мястэчку Бобр".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international