Першае паседжаньне Міжнароднага грамадзкага суду, які разгледзіць абвінавачаньні на адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, мяркуецца правесьці сёлета ў верасьні

2006 2006-04-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў ініцыятар стварэньня такога суду, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле спадара Лябедзькі, разглядаецца некалькі варыянтаў месца правядзеньня першага паседжаньня суду — Вільня, Кіеў, Варшава, Масква і Менск. Падрыхтоўку абвінавачаньня ўжо пачалі дасьведчаныя юрысты. Для гэтага будуць скарыстаныя таксама юрыдычныя дакумэнты групы Віктара Ганчара і прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

"Яно будзе ўключаць, як мінімум, дзясяткі, максімум — сотні эпізодаў, канкрэтных сітуацыяў. Падчас першага паседжаньня будзе абавязковым разгляд антыканстытуцыйнага перавароту 1996 году, выкраданьні і палітычныя забойствы, магчыма, падзеі 19—25 сакавіка ў Менску. Асноўная місія грамадзкага суду — паказаць, якой ёсьць прырода беларускага рэжыму. Трэба пазбаўляць людзей ня толькі ўнутры Беларусі, а і за яе межамі ад мітаў, якія створаныя, ад ілюзіяў,"- зазначыў спадар Лябедзька.

Ініцыятары ўжо заручыліся падтрымкай прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса і разьлічваюць далучыць да працы Вацлава Гаўла, Леха Валэнсу, Аляксандра Квасьнеўскага, вядомых расейскіх праваабаронцаў. Таксама мяркуецца ўдзел міжнародных праваабарончых арганізацыяў "Amnestу International" і "Human Rights Watch". Паводле спадара Лябедзькі, літоўскія дэпутаты выказвалі прапанову перавесьці дзейнасьць суду ў рамкі Рады Эўропы. Анатоль Лябедзька не выключае, што матэрыялаў суду можа хапіць для разгляду ў міжнародным трыбунале: "Гэта будзе ў фармаце слуханьняў, куды будуць запрашацца розныя бакі. Безумоўна, што позва будзе накіраваная і Лукашэнку. Па іншых справах — Шэйману, Навумаву, Сівакову. Будзе вынесенае рашэньне не прамога дзеяньня. Усё гэта будзе фармаваць грамадзкую думку ўнутры краіны і за яе межамі. Нішто не забыта, і ніхто не забыты. Усё гэта спатрэбіцца ўжо ў працэсах грамадзянскіх, якія пачнуцца ў самой Беларусі".

Паводле спадара Лябедзькі, суд будзе выносіць рашэньні прававога, палітычнага і маральнага характару. Акрамя таго, партыйцы выказаліся за стварэньне грамадзянскай ініцыятывы "Салідарнасьць дзеля свабоды", мэта якой — вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

Як сказаў Лябедзька: "Мы маем намер накіраваць зварот да кожнага зь лідэраў васьмёркі, каб беларускае пытаньне было пастаўлена на парадак дня паседжаньня саміту, які адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу, і каб складовай часткай было вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі", паведаміла радыё Свабода.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international