Генпракуратура вынесла папярэджанне Мілінкевічу, Старыкевічу і Костку

2011 2011-04-13T09:33:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Генеральная пракуратура Беларусі вынесла папярэджанне лідару руху "За Свабоду" Аляксандру Мілінкевічу, журналісту Аляксандру Старыкевічу і былому супрацоўніку КДБ Валерыю Костку "за распаўсюджванне неабгрунтаванай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў Мінскім метрапалітэне".

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Генпракуратуры.

"У некаторых сродках масавай інфармацыі, у тым ліку сетцы інтэрнэт, распаўсюджаныя публікацыі, звязаныя з трагічнымі падзеямі ў Мінскім метрапалітэне, якія ўтрымліваюць неабгрунтаваныя звесткі і домыслы, скіраваныя на дыскрэдытацыю беларускага грамадства і дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленні. — У мэтах недапушчэння такіх дзеянняў, а таксама забеспячэння правоў грамадзян на атрыманне праўдзівай інфармацыі, заснаванай на аб`ектыўных звестках, Генеральнай пракуратурай былі папярэджаныя шэраг асоб, якія мелі дачыненне да згаданых дзеянняў, у тым ліку грамадскі дзеяч Мілінкевіч А.У., карэспандэнт Старыкевіч А., грамадзянін Костка В.І.".

Як зазначаецца ў паведамленні, з папярэджаннем названыя асобы пагадзіліся і абавязаліся ў далейшым выключыць са сваёй дзейнасці факты распаўсюджвання неабгрунтаванай інфармацыі.

Як паведаміў БелаПАН Старыкевіч, папярэджанне яму вынесенае за артыкул "Каму гэта выгадна?", размешчаны на сайце інтэрнэт-газеты "Салідарнасць" (gazetaby.com).

"Мне пазванілі з пракуратуры. Размова была карэктная з абодвух бакоў. І зараз мяне крыху здзівіла трактоўка, што з`явілася на сайце, таму што я не пагаджаўся з папярэджаннем, а прыняў яго да ведама. Я не лічу, што распаўсюджваў факты, якія не адпавядаюць сапраўднасці. У артыкуле я прапаноўваў толькі версіі", — сказаў Старыкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства