3 сакавіка суд над назіральнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

2011 2011-02-28T14:51:44+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Супраць сябра аргкамітэта БХД, журналіста інтэрнэт-партала "Весткі" Кастуся Шыталя, які падчас галасаваньня на апошніх прэзідэнцкіх выбарах быў назіральнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ад БХК, складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яго вінавацяць у парушэнні артыкула 13 Выбарчага кодэкса. Нібыта Шыталь, з'яўляючыся назіральнікам, 15 снежня спытаў у студэнта прафліцэя, ці добраахвотна ён прыйшоў галасаваць датэрмінова.

Пратакол складала ў Глыбоцкім райвыканкаме Людміла Кароль, старэйшы юрыстконсульт райвыканкама. Паводле матэрыялаў справы, з якімі дазволілі азнаёміцца Кастусю Шыталю, заяву супраць яго напісала Марыя Мацулевіч, супрацоўніца ідэалагічнага аддзела Глыбоцкага райвыканкама. Падчас выбараў яна была вылучаная назіральнікам ад пралукашэнскаўскага "Беларускага саюза жанчын".

Марыя Мацулевіч сцвярджае ў сваёй заяве, што Кастусь Шыталь апытваў выбарцаў, якія прыйшлі на ўчастак, публікаваў няправільную інфармацыю ў інтэрнэце і пагражаў сябрам выбарчай камісіі. Пракуратура адмовіла ў распачацці крымінальнай справы па гэтай заяве.

Супраць Кастуся Шыталя была распачатая адміністрацыйная справа па артыкуле 9.10 (парушэнне выбарчага заканадаўства). Суд адбудзецца 3 сакавіка а 9-й гадзіне.

"Відавочна, што гэта прыдзіркі. Проста хтосьці жадае "адпомсіць" мне за назіранне за падлікам галасоў. Аднак на мяне такія "санкцыі" не падзейнічаюць, я буду працягваць рабіць сваю справу", - каментуе Кастусь Шыталь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства