viasna on patreon

Кіраўніка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча звольнілі з пасады дацэнта на філалагічным факультэце БДУ

2006 2006-04-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пагроза звальненьня над Пашкевічам вісела даўно, яшчэ з таго часу, як ён актыўна заангажаваўся ў палітычную кампанію А.Казуліна. На факультэце, як кажа Пашкевіч, вакол яго пачала штучна стварацца нэгатыўная атмасфэра. Каб не працягваць гістэрыі, кіраўнік СБП прапанаваў «мірнае пагадненьне»: ён напісаў заяву на звальненьне «па ўзгадненьні бакоў» (бо працуе на кантракце), але не праставіў даты. У кіраўніцтва філфаку ён папрасіў магчымасьці дачытаць да канца навучальнага году курсы, якія вядзе ў студэнтаў, а зь верасьня 2006 г. меўся сысьці.

Аднак 17 красавіка Пашкевіча выклікалі ў аддзел кадраў БДУ і прапанавалі прыкласьці подпіс пад загадам пра звальненьне і забраць працоўную кніжку. На заўвагу Пашкевіча, што заява не аформленая належным чынам і ніякага «ўзгадненьня бакоў» не было, кадравічка толькі сьцепанула плячыма.

Куды цяпер падавацца на працу, Алесь яшчэ ня ведае. Кажа, што падумаць пра гэта не пасьпеў, бо ўвесь час забірае падрыхтоўка да судовага працэсу: Мін’юст зьбіраецца ліквідаваць найстарэйшы творчы саюз Беларусі. (Пачатак працэсу - 28 красавіка а 10.00 ў Вярхоўным судзе.) Аднак здавацца Пашкевіч не зьбіраецца і разглядае магчымасьць суду супраць БДУ за незаконнае звальненьне, паведаміла "Наша Ніва".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства