viasna on patreon

Cудзьдзя Завадзкога раёна Мінска так і не прыняла рашэньне па справе студэнткі Тацяны Хома да БДЭУ за незаконнае адлічэньне з навучальнай установы

2006 2006-04-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 красавіка ў судзе Заводзкага раёну Менску працягвалася судовае паседжаньне па справе актывісткі студэнцкага руху Тацяны Хомы супраць Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсітэту.
Студэнтку чацьвёртага курсу Тацяну Хому выключылі 24 лістапада за тое, што яна не паведаміла кіраўніцтву ўнівэрсітэту пра сваю паездку ў Францыю, зьвязаную са студэнцкім рухам: Тацяна была абраная ў Раду ESIB (Нацыянальныя зьвязы студэнтаў Эўропы). Гэтая арганізацыя існуе ад 1982 году і аб'ядноўвае міжнародныя студэнцкія арганізацыі больш як трыццаці краінаў Эўропы. Выезд у Францыю, дзе ў той час была складаная ўнутраная сітуацыя, быў кваліфікаваны ня толькі як вельмі "грубае парушэньне" правілаў унутранага распарадку ўніверсітэту, але і "як адкрытую непавагу да БДЭУ як арганізацыі, якая нясе юрыдычную і маральную адказнасьць за бясьпеку студэнтаў у працэсе навучаньня".
Былая студэнтка вырашыла праз суд даказаць, што яе выключэньне з універсітэту незаконнае і такім чынам адстаяць сваё права вучыцца ў Беларусі, якога яна цяпер пазбаўленая. Тацяна Хома вучылася амаль выключна на выдатна.
Паседжаньне суду некалькі разоў пераносілася з ініцыятывы ўніверсітэту, і ў выніку было прызначанае на 21 сакавіка — адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак уначы 21 сакавіка Тацяна Хома разам з сябрамі была затрыманая каля Кастрычніцкай плошчы, і асуджаная на 10 сутак адміністратыўнага арышту, які адбывала ў сьпецпрымальніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна.

10 красавіка ў судзе Заводзкага раёну пачалося судовае паседжаньне, якое цягнулася шэсьць гадзінаў і ня скончылася вынясеньнем прысуду. Судзьдзя Ірына Мардовіч у першай палове дня выслухала погляды двух бакоў: адваката былой студэнткі і юрысконсульта ўніверсітэту, і адклала паседжаньне да наступнага дня. 11 красавіка пасьля больш шчыльнага вывучэньня дакументаў рашэньне так і не было прынятае - рашэньне ў справе Тацяны Хомы будзе абвешчана 12 красавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства