viasna on patreon

У Гомелі ўведзена забарона на здымкі ў грамадскіх месцах?

2011 2011-03-14T11:03:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/videakamera.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 сакавіка у абласным цэнтры павінен быў адбыцца канцэрт папулярнага гурту «Ляпіс Трубецкой», але за некалькі дзён да канцэрта стала вядома, што ён забаронены. Вінаватымі ў адмене мерапрыемства адміністрацыя лёгкаатлетычнага манежу «Дынама» назвала мясцовы аддзел па ЧС – маўляў, выратавальнікі выявілі пры праверцы парушэнні супрацьпажарнай бяспекі і забаранілі канцэрт. Але МНС выступіла з заявай і растлумачыла, што парушэнні тыя былі выяўлены яшчэ два гады таму, і ўвесь гэты час масавыя мерапрыемствы ў спартыўным комплексе праводзіліся, пры выкананні «кампенсуючых мерапрыемстваў», то бок на розных выставах дзяжурыў пажарны інспектар, а ля будынка манежу – аўтацыстэрна. Чаму гэтым разам адміністрацыя адмовілася правесці «кампенсуючыя мерапрыемствы» - невядома. Але як раз незадоўга да адмены канцэрту ў Інтэрнэце з'явіліся «чорныя спісы» беларускіх гуртоў і музыкантаў. Магчыма, менавіта са спісамі і звязана адмена канцэрта.

Гомельскія прыхільнікі гурту «Ляпіс Трубецкой» былі, мякка кажучы, расчараваныя адменай канцэрту, таму вырашылі выказаць свой пратэст супраць такога рашэння публічна. Скаардынаваўшы свае дзеянні ў сацыяльных сетках, моладзь вырашыла 13 сакавіка правесці флэшмоб. У 15.00 у нядзелю маладыя людзі сабраліся на ўваходзе ў Цэнтральны рынак і заспявалі песню «Грай». Там іх ужо чакалі – журналісты і супрацоўнікі спецназу. Прычым спецназ у першую чаргу зацікавілі журналісты, а не «парушальнікі грамадскага парадку», і  яны прычапіліся да сябра БАЖ Алега Ражкова. Міліцыянеры абвінавацілі маладога чалавека ў парушэнні закона – маўляў, ёсць такі пакуль нікому не вядомы закон, які забараняе праводзіць відэаздымкі ў грамадскіх месцах. Не падзейнічала на міліцыянераў ні спасылкі да  Канстытуцыі, Закона аб СМІ, логікі і цвярозага розуму. У выніку спецназаўцы запатрабавалі ўдакладніць асобу журналіста, і ён паказаў пасведчанне сябра БАЖ. Міліцыянеры прызналі пасведчанне падробленым, і даставілі журналіста ў РАУС. У аддзеле міліцыі Алега Ражкова апыталі і забралі пасведчанне для правядзення экспертызы. Абураны дзеяннямі супрацоўнікаў спецназу, журналіст пакінуў у РАУС скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў, і плануе ў бліжэйшы час звярнуцца ў пракуратуру.

Пакуль у РАУС разбіраліся ў адным журналістам, супрацоўнікі спецназу час не марнавалі і прапанавалі разысціся ўдзельнікам флэшмобу – маўляў, даём вам пяць хвілінаў, ці будзеце затрыманыя. Моладзь вырашыла не спрачацца і разышлася.

У гэты час ля лёгкаатлетычнага манежу «Дынама» знаходзілася яшчэ адна журналістка, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова, і яе «злачынныя дзеянні» - здымкі на відэакамеру, не пакінулі па-за ўвагай спецназаўцы. Журналістку абвінавацілі ў тым, што яна не мае права знаходзіцца ля комплексу і здымаць на відэа і спрабавалі затрымаць. Ларыса Шчыракова адмовілася «прайсці ў аддзяленне» самастойна і прапанавала мужным абаронцам парадку прывесці яе туды гвалтам. Урэшце рэшт міліцыянеры адчапіліся ад журналісткі.

Варта заўважыць, што абодва журналісты не ў першы час церпяць пераслед менавіта за прафесійную дзейнасць. Пры асвятленні розных вулічных акцый ў Гомелі Алег Ражкоў некалькі разоў затрымліваўся міліцыяй, а ў Ларысы Шчыраковай у студзені супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, пазбавіўшы журналістку «прылад працы» - камп'ютэра, дыктафона, відэакамеры і фотаапарата.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства