viasna on patreon

Таісія Кабанчук: "Начальнік на Акрэсьціна пагражаў Вадзіму крымінальнай справай"

2011 2011-02-16T15:39:52+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Маці арыштаванага Вадзіма Кабанчука, магілёўская абласная каардынатарка БХД Таісія Карпаўна Кабанчук дабілася сустрэчы з начальнікам цэнтра ізаляцыі на Акрэсьціна Сяргеем Карповічам. У размове зь ёй Карповіч заявіў, што гэты адміністрацыйны прысуд Вадзіму не канчатковы, і пры далейшым разьбіральніцтве супраць яго можа быць распачатая крымінальная справа.

У інтэрвію прэс-службе БХД Таісія Кабанчук распавяла пра свае нядаўнія дачыненьні з судовай-карнай беларускай сістэмай пры спробе высьветліць лёс свайго сына Вадзіма Кабанчука, затрыманага на літоўскай мяжы яшчэ ў нядзелю 13 лютага. 2 дні Таісія Капраўна абрывала тэлефоны розных канцылярыяў міліцыі, судоў і СІЗА, каб даведацца, дзе ж знаходзіцца яе сын. Цяпер яна зьбіраецца падаваць скаргі на гэтыя ўстановы з хаваньне інфармацыі і сьвядомы падман.

"Увесь панядзелак 14 лютага я сядзела ля тэлефона, набіраючы то дзяжурную частку, то канцылярыю Ашмянскага суда, і ніхто нічога пэўнага пра Вадзіма ня мог мне сказаць. А ўвечары мне параілі патэлефанаваць на Акрэсьціна, і там мне нарэшце пашанцавала: сказалі, што Вадзіма Міхайлавіча Кабанчука сапраўды нядаўна прывезьлі да іх і заўтра будуць судзіць ў Маскоўскім судзе Менска.

Ужо з 9 ранку мы з нашымі сябрамі з БХД дзяжурылі ў гэтым судзе, каб паспрабаваць перадаць Вадзіму цёплыя рэчы, ежу і пітво, і даведацца, чым скончыцца суд. Але ні ў адной з канцылярыяў гэтага суда нам не давалі ніякай інфармацыі, рабілі выгляд, што шукаюць у кампутары, ды казалі, што на Кабанчука Вадзіма ў іх няма матэрыялаў. Апошні раз мы пыталіся пра Вадзіма ў канцылярыі па адміністратыўных справах у 12-45, і яны ізноў пацьвердзілі, што ў іх няма ніякіх зьвестак, і яны нічога ня ведаюць.

Хаця, як высьветлілася пасьля, ужо ў 12-15 па Вадзіму ўжо было вынесенае рашэньне ў гэтым судзе: 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта мне распавялі ўжо на Акрэсьціна, куды я паехала, каб нарэшце высьветліць, за што і дзе асудзілі сына, і чаму ад мяне хаваюць гэтую інфармацыю.

Там я з дапамогай Віталя Рымашэўскага, пагражаючы падачай скаргі ў пракуратуру, дамаглася сустрэчы з начальнікам ЦІПа маёрам Карповічам Сяргеем Іванавічам. Толькі ён мне нарэшце распавёў, што асуджаны Вадзім па артыкуле 23.34 ч1 за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года ў Менску. Таксама ён сказаў, што гэты прысуд не канчатковы, справа гэтым можа ня скончыцца, і калі яны знойдуць нейкія факты і абставіны, якія будуць указваць на іншую ролю майго сына на Плошчы, гэта можа скончыцца крымінальнай справай.

Карповіч сам пытаўся ў мяне, дзе быў Вадзім 19-га, ці быў на Плошчы. Я адказала, ну мабыць, быў, калі вы яго за гэта пасадзілі. А наконт фактаў для крымінальнай справы,  іх у прынцыпе быць не магло, я ведаю свайго сына, ён - хрысьціянін.

Карповіч 40 хвілінаў тлуміў мне галаву, як добра жыць у гэтай краіне і якія дрэнныя тыя лідэры, што прывялі людзей на Плошчу, як яны зарабілі вялікія грошы, і цяпер з-за іх сядзяць, можа, і нявінаватыя людзі. 

Ён казаў, што ў  Вадзіма ж было ўсё і грошы, і ежа, чаго яму не хапала, а я спрабавала  давесьці, што на такім прымітыўным узроўні ўсё грамадзтва жыць ня можа, ёсьць людзі, якія хочуць большага, маюць больш высокія думкі.

Увогуле я, ня проста як маці, а  як падаткаплацельшчык, грамадзянін РБ, які усё жыцьцё працаваў,  абураная, што на нашыя грошы набудавалі такую махіну, усю гэтую сістэму клеркаў ва ўстановах, у якой я два дні не магу здабыць інфармацыю пра канкрэтнага чалавека, пра сына.

Гэты Карповіч кажа пра нейкае добрае жыцьцё ў нашай краіне. Ён і БТ адно кажуць адно, а жыцьцё іншыя карцінкі малюе, людзі бачаць іншае. На хлусьні грамадзтва будавацца ня можа, яна разбурае гэта грамадзтва, як ракавая пухліна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства