Рэдактара "раёнкі” зрабілі Чалавекам

2011 2011-04-29T16:39:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/adzinstva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Учора старшыня Мінскага абласнога выканкама Барыс Батура ўзнагародзіў спецыяльнай прэміяй Мінаблвыканкама "Чалавек года Міншчыны" рэдактара барысаўскай райвыканкамаўскай газеты “Адзінства”.

"Пераможцы вызначаны з вялікага ліку прэтэндэнтаў, быў пільны адбор, перавага аддадзена тым, хто здзейсніў на практыцы эфектыўныя ідэі і асабістым удзелам садзейнічаў ажыццяўленню дзяржаўных задач", - адзначыў старшыня Мінаблвыканкама, падчас узнагароджання прэміяй "Чалавек года Міншчыны" сярод яшчэ 19 пераможцаў і рэдактара Барысаўскай "раёнкі" Веру Пратасевіч.

Па ўсёй бачнасці, аблвыканкам ацаніў "рэалізацыю на практыцы эфектыўных ідэй і садзейнічанне ажыццяўленню дзяржаўных задач" рэдактара, чыё выданне ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі 2010 года дамаглося азначэння: "газета не з'яўляецца сродкам масавай інфармацыі, застаючыся сродкам агітацыі і прапаганды існуючага пакуль рэжыму". Толькі адзін раз за ўсе тры месяцы перадвыбарчай кампаніі ў друкаванай версіі выдання былі згаданыя имёны дзевяці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Газета тады надрукавала рашэнне ЦВК аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты з паіменным пералікам. Яшчэ адно "дасягненне" рэдактара Пратасевіч: на працягу ўсёй перадвыбарчай кампаніі газета друкавала (і мноства разоў) імя аднаго прэтэндэнта, а потым і кандыдата - Аляксандра Лукашэнкі.

Пры гэтым "Адзінства" не забывалася шальмаваць апазіцыю. Чаго каштавалі публікацыі пра нейкага неназванага апазіцыянера, які замахваецца з сякерай на жыццё неназванай жа жанчыны, або аповед пра «зласлівых» «праўдалюбцаў» (так яны названыя ў газеце), якія нібыта прыцягвалі непаўнагадовую школьніцу да распаўсюду друкаваных матэрыялаў кампаніі «Гавары праўду!».

Мабыць, менавіта за гэта, як сказаў Батура, "дзяржава падтрымлівае і высока цэніць працу сваіх грамадзян, якія ўносяць найбольшы ўклад у развіццё краіны".

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства