viasna on patreon

Забарона пікетаў абскарджваецца ў судзе

2011 2011-04-19T10:53:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palac-magiliou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Учора, 18 красавіка, магілёўскія дэмакраты падалі скаргу ў суд Ленінскага раёна Магілёва з нагоды забароны пікетаў, якія яны збіраліся правесці з 25 па 27 сакавіка. Сярод тых, хто падпісаўся пад заявай - намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Юры Новікаў, юрыст-консульт Свабоднага прафсаюза Беларускага Сяргей Фамін, лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў і актывіст Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Анатоль Заўялаў.

Заяўнікі просяць прызнаць незаконным рашэнне кіраўніка справамі Магілёўскага аблвыканкама спадара Аўсеенкі аб адмове ў правядзенні пікетавання, прызнаць незаконным і адмяніць рашэнне Магілёўскага гарвыканкама “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”, вынесці прыватнае вызначэнне на адрас Магілёўскага гарвыканкаму з нагоды існуючай практыкі падпісання неналежнай службовай асобай рашэнняў па заяўках грамадзян аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Таксама зяўнікі просяць суд абавязаць Магілёўскі гарвыканкам надрукаваць у газеце “Веснік Магілёва” рашэнне суда пасля ўступлення яго ў законную сілу, а таксама абавязаць Магілёўскі гарвыканкам прадставіць у суд копіі і арыгіналы сваіх рашэнняў, а таксама рашэнняў адміністрацый Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада аб прадастаўленні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў падчас адпаведных выбарчых кампаній 2010 года.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што рашэнне гарвыканкаму пярэчыць дзеючаму заканадаўству і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

-- Нашыя чыноўнікі плююць на Канстытуцыю і міжнародныя дакументы. Аднак у нашым заканадаўстве пазначана, што міжнародныя дакументы з’яўляюцца часткай нашага беларускага заканадаўства, - гаворыць праваабаронца, - паводле Канстытуцыі дзяржавай гарантуецца правядзенне свабоды мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян. Акрамя гэтага, - адзначае Барыс Бухель, -  актывісты абскарджваюць незаконную адмову кіраўніка справаў Маггарвыканкама спадара Аўсеенкі. Ён, увогулле, не меў права разглядаць заяву і ставіць свой подпіс пад адказам, бо існуе закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, дзе ў артыкуле 6 закона сказана, што кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, альбо яго намеснік маюць права разглядаць заявы аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.  

Праваабронца таксама падкрэслівае, што адзінае месца ў Магілёве для правядзення масавых мерапрыемстваў – стадыён па вуліцы Чалюскінцаў побач з былым палацам культуры завода штучнага валакна ім Куйбышава не адпавядае патрабаванням правядзення масавых мерапрыемстваў.

-- Стадыён фактычна на ўскрайку горада. Побач з ім няма жылых дамоў – людзі там фактычна не ходзяць і праводзіць там любое масавае мерапрыемства не мае сэнсу, бо пра яго амаль ніхто не даведаецца. Наяўнасць адзінай пляцоўкі для правядзення такога кшталту мерапрыемстваў для горада з амаль 360-тысячным насельніцтвам -- нонсэнс, - гаворыць Барыс Бухель.     

Нагадаем, што 13 магілёўскіх дэмакратаў падалі заяўку ў гарвыканкам на правядзенне пікетаў. Актывісты дэмруху мелі намер з 25 па 27 сакавіка правесці тры пікеты. Мэтамі гэтых пікетаў было патрабаванне вызвалення экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Міколы Статкевіча і Андрэя Саннікава, а таксама спынення крымінальнага пераследу ўсіх экс-кандыдатаў у прэзідэнты і актывістаў, якія былі арыштаваны за ўдзел у мірных акцыях пратэсту пасля выбараў 19 снежня 2010 года; патрабаванне правядзення раследвання па фактах фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў; пратэст супраць ужывання катаванняў і бесчалавечнага абыходжання с затрыманымі і тымі, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам; а таксама пратэст супраць пераследу актывістаў палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

Актывісты прасілі гарвыканкам дазволіць правядзенне гэтых пікетаў на пляцоўцы каля “Цэнтральнага дома быта”, на плошчы Зорак і каля магілёўскай абласной управы КДБ, аднак у гэтым ім было адмоўлена.

 “Праваабрончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства