viasna on patreon

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце (БДЭУ) адбыўся студэнцкі сход па справе студэнткі 4-га курсу Тацяны Дзядок

2006 2006-04-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тацяна Дзядок адбыла 10 сутак арышту за ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы Менску. Кіраўніцтва навучальнай установы патрабавала, каб студэнты асудзілі сваю аднагрупніцу, а Тацяна Дзядок публічна пакаялася за свае паводзіны. На прызначаны на 19 красавіка сход дзяўчыну прыйшлі падтрымаць дзясяткі студэнтаў з іншых навучальных установаў. Студэнты пачалі зьбірацца каля будынку эканамічнага ўнівэрсытэту за сорак хвілінаў да пачатку сходу, але іх ужо чакалі каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Яны забаранялі набліжацца да ўваходу, адмаўляліся паказваць дакумэнты, а некалькі чалавек усё здымалі на відэакамэру. Падтрымаць Тацяну Дзядок прыйшлі ня толькі сябры-студэнты, але і былыя вязьні турмы на Акрэсьціна, а таксама незнаёмыя ёй людзі. Каля 11 чалавек былі затрыманыя супрацоўнікамі спэцслужбаў на падыходах да ўнівэрсытэту.

"Калі я сюды прыйшоў, мяне адразу ж забралі і павялі, я ня ведаў куды. Адвялі ў машыну, запатрабавалі дакумэнты і загадалі зьняць джынсавы шалік. Каля я яго зьняў, яны мяне адпусьцілі,"- распавёў карэспандэнту радыё Свабоды адзін з затрыманых - Юры Талстой.

Гэткім чынам, студэнты мусілі сабрацца ў сквэры насупраць будынку ўнівэрсытэту. Многія былі з павязанымі джынсавымі хусткамі, а ў руках трымалі сьцяжкі Эўразьвязу, Канстытуцыю і газэту "Народная Воля".

Пасьля сходу Тацьцяну Дзядок сустрэлі бел-чырвона-белымі кветкамі і апладысментамі. Дзяўчына кажа, што намаганьні дэкана ўнівэрсытэту Мікалая Кабушкіна ня мелі плёну і адной з прычынаў сталася салідарная падтрымка звонку. Яна расцаніла падзеі сходу як элемэнт запалохваньня студэнтаў: "Яны павінныя былі галасаваць за тое, ці выйду я яшчэ раз на вуліцу ці не, добра я паводзілася ці дрэнна, хто згодны з гэтым, а хто - не. І група адмовілася, група хадайнічала пра мінімізацыю пакараньня для мяне".

Паводле ейных словаў, прадстаўнікі адміністрацыі ўнівэрсытэту паводзілі сябе груба, яны гвалтам выцягнулі з залі паседжаньня яе грамадзкага прадстаўніка Крысьціну Шацікаву. Вось як Крысьціна пракамэнтавала гэтыя падзеі: "З Таняй мы былі на плошчы Каліноўскага, з Таняй мы сядзелі ў адной камэры. І сказаць, што гэтых людзей пасьля ўсяго, што яны прайшлі, можна зламаць ці запалохаць хамствам ці пагрозамі, то гэты час скончыўся".

Як паведаміла Тацяна Дзядок, кіраўніцтва ўнівэрсытэту пакінула за сабой права вырашаць яе далейшы лёс, але якімі будуць далейшыя крокі дэканату пакуль невядома.

У інтэрвію Радыё Свабода прарэктар Белдзяржунівэрсытэту ў 1995-1997 гадах Анатоль Паўлаў, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які цяпер узначальвае фонд "За новую Беларусь", заявіў, што яму сорамна за выкладчыкаў, якія ўзялі на сябе зусім не пэдагагічную ролю ў выпадку з Тацянай Дзядок: "Няхай будзе вядома так званым пэдагогам (я ня ведаю, якія ім яшчэ эпітэты дадаць), што нават у часы сярэднявечча ўнівэрсытэт заставаўся крыніцаю перадавой свабоднай думкі. Калі б гэта рабілі гандляркі з рынку, то я б мог зразумець, а калі ўнівэрсытэцкія выкладчыкі, то мне сорамна за іх".

Па зьвестках радыё Свабоды, учора ў эканамічным унівэрсытэце адбыўся аналагічны сход адносна студэнткі Вольгі Сныткінай, а сёньня - у дачыненьні Марыны Вашкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства