Зьміцер Марчук: РЭЖЫМ ДУМАЕ, ШТО НАС ЗЛАМАЕ ТУРМАМІ, А МЫ І ТАМ ЗМАГАЛІСЯ ЗА СВАЕ ПРАВЫ І ЯШЧЭ БОЛЬШ ЗАГАРТАВАЛІСЯ.

2006 2006-04-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Я, Зьміцер Марчук, 39 гадоў, бацька 2 дзяцей, эканаміст-мэнэджар з дзьвума вышэйшымі адукацыямі, былы талаковец і народны франтавік (з 1989 года), сацыял-дэмакрат (з 1995) і хрысьціянскі дэмакрат (з 2005), палітычным вязенем лукашэнкаўскага рэжыму стаў ужо ў трэці раз, калі не лічыць некалькіх арыштаў на тры гадзіны. Упершыню я патрапіў у турэмную камэру на вул. Акрэсьціна ў Менску ў 1996 годзе ў 10-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нас схапілі тады ў штабе Народнага Фронту позна ўвечары, калі мы мірна глядзелі тэлевізар. Дзьвухмятровыя гарылы ў масках і бронекамізэльках выносілі нас за рукі і ногі, кідалі ў перапоўнены аўтобус і пужалі, што павязуць растральваць на Курапаты. Праз некалькі гадоў я быў асуджаны на 3 сутак за супроцьдыктатарскія лёзунгі пад час першамайскай дэманстрацыі. Мяне схапілі на вакзале, калі я сядаў на тралейбус. Апошні раз я быў схоплены на Кастрычніцкай плошчы імя К.Каліноўскага 24.03.2006 а 3 гадзіне ночы, калі стаяў у ланцугу вакол намётавага гарадку. Узяўшы адпачынак на працы, я ад пачатку ад 19 сакавіка да арышту быў на майдане, пратэстуючы супроць фальсіфікацыі цяперашніх і мінулых выбараў і рэферэндума, на якіх я быў назіральнікам і сам фіксаваў злачынствы. І гэтым разам нас штурхалі ў крытыя грузавікі так шчыльна, што сядзелі адзін на адным і не хапала паветра. Нас было столькі, што рэпрэсіўная сістэма, распіхваючы нас па судах і камерах цэлыя суткі, не пасьпела нават пакарміць. У 1996 годзе нас не кармілі ажно на працягу 3 сутак і не прыймалі перадачкаў! Але грошай спагналі за ўтрыманьне за ўсе дні арышту. Ўжо тады прымянялася практыка сталінізму судзіць людзей “двойкай”. Суддзя і сакратар судзілі нас проста ў будынку турмы. Тады яшчэ можна было гандлявацца, каб скараціць тэрмін зьняволеньня ад 15 да 5 суткаў, бо я патрабаваў адваката. На гэты раз ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска суддзя Песенко Н.Н. асудзіла мяне на 10 суткаў на падставе рапартаў работнікаў міліцыі А.А.Тытова і А.В.Дарковіча. Ізноў суд рабіўся “двойкай”, без адваката і сьведкаў. Камэры былі перапоўненыя, хоць і пабудавалі новы будынак размеркавальніка на Акрэсьціна і шмат каго разьвезьлі па іншых турмах. Ў пяцімясцовыя камэры саджалі па 8 чалавек, хоць апэратару БТ сказалі, што па 5. Але і гэта прагрэс, бо меньш, чым ў 1996 годзе, калі ў 8 мясцовую камеру саджалі па 23 чалавекі. Як і тады, зараз даводзілася спаць па чарзе або па два чалавекі на адным месцы. І хоць у новым корпусе больш прасторныя камэры, новыя кафлявыя рукамыйнікі і агароджаныя прыбіральні, усё ж батарэі былі амаль халодныя. Таму прыходзілася спаць у вопратцы, у якой нават на майдане ў маразы было цяплей, чым у камэры. Пасьля першай жа ночы я прастыў. У многіх з’явіўся насмарк і кашаль. У апошні дзень захварэў апошні здаровы хлопец. Ад таго, што нары сталі ў выглядзе дзьвухпавярховых ложкаў, яны такія ж драўляныя, як і ў старым будынку. Ня было ні матрацаў, ні коўдраў, якія для нас нават было забаронена перадаваць з дому. Забаронена было выводзіць на прагулкі, нават на прыборку тэрыторыі. У камэрах была антысанітарнае становішча, бо корпус не быў яшчэ пасьля будоўлі забяспечаны швабрамі і анучай для мыцьця падлогі. Мы кашлялі не толькі ад холаду, але і ад пылу, які назьбіраўся пад ложкамі таўшчынёй у 3-5 см. Для фармальнасьці прыходзіла доктарша, яле лекаў у яе не было. Яна параіла, каб я папрасіў у бацькоў, каб прынесьлі лекі. Але нам забаронена было званіць дамоў ад самага пачатку, і нашыя мабільныя тэлефоны былі адабраныя разам зь іншымі рэчамі. Міліцыянты ўчынілі нават паляваньне за мабільнікамі: нас двойчы выводзілі з камэры і рабілі вобыскі. Мае бацькі і жонка не ведалі на працягу трох дзён, дзе я, і таму вельмі перажывалі, што са мной. Мой 75-ці гадовы бацька, шукаючы мяне, тэлефанаваў і прыходзіў на Акрэсьціна, але міліцыянты маўчалі і кідалі трубку або хлусілі, што мяне няма ў сьпісах заключаных. Так прастаяў ён з раніцы да абеду на холадзе. Міліцыянты адаганялі яго і іншых наведвальнікаў далёка ад турэмнай брамы. Не хацелі браць у людзей і перадачаў. Рэпартаж аб гэтым быў паказаны на ўсю Эўропу па Эўрабачаньні. Ён так і сказаў, што іншага і не можна чакаць ад дыктатуры. Лічу, што і сваякі заключаных таксама - героі і пакутнікі рэжыму. Мы нават у турме змагаліся за свае правы, як маглі. На працягу некалькіх дзён мы патрабавалі і прасілі ўключыць мацней атапленьне, даць магчымасьць патэлефанаваць дамоў, прынесьці нам швабру і анучу, даць лекаў, звадзіць у душ і на прагулку, палепшыць харчаваньне, выключаць святло ў начы і ўключаць удзень. Некаторыя патрабаваньні былі выкананыя. Праўда, лекі выдалі вельмі позна і толькі мне аднаму - ампіцылін, якім я падзяліўся зь іншымі. Усім прыйшлося далечвацца дома. І пратэставалі мы, як маглі. Мы вярталі няякасную ежу, крычалі “Жыве Беларусь” і два варыянты “міліцыя з народам”, сьпявалі патрыятычныя песьні, маліліся супраць д’яблавай улады на Беларусі і чыталі гучна Біблію, на хамства міліцыянтаў адказвалі дабразычлівасьцю, гумарам і абяцаньнем паскардзіцца ў апаведныя ворганы і ў АБСЕ. Так, адзін з міліцыянтаў, ад якога мы патрабавалі ставіцца да нас, як да людзей, адказаў, што ён таксама не сабака. І гэта гучала сьмешна, бо ён не гаварыў, а лаяўся. Адзінае, на што мы не адважыліся, дык гэта на галадоўку, як некаторыя ў іншых камерах. Вырашылі, што гэтаму антычалавечаму рэжыму напляваць на нашае здароўе і нашае жыцьцё. І без галадоўкі ў турме здароўе ўжо было падарванае. Вялікай падтрымкай была перадачка ад пратэстантскай царквы, з брашуркай “Хлеб наш надзённы”, дзе змешчаная цэдулка са словамі ўдзячнасьці і падбадзёрваньня, што вернікі за нас моляцца і посьцяцца, называючы нас героямі Беларусі і абаронцамі праўды, якая ад Бога.
Разам са мной у камэры №37 сядзелі: доктар тэрапеўт Вееўнік Віктар Юльянавіч 1955 г.н., дантыст Жлоба Сяргей Анатольевіч 1970 г.н., эканаміст Рахманаў Павел Аляксандравіч 1983 г.н., праграміст Брадзінскі Аляксандр і студэнты: Васількаван Мікіта Сяргеевіч, Сінькевіч Павел Валер’евіч і Садоўскі Іван Сяргеевіч. Слава героям!

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international