Студэнтаў прымушаюць падпісаць зварот, што асуджае санкцыі Еўрасаюзу

2011 2011-02-15T13:44:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

 Першая заява – ад Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

У звароце адзначаецца, што студэнты выступаюць супраць санкцыяў, падрыхтаваных з удзелам беларускай апазіцыі. «Апазіцыянеры надта часта кіраваліся не інтарэсамі беларускага народу, а сваімі ўласнымі. Мы перакананыя, што гэтыя людзі задавальняюць свае амбіцыі коштам дыскрэдытацыі рэпутацыі сваёй роднай краіны. Апроч таго, нам шчыра шкада, што імідж Рэспублікі Беларусь фармуецца аднабакова: са словаў асобаў, якіх у нашай краіне не ведаюць, якім не давяраюць, якіх не паважаюць», – гаворыцца ў заяве.

Паводле студэнта 4-га курсу Акадэміі Андрэя В., супрацоўнікі рэктара ў ідэалагічнай працы правялі размову са студэнтамі ды заклікалі актыўна выказвацца супраць санкцыяў Еўрасаюзу. «Нам сказалі, што мы першыя выступаем з такою заяваю, што ўсе астатнія ўніверсітэты таксама да яе далучацца. Найперш падпісацца мусілі сябры прафсаюзу, БРСМ і тыя, што жывуць у інтэрнаце. Прычым адміністрацыя настойвала: хто не падпішацца, будзе мець праблемы ў летнюю сесію. Большасць студэнтаў не сталі аспрэчваць загаду і паставілі свой подпіс», – паведаміў студэнт.

Ва ўпраўленні БРСМ Акадэміі каментаваць заяву адмовіліся, аднак зазначылі, што яна мае ўнутраны характар і ў Еўропу не пойдзе, нягледзячы на тое, што ў дакуменце гучыць зварот да найвышэйшага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Дарэчы, дзяржаўныя СМІ забавязаныя надрукаваць зварот студэнтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства