Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (7-13 сакавіка)

2011 2011-03-14T08:41:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 сакавіка беларускія памежнікі адмовілі ў перасячэнні мяжы прадстаўніку Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Максіму Кіцюку. 10 сакавіка абвешчаны новыя крымінальныя прысуды па справе аб масавых беспарадках: суддзя Маскоўскага райсуду сталіцы Любоў Сямахіна пакарала двух грамадзянаў Расійскай Федэрацыі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса штрафам у памеры 300 базавых велічынь кожнага (каля 3500 $), суддзя Маскоўскага райсуду Алена Рудніцкая пакарала Дзмітрыя Мядзведзя 3 гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. 12 сакавіка Вярхоўных Суд Беларусі адмовіў РПГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт” у задавальненні скаргі на папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі 12 студзеня. Маладафронтаўца Алеся Лукашова адлічылі з 2 курса фізычнага факультэту БДУ. Фармальная прычына — няздача сэсіі.

8 сакавіка споўнілася 57 гадоў былому кандыдату ў прэзідэнты, лідэру кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэю Саннікаву, які ўтрымліваецца за кратамі па абвінавачванню ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня. Напярэдадні Мінская гарадская калегія адвакатаў выключыла са свайго складу ягонага абаронцу Паўла Сапелку, а ў СІЗА КДБ перад днём народзінаў адмовіліся прыняць для зняволенага перадачу.

9 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўднымі папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае “Аўтарадыё”, і рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі. Суддзя Валеры Шобік таксама абавязаў міністэрства і камісію кампенсаваць “Аўтарадыё” судовыя выдаткі на суму ў агульнай колькасці 1,4 млн. руб. Папярэджанне радыёстанцыі Мінінфармацыі вынесла 10 студзеня, што паслужыла падставай для спынення вяшчання з 12 студзеня згодна з рашэннем Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні 188/11 ад 11.01.2011 за подпісам старшыні камісіі міністра інфармацыі Праляскоўскага. ФМ-станцыю абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыі з заклікам для экстрэмісцкай дзейнасці – менавіта такой на думку чыноўнікаў з’яўлялася фраза кандыдата ў прэзідэнты А.Саннікава з агітацыйнага роліку «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Удзельніка паслявыбарчай акцыі пратэсту ў цэнтры сталіцы Алеся Лукашова, які працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты, лідэра кампаніі “Гавары праўду” У. Някляева, адлічылі з 2 курса фізфака БДУ. Фармальная прычына — няздача сэсіі. Пасля 19 снежня актывіста “Маладога Фронту” неаднаразова выклікалі ў міліцыю.

Рэдакцыя незалежнай газеты «Наша Ніва» атрымала з Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці адказ на сваё хадайніцтва, у якім адзначала, што адсутнасць кампутарнай тэхнікі, забранай падчас ператрусаў у рэдакцыі, а таксама дома ў галоўнага рэдактара газеты Андрэя Скурко і ў фотакарэспандэнткі выдання Юліі Дарашкевіч, стварае перашкоды ў прафесійнай дзейнасці супрацоўнікаў. «НН» звярталася з прапановай вярнуць хаця б тую частку камп’ютараў, якая болей не патрэбная ў мэтах следства. Аднак у адказе за подпісам в.а. кіраўніка палкоўніка Уладзіміра Калача паведамляецца, што «рэчы будуць вернутыя пасля правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў». Варта дадаць, што некаторыя з вынятых носьбітаў інфармацыі былі зусім пустыя.

9 сакавіка ў 3:20 падчас перасячэння мяжы ўкраінска-беларускай мяжы з цягніка “Кіеў – Менск” быў зняты памочнік прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, сябра «Фундацыі Рэгіянальных Ініцыятываў» грамадзянін Украіны Максім Кіцюк. Прычыназабарона ўезду ў Рэспубліку Беларусь. Міжнародная назіральная місія створана прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый краін прасторы АБСЕ і міжнародных грамадзянскіх сетак і арганізацый і ажыццяўляе маніторынг агульнай сітуацыі з захаваннем фундаментальных правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пытанняў абароны праваабаронцаў і забеспячэння іх прафесійнай дзейнасці.

10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы завершыўся судовы працэс па крымінальнай справе грамадзянаў Расійскай Федэрацыі Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Справу разглядала суддзя Любой Сямахіна. Абвінавачаныя падчас судовых слуханняў сваю віну не прызналі. Брэўс і Гапонаў паўтарылі паказанні, якія яны давалі падчас папярэдняга судовага працэсу 22 лютага, згодна з якімі абодва прызналі, што знаходзіліся на пл. Незалежнасці 19 снежня 2010 г. з-за цікаўнасці да падзеяў і намеру ўдзельнічаць у масавых беспарадках не мелі, ніякіх актыўных, гвалтоўных дзеянняў не здзяйснялі, маёмасць не знішчалі. Згодна з вынесеным прысудам І.Гапонаў і А.Брэус прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (удзел у масавых беспарадках) і з выкарыстаннем арт. 70 КК Рэспублікі Беларусь прыгавораныя да штрафа ў памеры 300 базавых велічынь. Мера стрымання з утрымання пад вартай ім заменена на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Асуджаныя вызваленыя з-пад варты ў залі суда. Вытворчасць па заяўленым грамадзянскім іску спынена, паколькі ісцец адклікаў іскавыя патрабаванні ў сувязі з пагашэннем матэрыяльнай шкоды ў поўным аб’ёме.

Таксама 10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну пад старшынствам суддзі Алены Рудніцкай завершыўся разгляд  крымінальнай справе ў дачыненні да Мядзведзя Дзмітрыя Леанідавіча па абвінавачванню яго ў аналагічным злачынстве. Вынесены прысуд – 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Праводзячы маніторынг судовых працэсаў па дадзенай крымінальнай справе аб масавых беспарадках і аналізуючы ход судовых слуханняў, праваабаронцы прыйшлі да такіх высноваў, як:

-          у судзе не было прадстаўлена доказаў таго, што падзеі 19 снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці ўяўлялі сабой масавыя беспарадкі, якія, згодгна з арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, неадменна павінны суправаджацца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады;

-          прадстаўленая суду доказная база сведчыць толькі аб непасрэднай прысутнасці І. Гапонава, А. Брэуса і Дз. Мядзведзя ў групе дэманстрантаў на пл. Незалежнасці ў раёне цэнтральнага ўваходу ў Дом Ураду, што ніякім чынам не ўтварае складу крымінальнага злачынства ў іх дзеяннях;

-          пры дадзеных абставінах праваабаронцы лічаць, што вынесеныя прысуды з’яўляюцца незаконнымі і падлягаючымі адмене ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства ў дзеяннях асуджаных;

-          судовыя паседжанні над Гапонавым, Брэўсам і Мядзведзем адрозніваліся ад папярэдніх працэсаў над Парфянковым, Новікам, Малчанавым і Атрошчанкавым тым, што пракуратура паспрабавала больш дэталізаваць паняцце масавых беспарадкаў, а таксама тым, што ў судовы працэс па хадайніцтву дзяржабвінаваўцы былі ўведзены і дапытаныя ў якасці пацярпелых супрацоўнікі міліцыі, якія атрымалі нязначныя фізічныя пашкоджанні па выніках экспертызы, далучанай да матэрыялаў судовай справы. Варта адзначыць, што пацярпелыя ў справе з'явівіліся па выніках допытаў і судова-медыцынскай экспертызы толькі 18.02.2011 г., практычна па сканчэньні двух месяцаў пасьля падзеяў 19.12.2010 г., калі матэрыялы крымінальнай справы ўжо былі накіраваныя ў суд;

-          суд, выкарыстоўваючы арт.70 Крымінальнага кодэксу, які ў выключных выпадках дае права ўжываць пакаранне ніжэй ніжэйшага памеру санкцыі артыкула, прызнаўшы абвінавачаных вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, пад ціскам ураду РФ пайшоў на вынясенне максімальна мяккага прысуду. На фоне пакарання штрафамі Брэўса і Гапонава, суд проста вымушаны быў у дачыненні да Мядзведзя ужыць боль мяккае за пазбаўленне волі пакаранне. Такое рашэнне ўказвае на яго палітычную матываванасць, бо раней, таксама пры адсутнасці віны абвінавачанага, выносіліся прысуды звязаныя з пазбаўленнем волі.

10 сакавіка суддзя Пухавіцкага райсуда Святлана Акуліч адмовіла настаўніцы гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Наталлі Ільініч у аднаўленні на працы. Палітычна матываванае рашэнне дырэктара школы Наталлі Меркуль аб звальненні было звязана з ператрусам, якое супрацоўнікі КДБ і МУС правялі 5 студзеня ў хаце настаўніцы ў межах следства па справе аб “масавых беспарадках”. Суддзя не ўзяла ў разлік ні сведчанні калег Н. Ільініч, ні былых вучняў, ні той факт, што яна адна з чатырох чатырох настаўнікаў (усяго ў школе іх 19), якія маюць вышэйшую катэгорыю.

10 сакавіка суддзя райсуду Ірына Казак скасавала адміністрацыйную справу глыбоцкага актывіста, журналіста незалежнага сайту westki.info і назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Кастуся Шыталя з прычыны “заканчэння тэрмінаў вынясення адміністрацыйнага пакараньня”. На прыцягненні яго да адказнасці настойваў глыбоцкі райвыканкам за нібыта парушэнне выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якое выявілася ў ў тым, што падчас датэрміновага галасавання К. Шыталь запытаўся на выбарчым ўчастку ў навучэнцаў мясцовага прафтэхліцэю ці добраахвотна яны прыйшлі на датэрміновае галасаваньне.

10 сакавіка гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут атрымаў дасланае па пошце афіцыйнае папярэджаньне, вынесенае абласной пракуратурай за працу без акрэдытацыі на замежны СМІ – польскую «Gazetu Wyborczu». У дакуменце адзначана, што "у адпаведнасці з артыкулам 35 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі забараняецца, аднак гэтае патрабаванне закона вамі не выконваецца". Між тым, год таму Міністэрства замежных справаў Беларусі пазбавіла карэспандэнта акрэдытацыі. Журналіст быў затрыманы і пазней пакараны арыштам за знаходжанне на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 сьнежня. Суд разглядаў яго справу двойчы: першы раз быў прысуджаны буйны штраф, пасля вынясення пракуратурай пратэсту гэтае рашэнне было адменена, у выніку новага разгляду справы А.Пачобут атрымаў 15 сутак. На пачатку сакавіка ён, накіраваў заяву на імя Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча, у якой даводзіць пра юрыдычны казус: "Калі я быў затрыманы ў 21.45, то як я мог бачыць, як білі вокны ў Доме Урада ў 22.21? Спадар пракурор, не трэба быць доктарам, прафесарам і заслужаным юрыстам, каб зразумець, што гэта не магчыма. Ці я быў затрыманы ў 21.45, ці бачыў, як білі вокны ў 22.21. Іншага не дадзена".  Далей А. Пачобут, выпускнік юрыдычнага факультэта ГрДУ, просіць генпракурора альбо вынесці пратэст на рашэнне суда аб ягоным прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, альбо распачаць у дачыненні да яго крымінальную справу за дачу загадзя ілжывых паказанняў.

10 сакавіка суддзя Магілёўскага абласнога суду Сяргей Каралёў пакінуў ў сіле рашэнні папярэдняй інстанцыі, згодна з якімі былі да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнутыя трое ўдзельнікаў пікету салідарнасці з арыштаванымі па палітычна матываванай крымінальнай справе аб масавых беспарадках: Валянцін Лабачоў (7 сутак арышту), Сяргей Нягацін (5 сутак) і шматдзетная маці Наталля Шкадун (папярэджанне). Таксама ў гэты дзень была пададзена чацвёртая скарга ад удзельніка акцыі студэнта гістфака Магілёўскага дзяржуніверсітэта Максіма Анцыповіча, якога асудзілі пазней за астатніх (штраф у памеры 15 базавых велічыняў – 525 тыс. руб.).

12 сакавіка Вярхоўны суд адхіліў скаргу Беларускага Хельсінскага камітэту, які спрабаваў абскардзіць папярэджанне, вынесенае праваабарончаму аб’яднанню Міністэрствам юстыцыі за неаб'ектыўныя, непраўдзівыя, няпоўныя зьвесткі, накіраваныя на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў і органаў юстыцыі. Падставай паслужыла накіраванне спецдакладчыку ААН у пытаньнях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль інфармацыі пра ціск уладаў на адвакатаў, што абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Судзьдзя Галіна Жукоўская пагадзілася з довадамі прадстаўнікоў Мінюста. Таксама яна адзначыла, што БХК выкарыстоўваў назву, якая не адпавядае статуту і стары штамп.

12 сакавіка набылі законную сілу вынесеныя раней прысуды па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у дачыненні да Дз. Новіка і А. Малчанава, пакараных пазбаўленнем волі на тры з паловай і тры гады адпаведна.  А. Атрошчанкаў і В. Парфянкоў, пакараныя на чатыры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, падалі касацыйныя скаргі і чакаюць іх разгляду ў Мінгарсудзе.

Вядомы журналіст і палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі звярнуўся з адкрытым лістом да Генпракурора Беларусі Р. Васілевіча ў сувязі са зняволеннем сына Аляксандра, які трэці месяц знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ за падзеі 19 снежня. "У мяне ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што над ім чыняць здзек, псіхалагічна ламаюць, ігнаруючы элементарныя нормы закону, - піша А. Класкоўскі. - Жонка Аляксандра Наталля дарэмна дамагаецца спаткання з ім. За два з паловай месяцы ад Сашы дайшло на волю толькі чатыры лісты, хоць, мяркуючы па тэкстах, напісаў ён значна болей". Журналіст адзначае, што пракуратура мусіць рэагаваць на выступы ў друку, калі гаворка ідзе аб парушэнні законнасці. "Тут жа, на мой погляд, законнасць проста топчуць. Адрэагуйце, спадар генпракурор!" - заклікае А.Класкоўскі. 

З 29 снежня 2010 г. кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, яго давераная асоба Сяргей Марцалеў і старшыня АГП Анатоль Лябедзька не могуць сустрэцца з адвакатамі. Фармальная прычына - нібыта адсутнасць вольных памяшканняў. Інфармацыі пра стан іх здароўя і ўмовы ўтрымання амаль няма, бо лісты з "амерыканкі" не даходзяць. 10 сакавіка Святлана Лябедзька звярнулася да прокурора Мінска з заявай, у якой называе сітуацыю недапушчальнай. Яна просіць правесці праверку умоваў утрымання яе мужа ў СІЗА КДБ, прыняць меры пракурорскага рэагавання і паведаміць аб іх. Таксама С.Лябедзька просіць «забяспечыць мужу права на абарону у поўным аб'ёме, абавязаць следства неадкладна прадставіць яму права на сустрэчу з адвакатам».  

Працягваліся допыты за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Так, 11 сакавіка ў КДБ быў выкліканы былы кандыдат у прэзідэнты, які знаходзіцца ў статусе падазраванага па арт. 293 КК РБ Дзмітры Ус. Наступны допыт яму прызначалі на 14 сакавіка. 12 сакавіка непасрэдна з заняткаў ва ўніверсітэце на допыт у КДБ быў дастаўлены актывіст “Маладога Фронту” Юльян Місюкевіч, які навучаецца на фізфаку БДУ.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства