viasna on patreon

Судзьдзя Наталя Трацякова прысудзіла штраф 5 базавых велічыняў удзельніку "Народнага галасаваньня" Сяргею Кушнярову з Віцебшчыны

2006 2006-04-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сяргея Кушнярова абвінавацілі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, якіх выклікаў 19-га сакавіка на выбарчы ўчастак у вёсцы Тулава прадстаўнік грамадзкага аб'яднаньня казакаў Юры Фёдараў. Да прыбыцьця міліцыянтаў назіральнік у казацкім адзеньні — у нагавіцах з лампасамі ды футравай шапцы — гвалтам трымаў за рукі спадара Кушнярова: бо лічыў, што кінуць у скрыню замест бюлетэню іншую паперу ёсьць злачынствам.

Міліцыянты склалі на Сяргея Кушнярова адразу два пратаколы: за дробнае хуліганства на выбарчым участку і за непадпарадкаваньне ахоўнікам парадку. Судзьдзя Наталя Трацякова фактаў хуліганства не ўстанавіла, бо ніводзін са сьведак ня мог згадаць, каб спадар Кушняроў нецэнзурна лаяўся, як было запісана міліцыянтамі.

У часе разгляду пратаколу пра непадпарадкаваньне Сяргей Кушняроў даводзіў суду, што перадусім імкнуўся вызваліцца ад казака-назіральніка, які незаконна яго затрымаў: "Я ўжо зьбіраўся сыходзіць з выбарчага ўчастку, і тут мяне ззаду, збоку, схапіў назіральнік у казацкай "форме". Ну, якое ён права на гэта меў? Я грамадзянін краіны, знаходжуся ў грамадзкім месцы, на выбарчым участку, а ён не міліцыянт, ён — папросту казак. Атрымліваецца, што казацкі статут на Беларусі вышэй за Канстытуцыю і ейныя законы?"

Выкліканыя ў суд сьведкі-міліцыянты заявілі, што былі змушаны ўжыць да спадара Кушнярова сілу і нават накінуць яму на рукі кайданкі, бо мелі самыя найгоршыя падазрэньні наконт таго, што менавіта ён укінуў у скрыню для галасаваньня. На думку намесьніка начальніка раённае міліцыі бясьпекі Мікалая Лаўрова, гэта маглі быць і выбуховыя рэчывы, і нават узбуджальнікі сібірскай язвы ці птушынага грыпу: спадар Кушняроў мае ж вышэйшую мэдычную адукацыю.

Самаробны бюлетэнь "народнага галасаваньня", дастаны са скрыні, далучылі да матэрыялаў судовае справы. А бюлетэнь, выдадзены выбарчай камісіяй, у Сяргея Кушнярова адабралі і вярнулі на выбарчы ўчастак. Спадар Кушняроў лічыць гэта парушэньнем таямніцы галасаваньня, і ўвогуле — выбарчага заканадаўства. Таму ён зьбіраецца скардзіцца ў пракуратуру на дзеяньні выбарчай камісіі, на міліцыянтаў (яны не затрымалі назіральніка, што справакаваў канфлікт), а таксама на судзьдзю Наталю Трацякову, якая прысудзіла яму штраф 5 базавых велічыняў або 155 тысяч рублёў, паведаміла радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства