Адміністратыўная справа на віцебскага выдаўца бюлетэню "Покліч волі" Сяргея Салодкіна закрытая

2006 2006-05-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сяргей Салодкін ужо некалькі гадоў выдае за ўласныя сродкі грамадзка-палітычны бюлетэнь, які распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых.
16 сакавіка віцебскія міліцыянты, спасылаючыся на паступіўшы з боку суседзяў сігнал, пры адсутнасьці гаспадара ператрэсьлі хату Сяргея Салодкіна і склалі на яго пратакол за выдаваньне і распаўсюд незарэгістраванага бюлетэню "Покліч волі". Да таго ж яны палічылі, што матэрыялы газэты "шкодзяць дзяржаўнаму ладу і грамадзкаму парадку" — так было запісана ў пратаколе. Сам спадар Салодкін не выключае, што інтарэс міліцыянтаў быў абумоўлены ягонай палітычнай дзейнасьцю — ён сябар Аб'яднанай грамадзянскай партыі і актывіст ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча.

4 траўня рэдактара і выдаўца газэты выклікалі на адміністратыўную камісію ў Чыгуначны райвыканкам Віцебску, паведаміла радыё Свабода.
Выказаўшы незадавальненьне з прычыны таго, што на пасяджэньне камісіі зьявіліся незалежныя журналісты, адказны сакратар Натальля Сівакова абвінаваціла спадара Салодкіна ў жаданьні "наладзіць шоў з удзелам сваёй асобы". Але камісія з пяці чалавек урэшце прызнала, што абвінавачаньні міліцыянтаў у антыдзяржаўным і антыграмадзкім зьмесьце газэты "Покліч волі" не пацьвердзіліся. Таму адміністратыўную справу камісія вырашыла закрыць.

Сакратар камісіі спадарыня Сівакова паведаміла, што ўсе дакумэнты будуць перададзеныя ў райаддзел міліцыі, каб там мелі магчымасьць перакваліфікаваць абвінавачаньне Сяргея Салодкіна. Падставай для гэтага можа стаць, да прыкладу, колькасьць сканфіскаваных асобнікаў незалежнага выданьня: паводле "Закону аб друку", наклад незарэгістраванага выданьня ня мусіць перавышаць 300 асобнікаў, а ў спадара Салодкіна забралі больш за тры сотні нумароў. Гэта былі два наклады двух розных нумароў, падлічаныя міліцыянтамі і зафіксаваныя ў пратаколе як адзін.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international