viasna on patreon

Журналіст Польскага радыё - сьведка ў справе "аб масавых беспарадках"

2011 2011-02-10T09:24:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Журналіст Беларускай службы Польскага радыё Аляксандар Папко зьяўляецца сьведкам па справе “аб масавых беспарадках”. Пра гэта нашаму супрацоўніку паведамілі ў панядзелак прадстаўнікі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. У выбарчы вечар Аляксандар выконваў свае карэспандэнцкія абавязкі ў беларускай сталіцы.

У панядзелак Аляксандра Папко наведалі трое сьледчых з Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Нашаму карэспандэнту паведамілі, што ён праходзіць у якасьці сьведкі ў справе з так званымі “масавымі беспарадкамі” ў Менску 19-га сьнежня. У дачыненьні да нашага супрацоўніка былі праведзеныя сьледчыя мерапрыемствы.
А. Папко: У мяне зьнялі адбіткі пальцаў, зрабілі некалькі здымкаў. Але самае галоўнае, на пачатку размовы яны паказалі мне мой нумар тэлефону й задалі пытаньне “Ці сапраўды гэтай мой тэлефон?”. Пазьней яны цікавіліся, што я рабіў увечары 19-га сьнежня. З гэтага я магу зрабіць выснову, што спэцслужбам была перададзеная база нумароў, зь якіх тэлефанавалі ў раёне Плошчы Незалежнасьці ў выбарчы вечар.

Аляксандар патлумачыў, што быў на Плошчы ў якасьці журналіста. У выбарчы вечар 19-га ён выконваў свае прафэсійныя абавязкі й вёў жывы рэпартаж зь Менску.

А. Папко: Яны здымалі мяне на відэакамэру, а дакладней, гэта быў лічбавы фотаапарат. Задавалі простыя пытаньні, кшталту, “Як мяне завуць”, “Дата й месца нараджэньня”. Гэта, хутчэй, былі мерапрыемствы, каб пацьвердзіць маю асобу.

Аляксандар распавёў, што супрацоўнікі ўпраўленьня паводзілі сябе вельмі карэктна. Пра далейшыя дзеяньні па гэтай справе яму не паведамілі.

Як ужо паведамляла Польскае радыё, на допыты ў міліцыю й КДБ выклікаюцца сотні абанэнтаў мабільных апэратараў VELCOM, МТС і Life.  У іх патрабуюць патлумачыць, што яны рабілі ўвечары 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы й плошчы Незалежнасьці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства