viasna on patreon

Журналіст Уладзімір Лапцэвіч абскарджвае дзеянні суддзі і адказ старшыні Ленінскага раённага суда

2011 2011-04-20T14:30:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lapcevichuiadzimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лапцэвіч

Уладзімір Лапцэвіч

Журналіст “БелаПАН” Уладзімір Лапцэвіч 19 красавіка накіраваў скаргу начальніку галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандру Маймусаву з нагоды дзеянняў суддзі Ленінскага раённага суда г.Магілёва спадарыні Ланчавай, а таксама ў сувязі з адказам старшыні гэтага суда спадарыні Кужалевай.

Уладзімір Лапцэвіч патрабуе прыцягнуць да адказнасці суддзю Ланчаву. Нагоду для гэтага журналіст бачыць у парушэнні тэрмінаў афармлення яго справы, а таксама скандале, выкліканым яго патрабаваннем азнаёміцца з матэрыяламі справы.

“28 сакавіка гэтага года я быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе арышту на сем сутак, - гаворыць Уладзімір Лапцэвіч. - 1 красавіка у 17.00 я быў вызвалены з ізалятару часовага ўтрымання пасля адбыцця арышту. У той жа дзень завяршаўся пяцідзённы тэрмін абскарджвання пастановы суда аб маім адміністратыўным пакаранні. Таму я адразу паехаў у суд, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы і пратаколам судовага пасяджэння. Каля 17.30 я быў у судзе. Аднак там высветлілася, што матэрыялы справы яшчэ не падшыты і не пранумараваны, а пратакол не падпісаны”.

Па словах Уладзіміра, суддзя Ланчава прапанавала яму азнаёміцца з непадшытымі матэрыяламі справы, дзе не было нумарацыі.

“Я адмовіўся і запатрабаваў, каб мне прадаставілі цалкам аформленую справу, паколькі трохдзённы тэрмін, абазначаны ў ч.3 арт.11.8 ПВКаАП, на яе афармленне ўжо мінуў, - адзначае журналіст. - Суддзя Ланчава заявіла, што трэба пачакаць, пакуль аформіцца справа. А потым, каля 17.45, запатрабавала напісаць заяву на азнаямленне са правай. Адпаведная заява была мною адразу напісаная, але суддзя Ланчава заявіла, што яшчэ трэба пачакаць і яна мяне пакліча. У 17.55, калі я настойліва запатрабаваў даць мне магчымасць азнаёміцца са справай, суддзя Ланчава заявіла, што ўжо завяршаецца працоўны дзень. Толькі пасля скандалу яна ўсё ж прадаставіла мне для азнаямлення падшытыя і пранумараваныя матэрыялы справы з падпісаным пратаколам. Адзначу, што там адсутнічаў вопіс матэрыялаў справы. Суддзя Ланчава пачала хлусіць, што я нібыта толькі што падаў заяву. З прычыны такога стаўлення да мяне я быў вымушаны напісаць скаргу ў кнігу заўваг і прапаноў”, - працягвае Лапцэвіч.

У адказе, які Уладзімір атрымаў на сваю скаргу ад старшыні суда спадарыні Кужалевай, гаворыцца, што, нібыта, ён скардзіцца на непрадастаўленне яму матэрыялаў справы, а насамрэч ён азнаёміўся са справай, пра што сведчыць яго распіска.

“Я не скардзіўся на непрадастаўленне матэрыялаў справы, а скардзіўся на тое, што яны былі прадастаўлены мне са скандалам, а таксама на тое, што быў парушаны тэрмін афармлення справы, - гаворыць Уладзімір Лапцэвіч. - Суддзя Ланчава адмыслова цягнула час, каб выканаць патрабаванні закона аб неабходнасці афармлення справы і не даць мне магчымасць абскардзіць пастанову суда ў вызначаны законам тэрмін. У выніку знаёміцца са справай і фатаграфаваць яе я пачаў толькі пасля 18.00, калі працоўны дзень у судзе быў скончаны. Таксама я не здолеў цалкам адлюстраваць усе свае заўвагі па справе у скарзе ў Магілёўскі абласны суд”.

“Праваабрончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства