Справа Дзмітрыя Мядзведзя перадаецца ў суд

2011 2011-02-18T15:13:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kryminalnajasprava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзмітрыя Мядзведзя, аднаго з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня ў Менску, азнаёмілі з матэрыяламі справы, якая перадаецца ў суд. Яго абвінавачваюць па ч.2 ст.293 КК РБ. Пра гэта яго жонка Таццяна даведалася ад адваката.

Таццяна Мядзведзь паведаміла, што ў пятніцу 11 лютага яна даведалася ад адваката, што следства скончана, Дзмітрыю прад'яўленае канчатковае абвінавачанне - "удзел у масавых беспарадках".

Таццяна таксама распавяла, што ёй дазволілі спатканне з мужам:

- З просьбай пра спатканне я звярталася тройчы. У першы раз яны сказалі, што прыкладуць маю просьбу да справы і ў канцы следства разгледзяць магчымасць спаткання. У другі раз мне адказалі, што ўжо ў ходзе следства разгледзяць просьбу пра спатканне. І вось ужо ў трэці раз адвакат паведаміў мне, што, хутчэй за ўсё, паколькі справа ідзе ў суд, спатканне дазволяць. Я паехала да следчага, і ён даў мне дазвол на спатканне.

Таццяна кажа, што пасля сустрэчы з мужам трохі супакоілася. Да гэтага яны толькі перапісваліся. Піша мужу яна штодня і адзначае, што ўсе лісты і перадачы да яго даходзяць і ён кожны дзень адказвае ёй - «каб я ведала, што з ім там усё добра».

- Я вельмі перажывала: што там, як ён, ці не зламаўся чалавек, таму што любы чалавек, які трапляе туды, наўрад ці можа адэкватна на гэта ўсё рэагаваць. Убачыла яго - трошкі супакоілася. Кажа, што ўсё нармальна - «нармальная мужчынская абстаноўка, праблем няма». На спатканні я змагла нават паказаць здымкі сына (хоць усе казалі, што не дазволяць), якому споўніўся годзік 16 студзеня - з татам у адзін дзень нарадзіўся. Муж верыць у тое, што ўсё скончыцца добра і неўзабаве ён вернецца дадому да сям'і, - кажа з надзеяй Таццяна.

Дзмітрый Мядзведзь быў затрыманы на плошчы Незалежнасці 19 снежня. Пасля адбыцця 10-сутачнага арышту затрыманы па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. 6 студзеня яму было прад'яўленае абвінавачванне па чч. 1 і 2 арт. 293 КК. Утрымліваецца пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства