Пачаліся звальненьні з працы за ўдзел у мірнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы - малады настаўнік Аляксей Більдзюк быў вымушаны напісаць заяву па ўласным жаданьні

2006 2006-04-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 красавіка ў Менску быў звольнены з працы ўдзельнік сакавіцкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы, былы палітвязень Жодзінскай турмы Аляксей Більдзюк.
24-гадовы настаўнік фізыкі, інфарматыкі і астраноміі пасьля сканчэньня Белдзяржуніверсітэту па размеркаваньню працаваў у менскай школе №161.
Аляксей Більдзюк на мінулым тыдні прыйшоў у школу пасьля амаль двухтыднёвага перапынку. Ён знаходзіўся з 23 на 24 сакавіка ў "намётавым гарадку", які быў гвалтоўна зьліквідаваны, і адбыў 12-суткавы арышт у Жодзінскай турме за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Калі ён выйшаў на волю і зьявіўся ў школе, дырэктар Валеры Стружко сустрэў яго няветліва. "Карацей, я схадзіў на працу, там з дырэктарам паразмаўлялі. Настрой у яго быў такі: маўляў, я цябе магу звольніць паводле артыкулу. Потым ён патэлефанаваў, як я мяркую, у кіраўніцтва адукацыі Маскоўскага раёну і пасьля сказаў, што будзем звальняць паводле асабістага жаданьня,"- расказаў малады настаўнік радыё Свабодзе.

Паводле дырэктара Валерыя Стружко, спадар Більдзюк зволіўся па ўласным жаданьні і ніхто яго не прымушаў, а нават прапаноўвалася завяршыць навучальны год, пайсьці ў адпачынак і ўжо потым вырашаць пытаньне скасаваньня кантракта.
Аднак да Жодзінскай турмы настаўнік меў у школе 24 гадзіны выкладаньня, а пасьля арышту яму пакінулі ўдвая менш працоўнага часу – 12 гадзінаў, з прычыны чаго настаўніцкі заробак былога палітвязьня рэзка зьнізіўся. Паводле Аляксея, такія ўмовы былі прапанаваны яму наўмысна, каб ён хутчэй пакінуў школу. Дырэктар школы не шкадуе, што ўдзельнік акцыі на Кастрычніцкай плошчы пакінуў іх, бо ягоныя погляды не стасуюцца з поглядамі навучальнай установы.

Аляксей Більдзюк паведаміў, што частка настаўніцкага калектыву і школьнікі старэйшых клясаў, якіх ён навучаў, выказалі яму падтрымку і шкадаваньне з нагоды звальненьня: "Тут шмат настаўнікаў, у якіх сяброў затрымалі, таму гэта падтрымліваюць самі настаўнікі. Дзеці таксама да гэтага добра паставіліся. Сёньня падарункаў надавалі – газэт нарабілі з фотаздымкамі, шары надзьмулі…"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international