Amnesty International: Праваабарончы цэнтр “Вясна” мэтанакіравана пераследуюць за законную праваабарончую дзейнасць

2011 2011-02-15T14:43:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/amnestyinternationaldaklad.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Amnesty International лічыць, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” і яго супрацоўнікаў мэтанакіравана пераследуюць за законную праваабарончую дзейнасць, і просіць вярнуць усё канфіскаванае падчас ператрусу абсталяванне. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным уплывовай міжнароднай арганізацыяй дакладзе – “Бяспека, мір і парадак?”: Парушэнні пасля выбараў у Беларусі”.

У дакладзе Amnesty International асобнае месца адводзіцца становішчу праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў-2010. У публікацыі гаворыцца, што “ад дня дэманстрацыі 19 снежня адзначаліся паўсюдныя парушэнні правоў тых, хто фіксаваў парушэнні правоў чалавека і імкнуўся падтрымаць ахвяраў міліцэйскага самавольства, а таксама тых, каго несправядліва абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў”. Далей адзначаецца, што ўлады, якія дзейнічаюць насуперак абавязальніцтвам Беларусі як удзельніцы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, нагнятаюць атмасферу страху праз ціск на праваабарончую супольнасць краіны:

“Праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі дзейнічаюць у варожай абстаноўцы, і Amnesty International дакументальна адзначала тыя цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца пры рэгістрацыі арганізацый і ажыццяўленні сваёй дзейнасці.
Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, яны выконваюць неацэнную працу, фіксуючы парушэнні правоў чалавека і аказваючы прававую дапамогу насельніцтву. Пасля выбараў 19 снежня становішча тых нешматлікіх арганізацый, якія працягваюць адсочваць парушэнні правоў чалавека, толькі пагоршылася. КДБ праводзіў ператрусы ў праваабарончых арганізацыях па ўсёй краіне, адбіраў іх маёмасць і дапытваў супрацоўнікаў. Маштаб гэтых дзеянняў наводзіць на думку аб тым, што ўлады маюць намер не столькі праводзіць абгрунтаванае расследаванне, колькі запалохваць праваабарончыя арганізацыі”.

Прыводзячы ў сваім дакладзе такія інцыдэнты, як затрыманне ў ноч на 20 снежня старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака, які ажыццяўляў маніторынг выканання правоў дэманстрантаў, ператрусы ў офісах БХК і ПЦ “Вясна”, а таксама ў прыватных жылых памяшканнях кіраўнікоў арганізацый Алега Гулака і Алеся Бяляцкага, афіцыйнае папярэджанне Мінюста на адрас БХК з нагоды дакладу арганізацыі Спецыяльнаму дакладчыку ААН, Amnesty International заклікае беларускія ўлады забяспечваць права на свабоду аб'яднанняў і права БХК, “Вясны” і іншых няўрадавых арганізацый на законную дзейнасць па абароне правоў чалавека.

“Закручванне гаек”, якое паследвала за прэзідэнцкімі выбарамі 19 снежня, паставіла чарговы рэкорд са знакам мінус у тым, што тычыцца стану правоў чалавека ў Беларусі. Адзіны спосаб спыніць гэта - неадкладна вызваліць усіх вязняў сумлення, пачаць выконваць правы затрыманых і правесці дбайнае, бесстаронняе і незалежнае расследаванне парушэнняў правоў чалавека. Як паказалі нядаўнія падзеі, бяспека асобна ад выканання правоў чалавека не існуе”, - гаворыцца ў Заключэнні дакладу.

Amnesty International сярод іншага рэкамендуе беларускім уладам “паклапаціцца аб тым, каб праваабаронцы, юрысты і іншыя суб'екты грамадзянскай супольнасці маглі бесперашкодна весці законную дзейнасць, не асцерагаючыся рэпрэсій ці сабатажу; вярнуць камп'ютэрнае абсталяванне і іншыя матэрыялы, канфіскаваныя з офісаў Беларускага Хельсінкскага камітэта, Праваабарончага цэнтру “Вясна” і іншых праваабарончых і грамадскіх арганізацый”.  
Арганізацыя таксама заклікае міжнародную супольнасць асудзіць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і ў ходзе любога дыялогу ставіць пад пытанне палітыку беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства