viasna on patreon

"СВАБОДА НАМ ДАВАЛА СІЛЫ" Сведчанні ўдзельнікаў падзеяў у ноч з 23 на 24 сакавіна на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску

2006 2006-04-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Я пачуў, як хлопец, які стаяў перад мной сказаў: "Ну, усё хлопцы! Памятайце, што з намі праўда..." У гэты момант людзі пачыналі гучна маліцца. Некаторыя дзаўчаты яшчэ наіўна крычалі наш лозунг "Міліцыя з народам!". Праз слёзы. Многія плакалі, размаўлялі са сваімі сябрамі ці бацькамі па тэлефоне. Некаторыя спрабавалі знайсці ў цемры свае рэчы..."- так пра падзеі ночы 24 сакавіка ўзгадвае удзельнік акцыі Міхась Чыжык. Ён, а таксама каля пацісот чалавек былі затрыманыя ў гэтую ноч у намётавым мястэчку ў цэнтры Мінска. Такой колькасці затрыманых Беларусь яшчэ не ведала. Для арыштаваных не хапіла месца у турмах. Судовы канвеер за хвіліны вырашаў іх лёс. Сярод затрыманых была Аксана Рудовіч.

Аксана: Калі нас павялі на дасмотр мяне прымусілі распрануцца. Вопрадку праверылі і вярнулі. Потым падыйшоў нейкі чалавек ў цывільным і сказаў жанчыне, якая нас дагледжавала: "ты с ними поосторожннее, я потом тебе расскажу, что это за контингент, и чем все это пахнет". Гэтыя бедныя жанчыны, глядзелі на нас з такой боязьзю...
У мяне было даволі шмат рэчаў, але мне дазволілі іх з сабой узяць, бо мы былі не проста "зэчкі", а "палітычныя"...
Міхась: Я быў затрыманы ноччу, 24 сакавіка. Гэта была другая ноч, калі я застаўся на плошчы.

- Чаму ты вырашыў застацца?
Міхась: Я думаю, што проста не змог бы заснуць, ведаючы, што мае сябры, аднадумцы змагаюцца за нашую свабоду. Мне было б проста сорамна, калі б яны перадолелі свой страх і свою стому, а я не змог. Я дзейнічаў згодна са сваім сумленнем. Маё месца было побач з імі - там, на плошчы. Хоць я быў вельмі стомлены і мне хацелася спаць.
Гэта была перадапошняя ноч перад Днём Волі 25 сакавіка. У нейкім сэнсе гэты час быў вырашальны. Мы вельмі хацелі пратрымацца да Дня Волі. З кожнай ноччу на Кастрычніцкай плошчы з’яўлялася ўсё больш і больш намётаў. Людзі нас падтрымлівалі, далучаліся да акцыі. Падчас разгону на плошчы стаяла каля 40 намётаў - гэта значна больш чым напярэдадні. Улады, відаць, гэтага і баяліся, што калі нам дазволяць стаяць яшчэ, то колькасць намётаў павялічыцца ў два ці ў тры разы, і тады нас будзе складана разагнаць.

Штовечар на плошчу прыходзіла каля пяці тысяч чалавек, якія ўдзельнічалі ў мітынгу, слухалі прамовы музыку. Каля 11-12 гадзін заставаліся толькі тыя, хто абараняў намётвае мястэчка ноччу. Пасля 12.00 было вельмі небяспечна зыходзіць. У метро і ў дварах людзей затрымлівалі. Таму "умовай выжывання" было трымацца разам. Ноччу мястэчка было самым бяспечным месцам. Навокал хадзілі кэдэбэшнікі, міліцыя. Было страшна выходзіць. Мы ведалі, што тыя, хто сыходзілі, проста знікалі.

- Якая атмасфера была ў самым мястэчку?
Аксана: Было два, а ў некаторых месцах тры шэрагі аховы вакол намётаў. Хлопцы трымалі расцяжкі, плакаты і сцягі. У сярэдзіне былі дзяўчаты, якія разносілі ежу, гатавалі. Я асабіста запрашала ўсіх: "ну выпіце гарбаткі, з’ешце шакаладку, вам тут яшчэ столькі стаяць..." Там была вельмі добрая атмасфера. Я часткова туды пайшла з-за той добрай атмасферы, атмасферы свабоды. У гэтым вельмі дапамагала музыка. Таксама ўсіх нас яднала адна ідэя. Мы былі разам.

Міхась: Нас аб’ядноўвала і тое, што мы ўсе вельмі рызыкавалі. Тым былі людзі гатовыя да затрыманняў, збіцця, рэпрэсіяў, арыштаў, выключэння з універсітэтаў, звальнення з працы. Людзі ведалі на што яны ішлі, але яны не маглі дзейнічаць інакш.

Аксана: Удзень і ўначы трэба было паводзіць сябе вельмі асцярожна, дзеля таго, каб твае паводзіны не паказалі з дрэннага боку. Напрыклад, некаторыя мае сяброўкі, якія не падтрымлівалі нас, а проста неяк пайшлі гуляць на Кастрычніцкую плошчу, трымалі ў руках бутэльку піва. Іх вельмі ветліва папрасілі адыйсці ад наметавага мястэчка.

Міхась: Быў загад праз ланцуг нікога не пускаць. Калі нехта хацеў прайсці ў лагер, ён павінны быў падыйсці да нас, мы ўважліва глядзелі на яго, у ягоны твар і вызначалі наш гэта чалавек, ці не. Часцей за ўсё гэты было вельмі проста вызначыць, бо нават калі кэдэбэшнік абляпляе сябе значкамі і налепкамі, то на твары ў яго напісана хто ён. Таксама калі чалавек хацеў патрапіць у мястэчка мы пыталіся каго ён ведае. Ён мусіў патэлефанаваць свайму сябру, каб той падыйшоў і даў яму рэкамендацыю. А калі чалавек нікога не ведаў, мы давалі яму нейкае выпрабаванне. Напрыклад, пастаяць некалькі гадзінаў у знешнім коле абароны. У ноч з серады на чацьвер адбыўся такі выпадак. Я стаяў у знешнім ланцугу абароны, якраз у тым месцы, дзе быў прапускны пункт.
Некаторыя кэдэбэшнікі прыходзілі і поўгадзіны ці гадзіну дурылі нам галаву, рознымі сродкамі ўгаворвалі нас прапусціць унутр. Адзін з іх увесь час казаў, што ён павінны сфатаграфавацца побач з намётам і бел-чырвона-белым сцягам дзеля таго, каб паслаць гэты фатаздымак сябру-замежніку. Іншы чалавек, хутчэй за ўсё таксама з Камітэта дзяржаўнай бяспекі, нават стаў на калені перад бел-чырвона-белым сцягам, які мы трымалі і пачаў яго цалаваць. І кажа: "дайце мне пацалаваць беларускую святыню". Чмокае і гукае: "Жыве Беларусь, жыве Беларусь!" А пасля ўстае і гаворыць нам з дакорам: "і чаму гэта мяне не пускаюць туды, дзе лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі?" Нават ня гледзячы на тое, што ён размаўляў па-беларуску, было відавочна, што ягоныя паводзіны былі ненатуральныя.
У апошнюю ноч было вельмі шмат правакацыяў. Недзе каля гадзіны, калі метро даўно ўжо не працавала, з пераходу выйшлі каля пяці чалавек на падпітку. Яны крычалі вельмі непрыстойныя словы, абражалі нас і загадвалі пакінуць плошчу. Яны сварыліся і правакавалі бойку. Мы разумелі іхнія мэты і таму стаялі спакойна: ім не адказвалі і не спрачаліся. Тады адзін з іх падляцеў да хлопца, які стаяў у абароне, і пачаў біць яго па нагах. Той хлапец быў вымушаны цярпець і не адказваць на гэтыя дзеянні. У выпадку, калі б пачалася бойка міліцыянты маглі б нас вельмі хутка паарыштоўваць і абвінаваціць у хуліганстве. Я думаю, што гэты была іхняя мэта. Нашыя людзі не паддаваліся на такія правакацыі і стрымліваліся, нават калі іх проста білі. Аднаму АМАПаўцу відаць, стала сорамна глядзець на гэта, і ён адвёў таго правакатара ўбок. Такіх выпадкаў было шмат. Калі на правакацыі ніхто не паддаваўся ў адным месцы, яны пераходзілі ў іншае. Адны правакатары сыходзілі, а на іх месца праязджалі новыя. Так было на працягу некалькіх гадзінаў перад разгонам.

- Што адбывалася ўнутры мястэчка ў гэты час?
Аксана: Унутры... Я бы сказала, што там было вельмі ўтульна. На зямлі былі раскладзеныя дзве вялікія прасціны. На іх адна дзяўчына малявала надпіс - запрашэнне на 25 сакавіка. Намёты, кухня - жыццё кіпела. Нам прынеслі партатыўную газавую пліту з балончыкамі, на якой мы грэлі ваду. Гарачую ваду мы выкарыстоўвалі вельмі эканомна. Дзяўчаты разносілі гарбату, ежу, трымалі сцягі, падтрымлівалі хлапцоў, якія стаялі ў абароне. Размаўлялі, жартавалі, танцавалі. Было халодна, але можна было патанчыць, парухацца і адразу ж станавілася цяплей.

Міхась: Мы кожную ноч чакалі разгону. Кожную ноч нехта гаварыў, што нас разгоняць. Таму ў чуткі ўжо ніхто не верыў, але ўсе чакалі... Псіхалагічная атмасфера была даволі цяжкая. Мы адчувалі сябе "пад прыцэлам", статкам авечак, вакол якога ходзяць чорныя ваўкі. Яны выглядалі як сапраўдныя ваўкі у чорным. Кожную "авечку", якая адбівалася ад статку "з’ядалі" гэтыя "ваўк". Гэта значыць, што кожны, хто ноччу сыходзіў з плошчы да дому не даходзіў.

Аксана: Але з кожным днём страху станавілася ўсё менш. Я сама больш за ўсё баялася ісці на акцыю 19 сакавіка. Пасля ўсіх гэтых чутак пра выбухі, тэрарыстаў, падавался што ўсіх разгоняць адразу. Але мы пратрымаліся першую ноч, другую... Людзей станавілася ўсё больш. Свабода давала энергію.

- Як пачалася ліквідацыя лагеру?
Міхась: Яшчэ да таго як пад’ехалі машыны, каля трох гадзінаў ночы з боку Палацу Рэспублікі выйшла група міліцыянтаў, каля 20 чалавек і накіраваліся да намётавага мястэчка. Яны мінулі нас і падыйшлі да дарогі. Да іх адразу падбеглі журналісты, каля 10-15 чалавек. Усе чакалі, што будзе. Нам падалося, што міліцыя хоча зрабіць нейкую заяву. Але журналістам забаранілі вяртацца. Іх адвялі далей па праспекту, і яны так і стаялі ў коле міліцыі. Было забаронена здымаць. Атмасфера ў мястэчку пачала мяняцца. Людзі зразумелі, што адбываецца нешта дрэннае.

Аксана: Хлопцы адказныя за абарону кожнага сектару казалі ўсім не зыходзіць са сваіх пазіцыяў, стаяць, мацней трымацца.

Міхась: Праз некаторы час з праспекту, з боку цырку выехала браніраваная машына з браніраваным кузавам. Калі мы ўбачылі гэтую машыну, прагучаў нейкі стогн.
Мы зразумелі, што зараз будзе. Узрастала напружанне. Мы не ведалі як нас будуць затрымліваць, якія планы ў міліцыі. Музыка адразу спынілася. Да мікрафону падыйшла жанчына, якая старалася нас суцешыць. Людзі пачалі тэлефанаваць сваім блізкім, сябрам, бацькам.

Аксана: Вядучыя казалі, каб дзяўчаты трымаліся ў цэнтры.

Міхась: З хлопцаў амаль ніхто не пакінуў свае пазіцыі. Ніхто не хаваўся за спінай сябра.
Шэсць браніраваных машын заехалі на плошчу і сталі вакол нас шчыльным колам. Адтуль выйшлі АМАПаўцы ў браніраваных камізэльках са шчытамі і сталі каля нас чорным шэрагам. У гэты ж час нейкая жанчына праз мікрафон пачала звяртацца да міліцыянтаў. Яна хацела прадухіліць гвалт і збіццё. Яна казала, што мы ўсе адзін народ, што не трэба ваяваць супраць нас, казала, што мы таксама людзі, не адмарозкі, не п’яныя, мы мірныя дэманстранты і не збіраемся з імі біцца, што ў нас таксама ёсць бацькі, якія за нас хвалююцца.
Я пачуў, як хлопец, які стаяў у першым шэрагу, які фактычна першы трапляў пад удар сказаў: "ну, усё хлопцы, памятайце, што з намі праўда". Я чуў, што ў гэты момант людзі пачыналі гучна маліцца, некаторыя дзаўчаты наіўна крычалі наш любімы лозунг "Міліцыя з народам!". Праз слёзы. Многія плакалі, размаўлялі са сваімі сябрамі ці бацькамі па тэлефоне. Некаторыя спрабавалі знайсці свае рэчы ў цемры.
Аксана: Я пачула, як нехта з міліцыі сказаў: "повторяю, разойдитесь, это несанкционированное собрание..."

Міхась: Але гэта было падобна на нейкую камедыю. Міліцыянт настойваў, каб мы разыйшліся на працягу наступных пяці хвілінаў, інакш, да нас будзе прымененая фізічная сіла. Гэта ўсё адбывалася ў той момант, калі намётавае мястэчка было ачэпленае машынамі і колам АМАПу. Уцякаць не было куды. Усе шляхі былі закрытыя. Жанчына сказала ў мікрафон: "добра, дайце нам выйсці адсюль". Некалькі дзясяткаў чалавек спрабавалі сыйсці з плошчы. Але ўсім, хто пакідаў намётавае мястэчка міліцыянты загадвалі заходзіць адразу ў аўтобусы. Людзі вярнуліся. Было зразумела, што быў загад браць усіх. Пасля нехта з нашых прапанаваў нам сесці на зямлю, альбо стаць на калені дзеля таго, каб паказаць міліцыянтам, што мы не збіраемся супраціўляцца. Мы селі ўзяўшысь за рукі. У гэты момант я стаяў у трэцім ачапленні. Я пачуў, як хлопец з першага шэрагу, які фактычна першы трапляў пад удар сказаў: "Ну, усё хлопцы! Памятайце, што з намі праўда!" Я чуў як ў гэты момант людзі пачыналі гучна маліцца, некаторыя дзаўчаты наіўна крычалі наш лозунг "Міліцыя з народам!". Праз слёзы. Многія плакалі, размаўлялі са сваімі сябрамі ці бацькамі па тэлефоне. Некаторыя спрабавалі знайсці свае рэчы ў цемры.

- Ці была паніка?
Міхась: Панікі не было. Людзі заставаліся на месцы, але перажывалі моцны псіхалагічны стрэс. Гэта было бачна.
Аксана: Калі пад’ехала гэтая машына адзін хлопец мне сказаў, каб я адышла ў сярэдзіну. Людзі казалі адзін адному маліцца. Я малілася разам з іншымі дзяўчатамі. Спачатку стоячы, пасля на каленях.
Пасля, калі людзей пачалі хапаць і разрываць гэтае кола, ў мяне ўзнікла думка, што можна збегчы. Я кінулася ў бок, але мяне схапіў міліцыянт і павёў у бок аўтобуса. Тады я толькі рэальна ўсвядоміла, што нас арыштоўваюць. Мяне сілай запіхалі ў аўтобус, стукнулі ў бок і парвалі дублёнку. Але калі б я была лягчэй апранута, збегчы было рэальна. Я ведаю трох дзяўчат, якім гэта атрымалася. Іх заўважылі міліцыянты, але выратавала тое, што ў гэты час праязджала машына якая іх ўзяла да сябе. Дзяўчаты падумалі, што ўцяклі ад АМАПУ, а трапілі да КДБ. Ім было ўсёроўна. Але ў машыне былі нармальныя людзі, яны адвезлі маіх сябровак у інтэрнат. Непрыемна тое, што ў інтэрнаце іх “здалі”. Камендант паведаміў у дэканат, што яны збеглі з мітынгу і г.д.. Атрымоўваецца, што уцяклі ад АПАМУ, а свае здалі ...

Міхась: Адразу пасля таго, як мы селі на зямлю я адчуў, што зверху на мяне нехта зваліўся. Гэта быў здаровы моцны мужчына, які накінуўся на хлопца, што стаяў за мной і пачаў яго збіваць. Мяне ён зачапіў нагамі. Пасля гэтага хлопца выцягнулі з тэрыторыі мястэчка і паклалі на асфальт. На яго накінуліся АМАПаўцы і пацягнулі ў аўтобус. Гэта быў першы затрыманы чалавек. Адразу паслся гэтага яны сталі як чорныя коршуны кідацца на нас зверху выцягваць людзей з ланцугу і зацягваць іх у аўтобусы. Тыя, хто супраціўляўся, атрымалі больш. Хлопец у маёй камеры распавядаў, што ён вельмі супраціўляўся, трымаўся рукамі за сваіх сяброў, у выніку чаго, атрымаў каленам у твар.
Калі пачаўся гвалт, жанчына сказала ў мікрафон, што мы будзем падпарадкоўвацца, пойдзем куды нам загадаюць, але не трэба прымяняць сілу. Тады мы ўсталі і накіраваліся да машын.
АМАПаўцы не прарываліся адразу ў цэнтр намётавага мястэчка. У іх была свая тактыка. Яны забіралі людзей, якія сядзелі па баках. Так паступова забралі ўсіх.
Яны зрабілі "калідор" для нас - стаялі з дзвух бакоў, а мы праходзілі паміж імі. Калі мы ішлі, то кожны з АМАПаўцаў намагаўся ўдарыць альбо штурхнуць нас па нагам, альбо яшчэ па чым. Я таксама чакаў такіх удараў, таму напружваў усё цела, каб было не так балюча. Але калі падыйшла мая чарга, падбег нейкі начальнік і пачаў лаяцца матам на сваіх жа АМАПаўцаў. Пасля гэтага яны перасталі нас біць. У аўтобусе двум хлопцам, якія зайшлі да мяне загадалі стаяць на каленях галавой уніз такім чынам, каб спіны былі на адным роўні з лавамі ў кузаве машыны. Мае сябры казалі мне, што ў такіх выпадках АМАПаўцы па дарозе на Акрэсціна будуць скокаць у ботах па нашых спінах. Я думаю, што так хутчэй за ўсё і было б, калі б не той жа самы начальнік, які прыбег і вылаяўся на сваіх АМАПаўцаў. Нам загадалі проста сесці на лавы, што мы з задавальненнем і зрабілі. У машыну запіхалі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек.

Аксана: Апошнія словы, якія былі сказаныя ў наш мікрафон "Людзі, што вы робіце!" Пасля гэтага была цішыня. Мяне забралі адной з апошніх, бо мы знаходзіліся ў цэнтры. Казалі, што ў некаторых аўтобусах было вельмі цесна. У нас было каля 20 чалавек, амаль усе сядзелі на лавах. Яны ўжывалі мат, вельмі непрыемна было іх слухаць. Былі такія "жартачкі": калі мы пыталіся куды нас вязуць нам адказвалі, што "рабіць другія Курапаты".

Міхась: У машыне АМАПаўцы вельмі моцна лаяліся на нас. Яны накінуліся на аднаго хлопца, у якога на шыі быў бел-чырвона-белы сцяг. Яны ўзяліся за гэты сцяг і пачалі душыць гэтага хлопца. Гэта рабілі два АМАПаўцы адначасова. Хлопец стаў чырвоны і паваліўся на падлогу. За яго заступілася жанчына.

Аксана: АМАПаўцы ў аўтобусе былі без шлёмаў. Ім можна было паглядзець у вочы. Але яны казалі нам: "чаго глядзіш?", "не глядзі!".

Міхась: У нашым аўтобусе яны таксама "жартавалі". Адзін з іх звярнуўся да дзяўчыны і спытаў: "вас девушка как расстрелять, под сосной или под березой?". Многія дзяўчаты плакалі. Было сапраўды даволі страшна. Мы баяліся, што нас адвязуць ў лес, пазбіваюць і толькі пасля гэтага павязуць на Акрэсціна. Але, дзякуй Богу, яны гэтага не зрабілі. Я думаю, што ніхто не даваў загаду нас збіваць, але яны рабілі гэта калі толькі маглі. Было бачна, што яны нас вельмі моцна ненавідзяць. Мне падаецца, што яны сапраўды верылі, што праўда на іх баку, што мы падрываем беларускую дзяржаву, а яны яе абараняюць.

Аксана: Некаторыя дзяўчаты прасілі ў АМАПАўцаў дазволу каб вярнуцца на плошчу, забраць сваю сумачку і ім дазвалялі. Умяне нават думкі такой не было.
Калі нас везлі у суд на тых жа самых аўтобусах, мы глянулі за крэслы, а там на падлозе ляжалі бел-чырвона-белыя сцягі. Гразныя, стаптаныя...

Міхась: Мае рэчы засталіся на плошчы, бо ў апошні момант я не змог знайсці свой заплечнік у якім былі дакументы.
Гэта непраўда, што ўсе рэчы з наметавага мястэчка былі кінутыя на сметнік. Насамрэч іх завезлі ў міліцыю. Гэта рабілі самі міліцыянты, але не тыя якія нас затрымлівалі, а тыя, што былі ў форме камунальных службаў. Было бачна, што гэта не проста "камунальшчыкі"/ У іх былі рацыі. Яны з’явіліся яшчэ перад тым як нас затрымалі. Тады ж пад’ехалі бульдозеры, самасвалы, - усё было падрыхтавана. Таксама там была здымачная група БТ, якая пасля таго, як нас вывезлі рабіла сваю чорную справу - падкідвала шпрыцы, парнаграфічныя часопісы, а пасля ўсё гэта здымалі на камеру. Кажуць, што здымалі нават нечыя голыя ногі, якія тырчалі з намёта.
Трэба сказаць адно. У намётавае мястэчка журналістаў з БТ не пускалі, таму на БТ не можа быць праўдзівых кадраў. БТ таксама ладзіла шмат правакацыяў. Напрыклад, перад ланцугом з’яўляліся некалькі чалавек з пляшкамі гарэлкі і пачыналі піць яе на фоне немётавага мястэчка. Адразу ж з’яўляўся аператар з БТ, а ў "Навінах" казалі, мы п’ем гарэлку.

- Што было пасля затрымання?
Аксана: Нас прывязлі на Акрэсціна і загадалі стаяць тварам да сцяны. Я толькі бачыла, што людзі якія заходзілі былі збітыя, ў аднаго хлопца шла кроў. Адна дзяўчына, якую я памятала з плошчы, была без прытомнасці і за ёй ішлі медыкі. Відаць, яе адвозілі ў бальніцу. Так мы стаялі даволі доўга. Ужо развіднелася. Нас спыталі ці ёсць непаўнагадовыя, усіх перапісалі, пачалі складаць пратаколы. Я напісала, што з пратаколам не згодная. У ім было напісана, што я «активно участвовала в несанкционированном мероприятии, выкрикивала антигосударственные лозунги "Жыве Беларусь!" и "Долой Лукашенко!".
На Акрэсціна мы былі недзе да 12 гадзінаў дня. Пасля нас павезлі ў суд.

Міхась: Нас паставілі тварам да сценкі. Так мы прастаялі некалькі гадзінаў. Мы не ведалі дзе астатнія і што з імі. Пасля я даведаўся, што некаторыя ўвесь гэты час стаялі на вуліцы. Нас завялі на другі паверх, зарэгістравалі, абшукалі і склалі пратакол. Гэта ўсё цягнулася 3-4 гадзін. Вельмі доўга. У той час як мы стаялі ў чарзе на вобшук, нам не дазвалялі прысесці, прысланіцца да сцяны, засынаць. Было вельмі шмат міліцыянтаў. Магчыма, нават больш, чым затрыманых. Нас прымусілі падпісаць пратаколы і завялі ў камеры. У нашай камеры на пяць месцаў было 24 чалавека. Я вельмі хацеў спаць, таму я прытуліўся да сцяны і адразу заснуў. Я прачнуўся калі нам загадалі выходзіць у калідор. Нас пасадзілі ў аўтобус і павезлі. Куды - не сказалі. Мы падумалі, што нас вязуць у суд і ўзрадаваліся, што суд будзе ў пятніцу, а не ў панядзелак. Але нас павезлі за горад. Ехалі мы вельмі доўга. Нам было страшна. Пасля высветлілася, што нас везлі ў Жодзінскую турму.

Аксана: Мы з Мішай выпадкова пабачыліся ў калідоры, калі мяне і яшчэ сем дзяўчат вялі ў камеру. Пасля нас зноў вывелі на калідор. Калі мы там стаялі міма праходзілі турэмныя павары. Яны далі нам батон, кожны хто хацеў мог адкусіць. Было каля трох гадзінаў дня. Да гэтага часу мы не спалі і нічога не елі.
Калі нас вывозілі на аўтобусе з Акрэсціна мы ўбачылі шмат людзей, якія чакалі нас. Мы пачалі пішчаць, махаць рукамі... Нас павезлі ў іншую турму. Па дарозе мы праязджалі праз Кастрычніцкую плошчу. Там стаяла каля 30 чалавек. Мы былі вельмі ўсхваляваныя, білі ў вокны, крычалі. Тады ў аўтобусе гучна ўключылі радыё.
Нас вельмі ўзрадавала тое, што на Акрэсціна стаялі людзі. Мы ведалі, што мы не адны.

Міхась: Калі я ўбачыў людзей, якія нас віталі, мяне гэта так моцна кранула, што я нават пачаў плакаць. Было так прыемна даведацца, што мы не адныя, што нас чакаюць на воле.
Марыя САВУШКІНА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства