viasna on patreon

У гадавіну рэферэндуму моладзевыя актывісты правялі некалькі акцый

2006 2006-05-15T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Менску 14 траўня падчас сьвяткаваньня афіцыйнага "Дня дзяржаўнага сьцяга і герба" (нагадаем, што 14 траўня 1995 году дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" ў выніку рэфэрэндуму былі замененыя на падпраўленую савецкую сімволіку) моладзь правяла некалькі акцый.

Моладзевыя актывісты з незарэгістраваных арганізацый "Малады фронт", "Моладзь БНФ", а таксама ўдзельнікі флэш-мобаў правялі талаку на Маскоўскіх і Вайсковых могілках. Магілы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Чыгрынава і Міхаіла Ткачова прыбралі і ўпрыгожылі бел-чырвона-белымі стужкамі і кветкамі. У парку імя Горкага некалькі сем’яў гулялі са сваімі дзецьмі. На іх былі значкі "За свабоду" і бел-чырвона-белыя шалікі. Дзеці трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Некалькі хлопцаў і дзяўчат замацавалі бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвах і будынках у цэнтры сталіцы, а таксама ў грамадзкім транспарце.

А 7 вечара каля Палаца спорту гарадзкія ўлады праводзілі афіцыйнае мерапрыемства. Туды былі сьцягнуты ўсе сілы міліцыі, спэцназ і спэцслужбы. Некалькі кардонаў спэцназу ахоўвалі людзей з дзяржаўнымі сьцягамі.

Спэцназаўцы затрымалі некалькі чалавек каля Палаца спорту са значкамі "За свабоду" і бел-чырвона-белымі стужкамі. Юнакоў трымалі больш за тры гадзіны. Усіх адпусьцілі, перапісаўшы спачатку пашпартныя зьвесткі, паведаміла Радыё Свабода.

У Салігорску ў гэты дзень на знак пратэсту супраць сьвята афіцыйнай сымболікі над горадам узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Сьцяг памерам 2 на 1 мэтар прымацавалі да балёнікаў зь геліем і запусьцілі ў паветра ў цэнтры гораду. Таксама адзін нацыянальны сьцяг быў вывешаны насупраць гарвыканкаму. Аднаго са сьведкаў падзеі, Уладзімера Шылу, спрабавалі зацягнуць у міліцэйскі аўтамабіль. А другога сьведку падзеі, Уладзімера Гарэлікава, зьвінавацілі ў публічнай лаянцы і пратрымалі ў пастарунку чатыры гадзіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства