viasna on patreon

БХК: Прысуд Васілю Парфянкову - свядомае замацаванне фактаў для спраў у дачыненні да астатніх удзельнікаў Плошчы

2011 2011-02-18T20:22:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bhk-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Беларускага Хельсінкскага камітэта

17 лютага 2011 года пад старшынствам суддзі суда Фрунзенскага раёна Мінска Вольгі Комар адбылося судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе па абвінавачванні Васіля Парфянкова ў злачынстве, прадугледжаным ч. 2. арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (удзел у масавых беспарадках). Гэта першая крымінальная справа ў шэрагу маючых адбыцца судовых слуханняў па падзеях, якія адбыліся на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня 2010 года.  

Прысудам суда Васіль Парфянкоў прызнаны вінаватым як удзельнік масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся знішчэннем маёмасці, і прысуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Суд палічыў даказанай яго віну ў тым, што ён па папярэдняй змове групай неўстаноўленых асоб непасрэдна ўдзельнічаў у знішчэнні маёмасці і выключыў ягоны ўдзел ва ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады.

Прысудам усталяваны маёмасны ўрон у 14 млн. рублёў, ці каля € 3,5 тыс. (пабітае шкло Дома ўрада і пашкоджанні зялёных насаджэнняў на плошчы Незалежнасці), які павінен пакрыць асуджаны В. Парфянкоў.

У якасці доказаў судом даследаваліся паказанні абвінавачанага, які фактычна не прызнаў сваю віну ў інкрымінаваных дзеяннях, паказанні двух сведкаў, адзін з якіх пацвердзіў паказанні Парфянкова, а другі адмовіўся даваць паказанні са спасылкай на арт. 27 Канстытуцыі, прадстаўлены следствам кароткі відэаматэрыял падзей на плошчы Незалежнасці, а таксама пісьмовыя матэрыялы. На відэа відаць, што чалавек, падобны на Парфянкова, штурхае драўляныя загароды, якімі забарыкадзіраваныя ўжо пабітыя дзверы Дома ўрада.

На думку экспертаў РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт" даследаванне гэтых дадзеных не даказала не толькі віну Парфянкова, але і саму злачынную падзею - масавыя беспарадкі, г.зн. дзеянні натоўпу, што бясчынствуе, якія суправаджаюцца гвалтам над асобамі, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Па сэнсе арт.293КК менавіта такія дзеянні ўтвараюць дадзены склад злачынства.

Верагодна, менавіта адсутнасць доказаў падахвочвае органы крымінальнага пераследу вылучаць справы ў асобную вытворчасць у дачыненні да розных удзельнікаў акцыі і фрагментарна разглядаць гэтыя падзеі. Дадзеныя дзеянні здзейсненыя насуперак патрабаванням арт.165 КПК (вылучэнне крымінальнай справы), і гэта істотна адбілася на ўсебаковасці, паўнаце і аб'ектыўнасці даследавання абставін крымінальнай справы ў судовым пасяджэнні.

Варта памятаць, што ў адпаведнасці з ч.1 арт. 106 КПК Рэспублікі Беларусь пасля ўступлення ў законную сілу прысуд па гэтай крымінальнай справе будзе з'яўляцца абавязковым для органа, які вядзе крымінальны працэс, пры вытворчасці па крымінальнай справе ў дачыненні як устаноўленых абставінаў, так і іх юрыдычнай ацэнкі. Гэта значыць дзейнічае так званы прынцып прэюдыцыі - абавязковасці для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі і доказаў факты і іх прававую ацэнку, раней прызнаныя судовым рашэннем, што ўступіла ў законную сілу.

Такая арганізацыя расследвання спраў, іх судовага разгляду не пакідае месца для рэальнай абароны ад неабгрунтаваных абвінавачванняў. Пасля ўступлення ў законную сілу прысуда Васілю Парфянкову ўсе наступныя справы будуць прытрымлівацца гэтага «абвінаваўчага лякала».

Акрамя таго, умяшальніцтва вышэйшых службовых асобаў дзяржавы ў расследаванне дадзенай крымінальнай справы, кампанія па дэзінфармацыі грамадства аб падзеях на пл.Незалежнасці ў дзяржаўных медыя дазваляе сцвярджаць аб палітычнай матываванасці неабгрунтаванага прысуду.

БХК яшчэ раз заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх асоб, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай па абвінавачванні ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 года і забяспечыць павагу правоў чалавека, гарантаваных беларускім заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства