viasna on patreon

Чарговы мільённы штраф — Барысу Хамайду

2011 2011-03-17T14:52:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў прызнаў апазыцыянэра вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету — за тое, што Барыс Хамайда выйшаў у цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам. Месяц таму судзьдзя таго ж Чыгуначнага райсуду не знайшла ў дзеяньнях Барыса Хамайды складу правапарушэньня.

Адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыянтамі на затрыманага 3 студзеня апазыцыянэра, разглядаўся цяпер паўторна. Кіраўніцтва Чыгуначнага райаддзелу міліцыі не задаволіла рашэньне судзьдзі Алены Цыганковай, якая апраўдала Барыса Хамайду. Віцебскі абласны суд задаволіў скаргу міліцыянтаў, і справу перадалі на разгляд іншаму судзьдзі.

Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў пагадзіўся з супрацоўнікамі міліцыі. Ён прызнаў, што Барыс Хамайда праводзіў каля так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна — несанкцыянаваны пікет, таму што бел-чырвона-белы сьцяг прыцягваў увагу мінакоў і сьведчыў пра пэўныя палітычныя погляды віцебскага актывіста.

Спадар Шыкароў прысудзіў Барысу Хамайду штраф памерам 30 базавых велічынь, што складае 1 мільён 50 тысяч рублёў.

На такую ж суму і за такое ж правапарушэньне — выхад зь бел-чырвона-белым сьцягам на галоўную вуліцу Віцебску — судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў ужо штрафаваў апазыцыянэра 2 сакавіка.

Чарговы судовы працэс пад старшынёўствам таго самага судзьдзі Шыкарова чакае Барыса Хамайду і 23 сакавіка: будзе перагледжана адміністрацыйная справа, якую завяршыла апраўдальным рашэньнем судзьдзя Алена Грабянчук.

Спадар Хамайда кажа, што апошняе судовае рашэньне яго не зьдзівіла. Пасьля першага штрафу, прысуджанага Ўладзіславам Шыкаровым, апазыцыянэр быў гатовы да таго, што раённы суд паўторна яго не апраўдае:

"Апраўдальныя рашэньні судзьдзяў Цыганковай і Грабянчук былі для мяне "індульгенцыяй", фактычна юрыдычным дазволам на то, каб я свабодна распаўсюджваў незалежную прэсу каля "сіняга дома" пад нацыянальным сьцягам. Аднак супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС, напэўна, гэта дужа не падабалася, і яны настоялі на тым, каб мяне за гэта затрымлівалі і каралі".

Барыс Хамайда кажа, што штрафы і затрыманьні яго ня спыняць. 3-га студзеня ён абвясьціў аднаасобную акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-м угодкам незалежнасьці беларускай дзяржавы, і будзе яе працягваць. Адно што будзе выходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам ня штодня, як меркаваў напачатку, а некалькі разоў на месяц. Наступны раз — у Дзень волі 25 сакавіка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства