viasna on patreon

Хроніка маўклівай рэвалюцыі: больш за 460 чалавек затрымалі ў Беларусі

2011 2011-06-22T19:24:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/02c68f0c-3f8f-4646-962c-febf4a2293d8w527s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за 220 затрыманых у Менску, сярод іх - моцна збітыя. Па папярэдніх звестках праваабаронцаў,  на 22 гадзіны ў Цэнтральным РУУСе Менска знаходзіцца каля 80 чалавек,  прыкладна 50 адвезлі ў Савецкі РУУС. У Фрунзенскім РУУСе - 26 чалавек. Адзін аўтобус накіравалі ў Ленінскі РУУС, высвятляецца агульная колькасць затрыманых.  Іх  56 чалавек. Адзін з аўтобусаў быў накіраваны ў Партызанскі РУУС.  У іншых гарадах Беларусі затрымана больш за 250 чалавек.

Задоўга да 6 гадзін вечара  спецназ пачаў агароджваць турнікетамі Кастрычніцкую плошчу. Турнікеты таксама выстаўленыя ўздоўж вуліцы Леніна аж да Нямігі. У двары за Кастрычніцкай плошчай заяжджаюць аўтобусы з супрацоўнікамі міліцыі ў форме.

17:33. Людзі, якіх спецназаўцы зганялі з Плошчы, паселі на парапеце ўздоўж вуліцы Энгельса (ля ўніверсама «Цэнтральны»). Цяпер спецназаўцы гоняць іх і адтуль у бок перахода да «Цэнтральнага». На пытанне, чаму гэта яны так робяць, адказваюць, што на Кастрычніцкай будзе праводзіцца мерапрыемства, і таму знаходзіцца там, ці сядзець на парапеце — нельга.

18:25. Міліцыянты спрабавалі затрымаць Юрыя Халезіна, брата кіраўніка «Свабоднага тэатру» Мікалая Халезіна. Юры Халезін крычаў міліцыянтам «Брава!» і пляскаў у далоні. Але журналісты пачалі здымаць інцыдэнт і фактычна ўратавалі спадара Халезіна ад затрыманьня. ("Наша ніва").

18.33. На плошчы затрымалі журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча. Два спецназаўцы павялі яго да аўтобусаў, што ля Палаца рэспублікі з боку Мінаблвыканкама. Журналіст спрабаваў вырывацца, стаў на калені. Яму выкруцілі рукі за спіну. Падбеглі яшчэ два спецназаўцы. Зараз Груздзіловіч у аўтобусе. ("Наша ніва").

18.40. Цягнікі метро мінаюць станцыю «Кастрычніцкая» не спыняючыся. Перакрытая і станцыя «Купалаўская». Затрымалі журналіста «Інтэрфакса» Руслана Рындзевіча. 

19-10. У Барысаве на цэнтральнай плошчы затрыманы праваабаронца Алег Мацкевіч.

19-20. У цэнтры Менску каля Кастрычніцкай плошчы затрымана некалькі дзесяткаў чалавек. Сярод іх - Ілля Петравец.

19-30. На Кастрычніцкай плошчы затрыманы відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Павел Падабед.

19-45. Спецназ выціскае людзей у бок Нямігі. На скрыжаванні праспекта Пераможцаў і Інтэрнацыянальнай, ля гатэля «Еўропа», стаіць каля паўтары тысячы чалавек. Пры іх — некалькі соцень міліцыі і спецназа. Па папярэдніх дадзеных затрымана больш за 30 чалавек. Затрыманы журналіст "Нашай нівы" Пілецкі Алесь.

19-50. На плошчы Свабоды ля францускай амбасады ў аўтазакі запіхваюць людзей. Два аўтазакі — поўныя. Міліцыянты па рацыі перамаўляюцца, што затрымалі 150 чалавек. (Радыё Свабода).

19-50. На праспекце Незалежнасці насупраць рэстарана "Гудвін" затрымалі карэспандэнта "НН" Алеся Пілецкага, які фатаграфаваў спецназаўцаў. Цяпер ён у аўтазаку. Там, апроч яго, 37 затрыманых. Сярод іх журналіст "Салідарнасці" Сяргей Балай, былы палітвязень Аляксандр Баразенка. ("Наша ніва")

19-55. Каля гастранома "Рублеўскі" на Нямізе міліцыя напакавала поўны аўтобус мінакоў, прыкладана 15 чалавек. Затрыманы Антон Жылко, 23 гады, Юрый Куўшынаў.  У Мінску збіты да крыві і затрыманы назіральнік БХК Ілля Петравец.

20-00. Быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС Субач Міхаіл.

20-05. Масавыя затрыманні пачаліся на праспекце Пераможцаў, каля Палацу Спорта. Сярод затрыманых  Макс Вінярскі.

20-45. Зараз міліцыя праводзіць аперацыю па затрыманні людзей на вуліцы Няміга ў Мінску ў раёне гандлёвага дому «На Нямізе». Там знаходзіцца некалькі міліцэйскіх аўтобусаў, у тым ліку для перавозкі міліцэйскага спецназа. Адзін аўтобус ("МАЗ" белага колеру з блакітнай паласой) курсіруе па вуліцы. Шмат спецназа на галерэі ўнівермага. Затрыманыя таксама Вера Паклонская, Іван Каліта, Аляксандр Івановіч, Павел Грышын, Аляксей Конаш.

Па папярэдніх звестках праваабаронцаў,  на 20-50 у Цэнтральным РУУСе Менска знаходзіцца каля 80 чалавек,  прыкладна ж столькі адвезлі ў Савецкі РУУС. У Фрунзенскім РУУСе - 26  чалавек. Адзін аўтобус накіравалі ў Ленінскі РУУС, высвятляецца агульная колькасць затрыманых. Іх 56 чалавек.

21:05 Сярод затрыманых — Дзьмітрый Буянаў, сын журналісткі Любові Лунёвай. Яго і іншых затрыманых паставілі на расьцяжку ў Цэнтральным РУУС. На затрыманых складаюць пратаколы. (Радыё Свабода)

21-30. Стала вядома, што ў Ленінскім РУУСе - 58 чалавек. Сярод іх Антон Жылко, Яўген Корсан, Павел Сасноўскі, Арсоба Станіслаў.

21-45. Міліцыянты адпусцілі з Ленінскага РУУСа, юнака, які хворы на грыжу. 

22-00. Знаходзяцца ў Цэнтральным РУУСе: грамадзянін Украіны Ашмарын Сяргей, Ксенія Лугавая, Славінская, Антон Шчукін, Яўген Корсак, Салаўёў, Яфімаў, Вашкевіч, Гаўрыленка, Гірыс, Кільман, Шаляпін, Кабас, Сёмухін, Гушча, Пятроў, Тукай, Балей, Анікееў, Баханько, Шэмелёў, Бяспалы, Самахвал, Хайкер, Тымлякоў, Шугалей, Карповіч, Белік, Кургановіч, Багушэвіч, Межык, Красулін, Рашчынскі, Жукаў, Аляксей і Андрэй Барэцкія, Шпілеўскі, Тагуноў. (Радыё Свабода).

22-05. У Фрунзенскім РУУСе - 26 чалавек. Сярод іх Самцановіч Зміцер і Ісачэнка Сяргей. Яны паведамляюць, што сярод іх ёсць моцна збітыя. Міліцыя абяцала, што на траіх затрыманых будуць складзеныя пратаколы. Астатніх павінны проста адпусціць.

22-08. У Ленінскім РУУСе - Вашкевіч Сяргей, Цеплякоў-Шугалёў Даніл, Кашчэеў Алесь, Дварэцкі Аляксей, Дварэцкі Андрэй, Шчукін Антон, Салаўёў-Ефімаў Зміцер, Корсак Яуген, Хільман Ігар, Пятроў Дзяніс, Коба Алег, Сімухін Алесь, Бяспалы Сяргей, Мяжоў Раман, Сушчык Канстанцін, Тукай Алесь, Хайкін Філіп, Сасноўскі Павел, Лагавая Ксенія, Белік Алег, Шылягін Сяргей, Янкоўскі Ілля, Рашчынскі Арцём, Скрыдлеўскі Яўген, Нарушэвіч Міхаіл. Іх адпусцілі без складання пратаколаў.Сяргею Вашкевічу выклікалі Хуткую.

22-15. З Цэнтральнага РУУСа вызвалілі назіральніка БХК Іллю Петраўца, у якога зламаны нос, і Дзьмітрыя Буянава.

МАЛАДЭЧНА. Удзельнікі акцыі ў Маладзечна паведамілі «НН», што ў горадзе хапун. Міліцыя затрымлівае і змяшчае ў аўтазакі амаль усіх, хто спрабуе прайсці на Плошчу. Пакуль дакладная лічба затрыманых невядомая. Сведкі адзначаюць, што сёння людзей у Маладзечна выйшла болей, чым тыдзень таму. Затрыманы Ўладзімер Шульжыцкі зь сябрамі, а таксама журналіст Яўген Сухаверхі. Усяго каля 40-ка чалавек.

ВІЛЕЙКА. Сярод затрыманых удзельнікаў маўклівай акцыі – Уладзімір Малярчук, Алесь Наркевіч, Міхась Кулеш, Аляксей Чарапан. Усяго - 14 чалавек.

ВІЦЕБСК. Стала вядома, што ў Віцебску затрымана мінімум 4 чалавекі.  У Віцебску было затрымана некалькі чалавек яшчэ да 19:00 гадзін. Іх пагрузілі ў міліцэйскі аўтобус на скрыжаванні вуліц Леніна і Жасткова. Па розных ацэнках відавочцаў, на плошчы Перамогі сабралася ад 100 да 200 чалавек, якія былі разбітыя на дзве купкі — уздоўж Маскоўскага праспекта і вуліцы Жасткова. Віцябляне гулялі па плошчы, адпачывалі на лаўках, абдымаліся і цалаваліся.

ЖОДЗІНА. Удзельнік акцыі ў Жодзіна паведаміў «НН», што на дзве гарадскія плошчы агулам выйшла 70 чалавек. На мінулым тыдні было 19 чалавек. Каля ДК БелАЗ адбыліся затрыманні. Затрымана мінімум 5 чалавек. Сярод іх мясцовы журналіст Сяржук Салавей. Цяпер прыгналі палівальныя машыны для мыцця плошчы, людзі гуртуюцца ля помніка Леніна. Затрыманая Вікторыя Равінская. Усяго затрымана 18 чалавек.

СЛУЦК. Чытачы "Нашай нівы" паведамляюць, што ў Слуцку прыкладна 25 затрыманых чалавек. Усяго ў акцыі ўзяло блізу 40 чалавек. Гэта болей, чым тыдзень таму.

БЕРАСЦЕ. Плошчу Леніна ў Брэсце агарадзілі турнікетамі. Там праходзіць спартовае мерапрыемства — абласныя спаборніцтвы, прысвечаныя 70-годдзю пачатку абароны Брэсцкай крэпасці і Міжнароднаму алімпійскаму дню. Колькасць людзей у пагонах на самой плошчы, прылеглых вуліцах і панадворках — зашкальвае. Дзяжурыць аўтазак. 500 чалавек накіроўваюцца ў бок ЦУМа. Натоўп расцягнулася ад бара «Візіт» да к/т «Беларусь». Прэвентыўна каля ЦУМу былі затрыманыя Зміцер Шурхай і Ігар МІшкоў. 7 чалавек затрымалі каля плошчы Леніна. Сярод іх - Сяргей Вакуленка і Міхаіл Ільін. Усяго затрымалі 9 чалавек.  Па новых звестках колькасьць затрыманых перавышае 40 чалавек. Журналісты Зміцер Босак і Станіслаў Каршуноў.

ГАРОДНЯ. Больш за тысячу чалавек сабраліся разам у Гародні. Міліцыя пакуль не перашкаджае.Затрыманы Ігар Банцар, Фралоў Андрэй. У Гродна затрымалі журналіста Аляксандра Саенку і фотакарэспандэнта Яўгена Бузука. Усяго затрымана 15 чалавек. Журналісты Барыс Чарняўскі і Агнешка Ліхтаровіч.

МАЗЫР. На плошчы Леніна тут сабралася 50 чалавек. «Хвілін праз 10 пад’ехаў аўтазак і 3 міліцыйскія „Жыгулі“. Не менш за 10 чалавек забралі. Падхапілі, заламвалі рукі і ў аўтазак. Астатніх адцяснілі да рэчкі», — піша Ганна Багінская.Усяго ў Мазыры затрымана 22 чалавекі. Сярод іх - Аляксандр Кавальчук.

БЯРОЗАЎКА. Удзельнікаў акцыі затрымалі. Цяпер у мясцовым пастарунку знаходзіцца 7 чалавек. Сярод іх актывіст Сяргей Трафімчык, журналіст Панямонаў Андрэй.  Ён паведаміў што ў Бярозаўцы Лідзкага раёна на сацыяльную акцыю сабралася каля 30 чалавек. Прастаялі нядоўга, іх адразу пачалі затрымліваць супрацоўнікі міліцыі. Тых, хто не зьмясьціўся ў машыну, павялі ў пастарунак пешшу.Усяго затрымалі 19 чалавек.

ВАЎКАВЫСК. Людзі сабраліся а 18:45 у сквэры ля вечнага агню, усклалі кветкі. А 18:55, калі людзі рушылі да плошчы Леніна, пад’ехалі міліціянты і затрымалі 43 чалавекі. Усяго бралі ўдзел 67 чалавек. Затрыманых завезьлі ў мясцовы РУУС, дзе пасьля праверкі дакумэнтаў адпусцілі без складаньня пратаколу.

САЛІГОРСК. Перад 19-й гадзінай затрымалі грамадзкую актывістку Ларысу Насановіч. Сярод затрыманых грамадзкія актывісты Сьвятлана і Уладзімір Шыла, Павал Батуеў,  маладафронтавец Андрусь Тычына, а таксама праваабаронца Леанід Мархотка. Агулам было затрымана 15 чалавек. Праз дзьве гадзіны пасьля пачатку акцыі ўсе затрыманыя былі вызвалены без складаньня пратаколаў. Міліцыі затрымоўвала грамадзкіх актывістаў яшчэ перад акцыяй. На самой плошчы затрымалі пяць удзельнікаў. Пасьля гэтага сваю акцыю ў цэнтры гораду правёў праўладны БРСМ.

КАЛІНКАВІЧЫ. Затрыманы адзін з удзельнікаў акцыі. 

МАГІЛЁЎ. Праваабаронца Барыс Бухель паведаміў «Свабодзе»: «У Магілёве добрая дынаміка актыўнасьці людзей на акцыі „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку“: у мінулую сераду на пляцоўцы насупраць плошчы Леніна сабраліся 200 чалавек, а сёньня — 300. Акрамя таго, шмат аўтамабілістаў. Даішнікі нават выйшлі на дарогу, сталі перапісваць нумары аўтамашын, вадзіцелі якіх сыгналілі. Удзельнікаў акцыі міліцыянты не чапалі, нікога не затрымлівалі».

СВЕТЛАГОРСК. У Светлагорску на гэты раз на цэнтральнай плошчы горада сабралася 50 чалавек. Тыдзень таму было 30. Усё прайшло без затрыманняў.

ГОМЕЛЬ. У другой палове дня да плошчы Леніна звезлі металічныя агароджы, а паміж 17:00 і 18:00 там з'явіліся аўтамабілі МНС і цэлыя натоўпы курсантаў у адпаведнай форме. Як аказалася, для таго каб не дапусціць пападання людзей на плошчу, яе вырашылі выкарыстаць для таго, каб адсвяткаваць выпуск вучылішча МНС. Між 18:00 і 19:00 гадзінамі плошча была цалкам перагароджана, у ачапленне былі выстаўлены супрацоўнікі міліцыі. Міліцыі было вельмі шмат у ваколіцах, у дварах відавочцамі быў заўважаны грузавік з вайскоўцамі ўнутраных войскаў. Па розных ацэнках, у скверыку і ля фантана ў Белтэлекама сабралася ад 700 да тысячы чалавек. Такім чынам, нават з пункту гледжання масавасці акцыя цалкам атрымалася. Затрыманая журналістка Ларыса Шчыракова.

КОБРЫН. Па словах удзельнікаў акцыі, у Кобрыне на акцую маўклівага пратэсту выйшла каля 100 чалавек. Гэта ў 2-2,5 разы больш, чым тыдзень таму. За акцыяй назіралі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Яны здымалі людзей, якія гуляюць па вуліцах, на відэа і спрабавалі ўпэўніць іх у тым, што трэба тэрмінова разыйсціся. Калі прысутныя адмовіліся, міліцыянты пачалі правяраць у іх дакументы.

СМАЛЯВІЧЫ. У Смалявічах больш за 10 затрыманых, ёсць і непаўнагадовыя. Адзін са смалявіцкіх актывістаў схоплены ў Мінску. (Еўрапейскае радыё).
Сярод затрыманых дакладна вядомыя прозвішчы: Яўген Саблеў і Ягор Драгун

БАБРУЙСК. У Бабруйску на "маўклівай акцыі" прысутнічала больш людзей, чым у мінулы раз. Па сціплых падліках каля 500-600 чалавек. Ніхто не затрыманы.(Еўрапейскае радыё).

БАРЫСАЎ. Затрымана  48 чалавек. Былі затрыманыя з малалетнімі дзецьмі. Сярод затрыманых праваабаронца Алег Мацкевіч.

БЯРОЗА. На Плошчы Леніна сабралася звыш 30 чалавек. У Бярозе акцыя прайшла без затрымання. Было вельмі шмат міліцыі і супрацоўнікаў КДБ у цывільным. Міліцыянты здымалі прысутных на відэакамеру. Людзі разыйшліся.

ПІНСК. Тут на плошчы сабралася  каля 150 чалавек. Міліцыя правярала пашпарты. Некалькі (трое) непаўналетніх затрымалі.

ЖЛОБІН. Упершыню тут сабралася каля 70 чалавек. Прэвентыўна затрыманы 1 удзельнік акцыі.

ЛІДА. У Лідзе міліцыянты разьбілі галаву Сяргею Карпенку — журналісту, які супрацоўнічае зь «Белсатам». На плошчы ў горадзе сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, Сяргей быў з жонкай, нічога не здымаў, але яго схапілі міліцыянты, закінулі ў аўтобус. Пазьней яго адпусьцілі, ён зьвярнуўся ў больніцу, дзе яму наклалі тры швы на галаве.

БАРАНАВІЧЫ. "Маўклівая акцыя" ўвечары 22 чэрвеня сабрала ў Баранавічах каля 200 чалавек. Гэта было ў 10 разоў болей, чым тыдзень таму. Па заканчэнні акцыі міліцыянты затрымалі толькі аднаго моладзевага актывіста Алеся Краўчэню. У яго перапісалі пашпартныя звесткі ды запатрабавалі сцерці фотаздымкі міліцыянтаў і ўдзельнікаў акцыі. Адпусцілі хлопца без пратаколу.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства