viasna on patreon

Эўрапарламент асудзіў несумленныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і заявіў, што рэжым Лукашэнкі ня мае ніякай легітымнасьці і застаецца апошняй дыктатурай у Эўропе

2006 2006-04-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэзалюцыя Эўрапарламенту "Аб сітуацыі ў Беларусі пасьля прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году" 6 сакавіка была ўхвалена абсалютнай большасьцю дэпутатаў. Рэзалюцыя заклікае да правядзеньня паўторных выбараў прэзыдэнта і рэкамэндуе Радзе Эўразьвязу пашырыць кола беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх будуць уведзены візавыя ды іншыя санкцыі, паведаміла радыё Свабода.

Дэпутаты Эўрапарламенту таксама выказалі салідарнасьць з А. Мілінкевічам, А. Казуліным і аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі і заклікалі кіраўніцтва Эўразьвязу пашырыць падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Перад галасаваньнем Эўрапарламент вітаў лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які знаходзіўся ў залі, авацыямі. За ключавую папраўку ў рэзалюцыю, у якой прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка ў Беларусі прызнаны несвабоднымі і не адпаведнымі міжнародным стандартам, за непрызнаньне А. Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Беларусі, за правядзеньне паўторных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было пададзена 524 галасы, супраць — 17. І рэзалюцыя цалкам, паводле працэдуры, была ўхвалена абсалютнай большасьцю дэпутатаў, з вельмі нязначнай колькасьцю галасоў супраць.
Адна з аўтараў праекту рэзалюцыі польская эўрадэпутатка Барбара Кудрыцка наступным чынам патлумачыла такое рэдкае аднадумства ў Эўрапарліменце: "Гэта значыць, што салідарнасьць з Беларусьсю ў Эўропе ёсьць вельмі вялікай. Дэпутаты з усіх 25 краінаў галасавалі аднадушна, яны сустракалі спадара Мілінкевіча авацыямі. Гэта сьведчыць пра тое, як моцна ўся Эўропа падтрымлівае перамены на Беларусі і дэмакратызацыю вашай краіны".
Спадарыня Кудрыцка заявіла таксама: рэзалюцыя сьведчыць аб тым, што ўсе 25 краінаў-сябраў Эўразьвязу не прызнаюць А. Лукашэнку законна абраным прэзыдэнтам Беларусі і ня будуць мець з ім кантактаў, якія маглі б яго легітымізаваць. Сярод іншага, Эўрапейскі парламент вітаў рашэньне Рады Эўразьвязу ўнесьці А. Лукашэнку ў сьпіс асоб, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць візавыя забароны, і заклікаў пашырыць гэты сьпіс за кошт чыноўнікаў мясцовых і цэнтральных органаў улады, якія былі ўцягнуты ў парушэньні правоў чалавека і палітычных свабод цягам выбарчай кампаніі, а таксама прапанаваў замарозіць замежныя рахункі і ўласнасьць Лукашэнкі і да яго набліжаных. Адначасова Эўрапарламент заклікаў Раду Эўразьвязу аблегчыць візавы рэжым для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Барбара Кудрыцка адзначыла яшчэ адзін важны момант: "Думаю, што вельмі важным зьяўляецца аспэкт Расеі — тое, што мы апэлюем да вялікай васьмёркі, каб там былі распачаты перамовы з Расеяй у справе Беларусі. І дэлегацыі эўрапейскіх парлямэнтаў таксама ў сваіх кантактах з расейцамі будуць гэтае пытаньне ўздымаць".

Акрамя таго, Эўрапарлямэнт заклікаў ААН, Раду Эўропы і краіны сябры Эўразьвязу стварыць міжнародную камісію па дасьледаваньні зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Эўрапарламент таксама запатрабаваў ад беларускіх уладаў вызваліць лідэраў апазыцыі, дэманстрантаў, журналістаў, замежных грамадзян, якія былі арыштаваны цягам кампаніі пратэстаў, апублікаваць сьпіс усіх арыштаваных, умовы іх затрыманьня і абвінавачаньні, вылучаныя супраць іх, спыніць зьбіцьцё і катаваньні палітычных вязьняў.

Рэзалюцыя Эўрапарламенту будзе ўлічана на паседжаньні Рады Эўразьвязу 10 красавіка ў Люксэмбургу, на якім будуць зацьверджаны санкцыі супраць А. Лукашэнкі ды іншых беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у фальшаваньні прэзыдэнцкіх выбараў і масавых рэпрэсіях пад час і пасьля выбарчай кампаніі.

Беларускі МЗС лічыць, што Эўрапарламенту не хапае "мінімальнага парогу канструктыву". Менавіта так ацаніў прынятую рэзалюцыю па Беларусі прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў. На ягоную думку, ёсьць дзьве прычыны, якія не дазваляюць Міністэрству замежных спраў Беларусі "больш-менш сур’ёзна разглядаць гэтую рэзалюцыю": "Там гучаць папросту сьмешныя заклікі лічыць выбарчую кампанію ў нашай краіне нелегітымнай. Мы хочам яшчэ раз падкрэсьліць (калі эўрапейскія дэпутаты не заўважалі раней, альбо не хацелі заўважаць), што выбар беларускага народу не патрабуе ніякага вонкавага прызнаньня ці непрызнаньня. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, адыходзіць ад якой мы ні ў якім разе ня маем намеру. Больш за тое, Эўрапарламент ніякага дачыненьня да назіраньня за нашымі выбарамі ня меў. Тым больш ягоныя спробы выносіць нейкі вердыкт выглядаюць неабгрунтаванымі".

Афіцыйны прадстаўнік МЗС у сваім адказе яшчэ раз адзначыў, што непрызнаньне афіцыйных вынікаў выбараў з боку міжнародных структураў ня можа быць тэмай для перамоў: "Тут афіцыйнае назіраньне за выбарамі праводзілі прадстаўнікі АБСЭ. Але ў іхнай справаздачы, нягледзячы на яе крытычны характар (з чым мы не пагаджаемся), ніякай гаворкі пра прызнаньне ці непрызнаньне, легітымнасьць ці нелегітымнасьць не вядзецца. З гэтага мы зыходзім. І хочам, каб з гэтага ж зыходзілі і ў Эўрапарламенце".

Андрэй Папоў таксама пракамэнтаваў апошнія сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з вядомымі эўрапейскімі палітыкамі. На ягоную думку, "у такіх сустрэчах і кантактах цяпер значэньня яшчэ менш, чым да выбараў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства