Мінінфармацыі вынесла папярэджанні «Нашай Ніве» і «Народнай волі»

2011 2011-04-16T19:04:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Міністэрства інфармацыі Беларусі 14 красавіка накіравала на адрас рэдакцыі «Нашай Нівы» папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння норм закона «Аб СМІ», — паведаміла сёння БелТА са спасылкай на Мінінфармацыі.

Падставай для папярэджання «Нашай Ніве» стала «публікацыя на старонках газеты непраўдзівай інфармацыі пра тое, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка знаходзілася на станцыі да позняга вечара», — патлумачылі ў ведамстве. «Па меркаванні Мінінфарма, распаўсюд гэтай інфармацыі наносіць шкоду грамадскім інтарэсам, дыскрэдытуе органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы, што бралі ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым у выніку тэракту», — піша БелТА.

А 15 красавіка Мінінфармацыі вынесла папярэджанне рэдакцыі «Народнай волі» — «у сувязі з распаўсюдам выданнем звестак, не адпаведных рэчаіснасці і зневажальных для дзелавой рэпутацыі Белтэлерадыёкампаніі». «Факт распаўсюду такіх звестак быў устаноўлены 13 красавіка рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суда», — удакладнілі БелТА ў Міністэрстве.

Прадстаўнікі абедзьвюх рэдакцый ужо адрэагавалі на навіну пра папярэджанне.

«Наша Ніва» ў рэдакцыйным каментары заявіла, што яно стала «натуральным працягам палітыкі, скіраванай на абмежаванне прасторы для дзеяння незалежных СМІ».

Выданне падкрэслівае, што ў гісторыі з дзяўчынай Марынай Шубіч дагэтуль застаюцца няяснасці. Бо, паводле рэдакцыі, вартыя даверу крыніцы кажуць, што пацярпелая на станцыі метро «Кастрычніцкая» дзяўчына трапіла ў лякарню позна ўвечары, а лекары і афіцыйныя асобы гэта абвяргаюць.

«Калі ж канчаткова выявіцца, што газета дапусціла памылку, дык мы дамо ўдакладненне. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Так, нават кампетэнтныя органы спачатку памылкова ўключылі дзве асобы ў спіс памерлых і апублікавалі іх імёны. Ці і ім дало папярэджанне Міністэрства інфармацыі?», — пытаюцца прадстаўнікі рэдакцыі.

Яны таксама выказваюць неразуменне, якім чынам публікацыя можа дыскрэдытаваць «органы дзяржаўнай улады». «У артыкуле не даецца ацэнкі іх дзеянням. Дзеянні ж медыцынскай і выратавальнай службаў былі ацэненыя ў тым самым нумары надзвычай высока: іх аператыўнасці і прафесійнасці прысвечаны рэдакцыйны каментар», — падкрэслівае выданне.

«Мы пакуль не маем на руках рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда, і яшчэ вялікае пытанне, як яно трапіла да Мінінфармацыі, — пракаментавала апошнія падзеі шэф-рэдактарка выдання Святлана Калінкіна прэс-службе БАЖ. — Па-другое, атрымліваецца, што нас караюць двойчы за адну і тую ж публікацыю: і судом, і папярэджаннем. Да таго ж, мы яшчэ не прайшлі ўвесь шлях абскарджання судовага рашэння, а мы гэта абавязкова будзем рабіць».

13 красавіка Вышэйшы гаспадарчы суд сапраўды разглядаў зыск да рэдакцыі з боку Белтэлерадыёкампаніі. Нагодай для яго стала публікацыя С. Калінкінай «Говорит и показывает „Геббельс-ТВ“» ад 11 студзеня 2011 г., што з’явілася з нагоды выхаду на Першым канале БТ фільма «Плошча. Железом по стеклу».

«Апублікаваныя ў артыкуле звесткі носяць заганны характар, многія церміны і выразы (звесткі) з’яўляюцца яўна зневажальнымі як у дачыненні да дзяржавы, у якой жыве аўтар, так і да дзяржаўных органаў, у тым ліку зыскоўца», — гаварылася ў зыскавай заяве БТ, якую 16 сакавіка падпісаў асабіста старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Акрамя самой назвы артыкулу, прэтэнзіі зыскоўца выклікалі наступныя вытрымкі з публікацыі:

1.«У фільме „Плошча. Железом по стеклу“ мы ўбачылі шчырае прызнанне ў тым, што Беларусь — краіна дэманстратыўнага беззаконня»,
2.«Але БТ не пасаромелася паказаць, што Канстытуцыя ў нашай краіне не абавязковая да выканання»,
3.«Але „прапагандысцкія шэдэўры“ ад „
Гебельс-ТВ“ — гэта адзінае, што засталося ў арсенале чалавека, які да 19 снежня быў абсалютна перакананы, што любімы ўсёй краінай».

«Аўтар, на наш погляд, правёўшы паралелі паміж СМІ дэмакратычнай дзяржавы, якой з’яўляецца Беларусь, і СМІ нацысцкай Германіі, наўмысна мела на мэце зняславіць дзелавую рэпутацыю вядомай тэлерадыёкампаніі», — лічаць зыскоўцы. Яны патрабавалі, каб суд прызнаў не адпаведнымі рэчаіснасці і зневажальнымі для дзелавой рэпутацыі назву артыкулу і вышэйпрыведзеныя цытаты, абавязаў выданне апублікаваць абвяржэнне, а таксама спагнаў з адказчыкаў дзяржпошліну ў памеры 350 тыс. рублёў.

Жанна Літвіна: Ціск і пераслед — гэта не тыя метады, што прымусяць СМІ кіравацца сацыяльнай адказнасцю

Эксперт: Власть весьма последовательна в своем стремлении обуздать независимую журналистику

Васілевіч і Праляскоўскі пагражаюць «Нашай Ніве» адказнасцю за публікацыі

БТ озаботилось репутацией

Андрэй Скурко: Міністэрства чакаць не схацела

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства