viasna on patreon

Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі

2011 2011-02-15T13:09:02+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/racyja-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.

Праграма складаецца з наступных рубрык: “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.

Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05 (паўтор - серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.

Сёння, 15 лютага, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць “Хроніка пераследу” - агляд парушэнняў правоў чалавека, у якім прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.  

9 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай Місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі сумесна з Цэнтрам прававой трансфармацыі прадставілі вынікі даследавання сведчанняў грамадзян, затрыманых падчас акцыі ў Менску ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 году. У ходзе даследавання было апрацавана 205 анкет, запоўненых ўласнаручна рэспандэнтамі, затрыманымі падчас публічнай акцыі. Узрост рэспандэнтаў ад 18 да 61 года; 43 з іх - жанчыны, 162 - мужчыны. Высновы, зробленыя ў выніку вывучэньня анкет – гэта масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Больш за тое, на сённяшні дзень у беларускіх праваабаронцаў ёсць падставы сцвярджаць, што неналежныя ўмовы ўтрымання выкарыстоўваюцца як інструмент катаванняў, а адсутнасьць грамадскага кантролю за ўстановамі закрытага тыпу ў рэспубліцы з’яўляецца адной з прычынаў дрэннай сітуацыі з умовамі ўтрымання пад вартай у краіне. Менавіта гэтай тэме прысвечана “Падзея тыдня”

Далей у праграме інтэрвію з Сабірай Атакішыевай, маці арыштаванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Івана Гапонава. Ягоная справа і справа яшчэ аднаго расійскага грамадзяніна Арцёма Брэўса ўжо накіраваныя на разгляд у Менскі гарадзкі суд. 3 лютага кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў назваў непрымальным знаходжанне двух грамадзянаў Расіі пад арыштам у Беларусі.

11 лютага калегія Вярхоўнага суду Беларусі пад старшынствам намесніка старшыні ВС Валерыя Калінковіча адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі асуджанага да вышэйшай меры пакарання жыхара Гомельшчыны Ігара Мяліка. Пра гэта ды іншая актуальная інфармацыя па праблеме смяротнага пакарання - у рубрыцы “Захаваем жыццё”.

У музычных паўзах прагучаць кампазіцыі легендарнага беларускага рок-гурту “Мроя”.

 

Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.

https://spring96.org/sites/default/files/2011-02-15_Ludzmi_Zvacca.mp3

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства