viasna on patreon

Віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду аштрафавалі на 180 базавых велічыняў, што складае пяць с паловай мільёнаў рублёў

2006 2006-04-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20-га сакавіка актывіст Барыс Хамайда пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў прэзідэнцкіх выбараў выйшаў у цэнтар гораду з плакатам "Той, хто вытрымае ўсё, — уратуецца!" Гэта былі словы з Евангельля ад Мацьвея, якія міліцыянты з Чыгуначнага райаддзелу зразумелі як "выказваньне грамадзкіх і палітычных інтарэсаў", што і было запісана ў пратаколе пра затрыманьне. З гэтым меркаваньнем пагадзіўся і судзьдзя Чыгуначнага райсуду Юры Урбан, які аштрафаваў спадара Хамайду на 5 мільёнаў 580 тысяч рублёў за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Барыс Хамайда свае віны не прызнаў і з пастановаю судзьдзі ня згодзен. Радыё Свабодзе ен сказаў: "Я лічу, што словы Бібліі гавораць пра цярпеньне, заклікаюць людзей, каб пацярпелі, пакуль прыйдзе перамога. А судзьдзя падводзіць іх пад азначэньне пікету, нібыта яны выказваюць пэўны грамадзка-палітычны інтарэс. Ведаеце, я не хаджу ні ў сынагогу, ні ў іншы храм, але бог у мяне вось тут, у сэрцы. Мой прадзед быў рабінам у Вяліжы, ува ўзросьце 54 гадоў ён памёр пасьля Кастрычніцкага перавароту. Звалі яго — Пэйсах Штэйнгарт. Так што карані ідуць адтуль, і я веру ў Бога, веру, што ён дапаможа і кожнаму асобна, і ўсёй Беларусі. Я сапраўды ў гэта веру!"

Штрафу за словы з Бібліі на плакаце спадар Хамайда плаціць не зьбіраецца. Зрэшты, як і ўсе папярэднія штрафы, налічаныя яму з 1996-га году. Бо суды, сфармаваныя пасьля зьмены Канстытуцыі ў 1994-м годзе, ён ня лічыць легітымнымі, а таму не прызнае іхных рашэньняў. З тае самае прычыны ён не зьвяртаецца й да органаў улады па дазволы на свае акцыі. Адзінае, на што спадар Хамайда змушаны згаджацца, — арышты за палітычную дзейнасьць. Апошні такі арышт на 7 сутак закончыўся толькі 1-га красавіка — за арганізацыю віншавальнага пікету на Дзень Волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства