Аналіз праблемаў беларускіх незалежных СМI, змешчаны ў газэце "Витебский курьер"

2006 2006-05-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цуглi для СМI

"Не чытайце перад абедам савецкіх газет", - раіў прафесар Прэабражэнскі з рамана "Сабачае сэрца" Міхаіла Булкагава. "Дык іншых жа няма", - зазначыў доктар Барменталь. У гэткім жа становішчы сёння апынуліся беларусы, калі альтэрнатывы прапагандысцкім СМІ практычна няма. 3 траўня адзначаўся Сусветны дзень свабоды друку, а сёння, 5 траўня, - Дзень друку. Ёсць нагода паразважаць: чым адрозніваюцца беларускія дзяржаўныя газеты ад недзяржаўных?
Не будзем рубіць з пляча, сцвярджаючы, што дзяржаўныя СМІ сеюць ману, а незалежныя - нясуць аб'ектыўную інфармацыю. Усё гэта вельмі спрэчна. Спрадвечна ў гісторыі кожная сіла мела сваю інтэрпрэтацыю праўды. І толькі рэдактары і журналісты ведаюць, што верыць на 100 адсоткаў газетам - ніякім - па вялікаму рахунку нельга. На думку аўтара, істотных адрозненняў усяго некалькі.
1. Дзяржаўныя газеты часта пішуць слова "Бог" з малой літары, а "прэзідэнт" - з вялікай. Тым самым перайначваюць на свой лад правілы арфаграфіі, нават сюды ўносячы палітыку. Прэзідэнт - гэта назва пасады. І, згодна правапісу, гэтае слова, як і іншыя з дадзенага шэрагу - міністр, дырэктар, загадчык, начальнік, - пішацца з малой літары. Што тычыцца Бога, няхай супрацоўнікі гэтых газет адкрыюць Біблію. Можа, што святое ў іхніх душах абудзіцца. А то нават вера ў іх у пазыкі пайшла.
2. Недзяржаўную прэсу выкінулі з шапікаў і каталогаў, улады прыраўнялі яе да нелегальшчыны. Чытачы атрымліваюць "НВ", "НН", "ВК" і г.д. у канвертах, якія дасылаюць рэдакцыі. Бывае, нумар, пакуль дойдзе да чытача, ужо паспее састарэць. За любімым выданнем людзі вымушаны дабірацца на рынак ці ў іншае пэўнае месца, часта далёкае ад дому. На дзяржаўныя ж газеты прымушаюць падпісвацца, яны цалкам "прыватызавалі" шапікі і знаходзяцца там навідавоку. Толькі... У сталіцы моладзь рвала на шматкі "СБ" і кідала ў сметніцу. А ў Віцебску аднойчы чула, як мужчына сталага веку заявіў кіяскёрцы: "Не трэба мне вашых савецкіх газет! Куды нармальныя пасля новага году падзеліся?.."
3. Нам працаваць весялей і цікавей. Бо журналістаў дзяржаўных СМІ запрашаюць на сумныя афіцыйныя "прэсухі", дзе чыноўнікі агучваюць лічбы "стабільнага росту". Там можна заснуць на пятай хвіліне. Удзельнікі такіх прэс-канферэнцый самі не вераць у тое, што кажуць, але вы б бачылі, які ў іх сур'ёзны выгляд твару. Часта ледзь стрымліваеш смех і толькі таму не засынаеш. Пра тое, як дэкларуемыя "тэмпы росту" адбіваюцца на жыцці простага беларуса, гэтыя чыноўнікі ніколі не думалі. Нас, карэспандэнтаў незалежных газет, на такія мерапрыемствы і раней запрашалі рэдка, цяпер - ніколі. А калі прыйдзеш у чыйсьці кабінет няпрошаным госцем, сустрэнуць цябе кісла, а то і агрэсіўна. Таму мы не чакаем, пакуль чыноўнік прынясе нам на сподачку інфармацыю, ідэалагічна ўзгодненую і тысячу разоў прасеяную. А знаходзім патрэбныя звесткі іншымі шляхамі і часта знаходзімся сярод простых людзей. Журналістка дзяржаўнай газеты, вымушана ідучы ў народ, грэбліва апране сваю самую горшую шубу. А "нячэсныя" карэспандэнты размаўляюць з простым чалавекам не па загадзе рэдактара, а з задавальненнем. І вельмі нядрэнна выглядаюць у дэмакратычных джынсах і красоўках.
Бадай, адзіная цяпер выспачка Свабоды ў Віцебску - у раёне "сіняга" дома, дзе ў незалежнага распаўсюдніка Барыса Хамайды можна набыць "ВК", "НВ", "НН". Улады, думаючы, што адрэжуць нам шлях да чытачоў, наадварот, наблізілі журналістаў да народу. Амаль штодзённа размаўляючы з людзьмі, якія купляюць тут "Кур'ер", мы пазнаёміліся з многімі нашымі чытачамі, ведаем іхнія праблемы і тое, пра што ім хацелася б чытаць. Гэта вельмі каштоўна для журналіста.
4. Прыкра, але самацэнзура не дае даносіць да вас, дарагія чытачы, і паловы інфармацыі, якой мы валодаем. Журналіст незалежнай газеты яшчэ перад тым, як здаць матэрыял рэдактару, падумае разоў сто: а ці не падпадзе ён пад такі або гэтакі караючы артыкул заканадаўства? А карэспандэнту, які працуе на дзяржаўны СМІ, і сам чорт не страшны. Абалье кагосьці брудам, і амаль ніколі адказнасці не панясе. Увогуле ён абірае прыемныя тэмы і асвятляе толькі станоўчыя бакі жыцця грамадства. Але да пары збан ваду носіць: вушка разарвецца - збан разаб'ецца.
5. Дзяржаўныя газеты Беларусі пачатку XXI стагоддзя мала адышлі ад савецкіх. Па-першае, яны з'яўляюцца не столькі сродкамі інфармацыі, колькі сродкамі прапаганды. Па-другое, іхні прафесійны ўзровень даволі нізкі. Адзін "нячэсны" журналіст-універсал, які ўдала піша, вярстае, фатаграфуе, распаўсюджвае газету, можа замяніць сабой чвэрць рэдакцыі дзяржаўнай газеты, дзе кожны супрацоўнік выконвае толькі адну канкрэтную задачу. Па-трэцяе, чым толькі ўжо мы не загартаваныя: можам фіксаваць падзеі нават тады, калі нас б'е спецназ. А што зрабілі бэтэшнікі, калі народ пачаў закідваць іх снежкамі? Адразу разбегліся! Хіба ж гэта журналісты?
Але ёсць момант, які, на жаль, аб'ядноўвае практычна ўсе друкаваныя медыя краіны: змяшчаецца вельмі мала артыкулаў па-беларуску. Пры гэтым улады хочуць закрыць "Нашу ніву", адзіную цалкам беларускамоўную незалежную газету. Мінгарвыканкам палічыў "немэтазгодным" знаходжанне гэтага выдання ў сталіцы. Ціск адбываецца напярэдадні 100-годдзя газеты, адным з рэдактараў якой быў Янка Купала. "НН" вытварыла беларускую літаратурную мову і класічную літаратуру, нашу дзяржаўніцкую ідэю. Зараз газета просіць Міністэрства культуры Літвы хадайнічаць перад ЮНЕСКА пра ўнясенне "Нашай нівы" у "Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва".
Таццяна ЧАБАТАРОВА.
(09.05.2006, "Витебский курьер" № 34 ад 05.05.2006)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international