viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (14-20 сакавіка)

2011 2011-03-22T23:10:00+0200 2018-11-22T16:06:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітычна крымінальны перасьлед набірае абароты: прад’яўлена абвінавачванне па падзеях 19 снежня яшчэ аднаму кандыдату ў прэзідэнты Дз. Усу, перакваліфікавана абвінавачванне ў дачыненні да другога кандыдата М. Статкевіча. У межах узбуджанай крымінальнай справы працягваліся допыты і ператрусы. Асцерагаючыся новага арышту Беларусь пакінуў вызвалены раней пад падпіску аб нявыездзе Алесь Міхалевіч. Узмацніўся ціск на праваабаронцаў. Па-ранейшаму абмяжоўвалася свабода слова і свабода мірных сходаў. Працягваліся затрыманні. Падцверджана існаванне “чорнага” спісу: улады забаранілі канцэрты беларускіх рок-гуртоў. Не прайшлі цэнзуру шэсць мастацкіх работ з выставы “Пагоні”.

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

18 сакавіка прад’яўлены новыя абвінавачванні па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. У іх арганізацыі (ч.1 арт. 293 КК РБ) абвінавачаны былыя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Дзмітры Ус і Мікалай Статкевіч, якому следства змяніла частку 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) на частку 1. За некалькі дзён да гэтага спецслужбы дапыталі 

14-гадовага сына Дз. Уса, які па дарозе ў краму 19 снежня падлічыў колькасць аўтазакаў ля рэзідэнцыі Лукашэнкі і паведаміў па тэлефоне свайму бацьку. Усе размовы праслухоўваліся, як выявілася, без санкцый пракурора.

Стала вядома, што яшчэ аднаму фігуранту крымінальнай справы Аляксандру Класкоўскаму акрамя абвінавачання па дзвюх частках артыкула 293 КК, дадаткова выстаўлена абвінавачванне ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і ў самавольным прысваенні званьня ці ўлады службовай асобы (арт. 382 КК).

14 сакавіка новы затрыманы па справе аб масавых беспарадках 29-гадовы Дзмітры Даронін быў змешчаны на трое сутак у ізалятар часовага ўтрыманьня па вул. Акрэсціна. Праз тры дні яму абралі меру стрымання - ўтрыманне пад вартай. На працягу 10 сутак яму павінны альбо прад'явіць абвінавачванне альбо вызваліць.

17 сакавіка высветлілася прозвішча яшчэ аднаго невядомага дагэтуль абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. Гэта 29-гадовы праграміст з Менску Андрэй Пратасеня, які быў затрыманы 9 лютага. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, адкуль ужо даслаў тры лісты бацькам.

14 сакавіка абвінавачаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і вызвалены пад падпіску аб нявыездзе кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010 Алесь Міхалевіч пакінуў Беларусь.  Палітык папрасіў палітычны прытулак у Чэхіі. 

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала справаздачу наконт масавых рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19-га снежня. На думку кіраўніцы маскоўскага офіса „Human Rights Watch” Анны Севарцян, па справе паслявыбарчых падзеяў у Беларусі павінна быць пачата міжнароднае следства.

Пераслед праваабароцаў і грамадска-палітычных дзеячоў

16 сакавіка ў Менску міліцыянты затрымалі і даставілі ў РУУС Савецкага раёну кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі па маніторынгу правоў чалавека ў Беларусі Андрэя Юрава. Падставай было названа тое, што ён «знаходзіцца ў спісах неўяздных у Беларусь». У пастарунку на праваабаронцу быў складзены рапарт аб парушэнні забароны на ўезд у краіну. Ноч А.Юраў правёў у камеры, раніцай яго вызвалілі з загадам на працягу 24 гадзін пакінуць тэрыторыю Беларусі. “Пры затрыманні мне растлумачылі, што мяне абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства,” – распавёў падчас прэс-канферэнцыі на наступны дзень кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі. Дзякуючы намаганням праваабаронцаў і адвакатаў (таксама, Амбасада Расеі накіравала ноту ў МЗС Беларусі ), Савецкім РУУС было прынята рашэнне пра спыненне ўзбуджэння крымінальнай справы па ч. 2 арт. 371 КК РБ. Расійскі праваабаронца мае намер актыўна апратэстоўваць прынятае ў дачыненні да яго рашэнне аб уключэнні ў Спіс асобаў, уезд якiх у Рэспублiку Беларусь забаронены альбо непажаданы. З гэтай мэтай ён збіраецца задзейнічаць усе механізмы – нацыянальныя, на ўзроўні МЗС розных краін, у тым ліку Расіі і Украіны, а таксама міжурадавыя органы і міжнародныя арганізацыі, найперш ААН і АБСЕ.

16 сакавіка Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі распаўсюдзіла заяву “Пра сітуацыю з забеспячэннем фундаментальных правоў чалавека ў перыяд правядзення крымінальных судовых працэсаў па справах удзельнікаў падзеяў 19 снежня 2010 году”.

Праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч атрымалі адказы за свае скаргі наконт сканфіскаваных пад час ператрусу ўначы 20 сьнежня на кватэры Алеся Бяляцкага асабістых рэчаў, у тым ліку і  кампутарнай тэхнікі. Прычым адказы прыйшлі не з пракуратуры Першамайскага раёна Менска, куды звярталіся праваабаронцы, а з Першамайскага РУУС сталіцы, менавіта таго органа, дзеянні якога і абскарджваліся. Валянцін Стэфановіч патрабуе Пракуратуру Менска прыцягнуць вінаватых у парушэньні заканадаўства аб зваротах грамадзян да  ўстаноўленай законам адказнасьці і прыняць меры па вяртаньні сваёй прыватнай маёмасьці, якая дагэтуль супрацьзаконна ўтрымліваецца ў Следчым упраўленьні папярэдняга расследваньня  ГУУС Менгарвыканкама.

14 сакавіка на беларуска-польскай мяжы быў затрыманы аўтамабіль, у якім ехаў гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў. Пасля пільнага дагляду яго адпусцілі. У апошні час асабліва пільная ўвага беларускіх мытнікаў да дэмакратычных актывістаў і грамадска-палітычных дзеячоў сведчыць пра існаванне на памежных пераходах адмысловых спісаў.

15 сакавіка супрацоўнікі КДБ правялі серыю нечаканых ператрусаў у Рэчыцы: на вуліцы Чапаева, узламаўшы дзьверы ў прыватным доме, дзе месціцца грамадская прыёмная, яны знеслі асабістыя рэчы праваабаронцы Валерыя Пуціцкага - сістэмны блок кампутара, прынтар і прыватны ноўтбук. 

Умовы ўтрымання і катаванні

Па- ранейшаму аказваецца ціск на зняволенага лідэра “Маладога Фронта” Змітра Дашкевіча. За адмову супрацоўнічаць з вайсковай контрвыведкай яму пагражаюць максімальна строгім прысудам і карцэрам у калоніі. Пры гэтым самі ўмовы ўтрымання палітвязьня не адпавядаюць ніякім нормам: у СІЗА на Валадарскага ён знаходзіцца ў камеры  з патройнай перанаселенасцю, дзе, не тое што спаць, прысесці няма дзе. Суд на З.Дашкевічам і Э.Лобавым перанесены на 22 сакавіка, у гэты ж дзень адбудзецца суд на Ліхавідам.

15 сакавіка асуджаны па справе аб масавых беспарадках на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар перадвыбарнага штаба А. Саннікава, сустрэўся ў СІЗА КДБ з жонкай. Размаўляць пра палітыку, следства альбо ўмовы ўтрымання на такіх спатканнях забаронена. Палітвязень чакае разгляду касацыйнай скаргі на вынесены прысуд.

Жыхар Воршы Сяргей Малалеткін – адзін з пацярпелых падчас разгону Плошчы-2010. На плошчы яму выбілі зубы, зламалі руку, нанеслі іншыя цялесныя пашкоджанні. Ягоны расповед – гэта сведчанні чалавека, які прыйшоў на мірную акцыю, каб проста выказаць свае погляды.

Актывісту з Маладэчна Яну Лагвіновічу, якому падчас разгону паслявыбарчага мітынгу міліцыянты зламалі руку, да гэтага часу пракуратура не дала адказу на заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы і прыцягненні да адказнасці тых, хто яго збіў.

Абмежаванні свабоды слова

17 сакавіка касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіла накіраваць абедзьве справы «Аўтарадыё» на новы разгляд. То бок абодва судовыя рашэньні ад 9 сакавіка — аб прызнаньні папярэджаньня, вынесенага Міністэрствам інфармацыі Аўтарадыё несапраўдным, і рашэньня Рэспубліканскай камісіі па радыёвяшчаньні Мінінфарму аб спыненьні вяшчаньня незаконным — скасаваныя.

16 сакавіка ў гарадскім пасёлку Астравец міліцыя затрымала і даставіла ў мясцовае аддзяленне міліцыі карэспандэнта інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» і пазаштатнага карэспандэнта часопіса «Абажур» Сяргея Балая, які праводзіў апытанне наконт будаўніцтва Астравецкай АЭС, улічваючы апошнія падзеі ў Японіі. З яго ўзялі тлумачэнні і адвезлі на вакзал.

17 сакавіка Чыгуначны райсуд Віцебску аштрафаваў мясцовага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду на 30 б.в. (1 млн 50 тыс. руб).

Уначы з 17 на 18 сакавіка на памежным пераходзе «Катлоўка» у вядомай беларускай фотажурналісткі Юліі Дарашкевіч, якая разам з мужам вярталася на асабістым аўтамабілі з Літвы, канфіскавалі 100 асобнікаў альбома «Прэс-фота Беларусі 2010». Супрацоўнікі мытні склалі пратакол вынятку і сказалі, што на працягу месяца будзе праводзіцца экспертыза кнігі.

18 сакавіка фотакарэспандэнта агенства «БелаПАН» Васіля Сямашку каля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе ў гэты час адбывалася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з расійскімі журналістамі на паўтары гадзіны затрымала служба аховы прэзідэнта. У яго былі выдалены фотаздымкі і ўзятыя тлумачэнні.

Затрыманні, допыты, адміністрацыйныя пакаранні

15 сакавіка ў Менску прайшла серыя масавых прэвентыўных затрыманняў маладых людзей, якія на думку міліцыі, звязаныя з анархісцкім рухам. Большасць з іх у мінулым годзе дапытвалі па «справе анархістаў».

У рэгіёнах працягваюцца затрыманні і допыты грамадзкіх актывістаў.

Адміністрацыя Ленінскага раёна Гродна пакарала штрафамі ў памеры па 10 б.в. дзвюх студэнтак Гродзенскага медуніверсітэта Кацярыну Герасімчык і Вольгу Багданкевіч за расклейванне налепак у перыяд з 11 па 12 лютага.

18 сакавіка ў Гродне распачаўся адміністрацыйны працэс супраць моладзевай актывісткі Кацярыны Герасімчык. Яе вінавацяць у нанясенні графіці на помнік Леніна. Суддзя задаволіла хадайніцтва абвінавачанай пра дадатковае азнаямленне з матэрыяламі справы, судовае паседжанне перанесена на 23 сакавіка.

Цэнзура

11 сакавіка ў менскім Палацы мастацтва адкрылася выстава «Пагоня-20», прымеркаваная да Дня Волі. Перад яе адкрыццём з экспазіцыі былі знятыя шэсць работ, а таксама інсталяцыя Генадзя Драздова і Аляксея Марачкіна «Беларуская піраміда».

Канцэрт, прысвечаны выхаду трыб’юта Neuro Dubel, які павінен быў адбыцца 24 сакавіка ў менскім клубе "Рэактар", забаронены. Гэта ўжо трэцяя забарона канцэртаў гуртоў з ананімнага "спісу забароненых", які міністар інфармацыі Праляскоўскі назваў "гнюснай фальшыўкай". Першыя забароны прайшлі ў рэгіёнах. 13 сакавіка ў Гомелі праз рашэнне МНС не адбыўся канцэрт "Ляпіса Трубяцкога", а ў Брэсце днямі без тлумачэнняў быў забаронены канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Тэатры лялек, запланаваны на 18 сакавіка. 17 сакавіка ў дзень сьвятога Патрыка Лявон Вольскі не адбылася і прэзэнтацыя новага альбому «Крамбамбулі».

Абмежаванні свабоды мірных сходаў

Нацыянальнай платформе Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнёрства" (ФГС УП) не далі месца, каб правесці канфэрэнцыю "Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні".

Салігорскія ўлады не дазволілі мясцовым грамадскім актывістам правядзенне пікетаў 25 сакавіка, прымеркаваных да Дня Волі.

Жодзінскі гарвыканкам адмовіў дэмакратычнаму актывісту Юрыю Сілкіну ў правядзенні пікету ў падтрымку палітычных зняволеных, запланаванага на 19 сакавіка. Таксама не дазволілі правядзенне пікету салідарнасці з палітвязням у Брэсце.

Абмежаванні свабоды асацыяцыяў

Партыя БНФ заклікала ўсе палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і звычайных людзей далучыцца да кампаніі грамадзянскага ціску на ўлады з патрабаваннем не высяляць “фронт” з офіса на Машэрава,8. Адпаведную рэзалюцыю “Рукі прэч ад выспы Свабоды” прыняў 19 сакавіка ў Менску Сойм БНФ. Таксама кіраўніцтва партыі заявіла, што мае намер у судзе абскардзіць адмову ў працягу арэнды памяшкання ў Менску.

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства