viasna on patreon

Намесьнік старшыні гомельскай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту

2006 2006-04-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 красавіка над кіраўніком гомельскага штабу Мілінкевіча і намесьнікам старшыні гомельскай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімерам Кацорам, затрыманым напярэдадні, адбыўся суд. Палітыку была інкрымінаваная арганізацыя несанкцыянаванага мітынгу, дазвол на правядзеньне якога Рада гомельскай арганізацыі АГП запытала ў гарадзкіх уладаў на 25 красавіка.
Паводле Пятра Барысава, адваката спадара Кацоры, падставай да судовага разьбіраньня сталі некалькі ўлётак, знойдзеных у гомельскага дэмакрата. Там была інфармацыя пра тое, што актывісты дэмакратычнага руху падалі заяўку ў выканкам на правядзеньне жалобнага мітынгу з нагоды ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі. Аднак ніякіх заклікаў да гамельчукоў выходзіць на вуліцы ў іх не ўтрымлівалася, што, на думку адваката, робіць абвінавачаньні на адрас Кацоры цалкам надуманымі. Як лічаць гомельскія актывісты, апазіцыянераў пачалі затрымліваць "прэвэнтыўна" з мэтай не дапусьціць іхнага ўдзелу ў масавых акцыях, паведаміла радыё Свабода.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў распавёў, што на судовым паседжаньні прысутнічаў адзін сьведка - невядомы чалавек, які сказаў, што нібыта ён заходзіў на Палескую, 52 і Кацора яму сказаў: "у любым выпадку, нават калі і не дазволяць правядзеньня мітынгу 25 красавіка, усё роўна трэба выходзіць на вуліцу і заклікаць іншых, каб яны ішлі на мітынг". Прозьвішча сьведкі Казлоў, ён прыйшоў перад пачаткам паседжаньня, а потым, калі адказаў на пытаньні, адразу ж выйшаў з залы і сышоў дадому.

На свабоду Ўладзімер Кацора выйдзе ўначы на 27 красавіка, ужо пасьля заканчэньня чарнобыльскіх акцый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства