Настаўніца Ільініч будзе дамагацца аднаўлення на працы праз суд

2011 2011-02-08T15:42:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/iljinichnatallia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Ільініч

Наталля Ільініч

Настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Ільініч, з якой дырэктар школы не працягнула працоўны кантракт, падрыхтавала іскавую заяву ў суд Пухавіцкага раёна.   

Наталля Ільініч упэўніная, што яе пазбаўляюць працы за грамадска-палітычную актыўнасць:

- Я не працую горш за іншых, аднак з імі працягваюць працоўныя кантракты, а мне вось адмовілі. Тыя прычыны, якія назвала дырэктар школы ў абгрунтаванне, яны не істотныя, бо не ўплываюць на якасць выхаваўчага і навучальнага працэсу. А пісьмовых афіцыйных вымоваў я ніколі не мела, заўсёды атрымлівала толькі падзякі за працу – і ад бацькоў, і ад вучняў былых, і ад адміністрацыі таксама.    

У сваёй заяве спн. Ільініч паведамляе наступнае: “З вынесеным наймальнікам загадам я не згодная і лічу, што сапраўднай прычынай прыняцця рашэння аб маім звальненні і адмовы ў заключэнні новага працоўнага кантракту з’яўлецца абмежаванне мяне ў працоўных правах па палітычных перакананнях, у звязку з маёй актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю. Лічу сваё звальненне незаконным і заснаваным на дэскрымінацыйным падыходзе да мяне з боку наймальніка і іншых дзяржаўных установаў. <…> Пры гэтым мая грамадска-палітычная дзейнасць, мае палітычныя перакананні ніякім чынам не адбівалася на маёй прафісійнай дзейнасці падчас працы настаўнікам у школе. Аднак, нягледзячы на гэта, я ўвесь час падвяргалася ціску з боку Мінскага абласнога ўпраўлення  адукацыі і мясцовых выканаўчых органаў улады, якія неаданаразова пагражалі мне звальненнем з працы ў сувязі з маёй грамадскай і палітычнай дзейнасцю, у сувязі з маімі палітычнымі пераканнямі і поглядамі”.

У падмацаванне сваёй пазіцыі Наталля Ільініч прыводзіць сітуацыю з выклікам яе ў шэрагу яшчэ пяці настаўнікаў да начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Данілевіч Т.І. 15 студзеня 2010 г.: “Трэба адзначыць, што ўсе выкліканыя ў той дзень настаўнікі з’яўляліся сябрамі апазіцыйных палітычных партый. Усе настаўнікі прыбылі ва ўпраўленне адукацыі ў суправаджэнні прадстаўнікоў адпаведных РАНА. Адзінай тэмай гутаркі Т.І. Данілевіч са мной было маё сяброўства ў Партыі БНФ, мае палітычныя погляды і дзейнасць. Мне было прапанавана выйсці з партыі альбо звольніцца з працы па асабістым жаданні, паколькі сяброўства ў апазіцыйнай палітычнай партыі не сумяшчальна з працай настаўніка ў дзяржаўнай школе”. Тады яна адмовілася выконваць дадзеныя незаконныя, відавочна дэскрымінацыйныя патрабаванні начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Наталля Валянцінаўна лічыць, што на цяперашняе рашэнне дырэктара школы Наталлі Меркуль моцна паўплываў і вобыск, які ў доме настаўніцы быў праведзены 5 студзеня.  

-Дырэктар мне адразу сказала, што “я баюся”. Яна мне такое абгрунтаванне дала, калі афіцыйна выносіла папярэджанне 11 студзеня. Я запыталася, чаго яна баіцца. “Вось у вас быў вобыск, а настаўнік павінен быць законапаслухмяным. А раз у вас вобыск, значыць ёсць праблемы з законам - у іншых жа вобыскі не праводзяць. І я не хачу такога настаўніка мець у школе”, - пачула я ў адказ.

Да таго ж Н.Меркуль дадала, што людзі, якія праводзілі вобыск у доме настаўніцы, былі з Менску, што на яе думку надае сур’ёзнасць справе. Сама спн. Ільініч не ведае, адкуль насамрэч былі гэтыя людзі. Вядомы толькі адзін з іх – намеснік начальніка аддзела крымінальнага вышуку Пухавіцкага раёна маёр Макараў, а астатнія цацвёра не прадставіліся.

Аднак, па словах Наталлі Валянцінаўны, праз два дні, пасля кансультацыі з юрыстам, дырэктар школы ўжо не казала пра сваю “боязь” : “Проста скончыўся кантракт і я вам не працягваю яго”.

-Тады я напісала ёй паперу з просьбай даць мне пісьмовае абгрунтаванне і атрымала пісьмовы адказ, дзе выкладзена тое, што ніяк не можа быць прычынай для звальнення, - адзначае Н.Ільініч.

Настаўніца гісторыі з 26-гадовым працоўным стажам распавядае, што атрымлівае словы падтрымкі і ад бацькоў вучняў, і ад калегаў. Аднак надзеяў на працаўладкаванне мала. Днямі яна атрымала адказ з аддзела адукацыі Пухавіцкага райвыканкама: “Наймальнікам педагогаў ва ўстановах адукацыі (за выключэннем кіраўнікоў, намеснікаў кіраўнікоў, маладых спецыялістаў) з’яўляюцца кіраўнікі установаў адукацыі. Па стане на 1 лютага 2011 года звесткі пра вакансіі настаўнікаў гісторыі ва ўстановах адукацыі Пухавіцкага раёна ў аддзел адукацыі не паступалі”. 

2 лютага Наталля Ільініч у спадзяванні на дапамогу ў працаўладкаванні накіравала пісьмовыя звароты міністру адукацыі і ў прафсаюз працаўнікоў адукацыі і навукі.

Цяпер звольненая настаўніца спрабуе дамагчыся аднаўлення на працы праз суд. У сваёй іскавай заяве яна просіць суд прызнаць адмову ў заключэнні працоўнага кантракта паміж ёй і Установай адукацыі “Талькаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа” незаконнай, заснаванай на дыскрымінацыі па матывах яе палітычных пераканняў. Акрамя таго, Наталля Ільініч просіць абавязаць адміністрацыю школы заключыць з ёй працоўную дамову, спагнаць з наймальніка грашовую кампенсацыю за вымушаны прагул і кампенсацыю маралальнай шкоды.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international