Маці Паўла Севярынца збірае факты беззаконня для звароту ў міжнародныя інстанцыі

2011 2011-02-01T16:35:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sieviaryniectaciana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец

“Ведаю, канешне, што я павінна сабраць стос дакументаў, усе свае скаргі і адказы на іх, дзеля таго, каб звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі. Аднак сядзець проста так – няма сэнсу”, - Таццяна Севярынец мае сур’ёзныя намеры. Маці вязня “амерыканкі” вымушана хадзіць па замкнёнаму колу – абскарджваць то дзеянні супрацоўнікаў СІЗА КДБ, то органаў пракуратуры, каб дамагчыся канкрэтных адказаў на канкрэтныя пытанні.

Абуральнай для Таццяны Севярынец стала нядаўняя адпіска з Генпракуратуры на яе скаргу з нагоды супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў КДБ. Ёй паведамілі, што скарга перанакіраваная ў КДБ. Хаця сама спн.Севярынец яшчэ 13 студзеня перадала ў КДБ скаргу на незаконнае затрыманне. Паколькі адказы-адпіскі прыходзяць ад імя генпракурора Васілевіча, Т.Севярынец 31 студзеня наведала Генпракуратуру, дзе патрабавала сустрэчы з ім.

- Мне распавялі, што там парадак такі: па загаду Васілевіча я напачатку павінна сустрэцца з намеснікамі, а калі намеснікі не вырашаць маю праблему, тады ўжо звяртацца непасрэдна да Васілевіча. Так паступова ўсё гэта і ідзе. Там я выказала абурэнне і патрабаванне, каб мне далі канкрэтныя адказы на мае канкрэтныя пытанні, - адзначае яна.

Гэтыя факты вымусілі жанчыну напісаць яшчэ адну скаргу ў Генпракуратуру - на працу гэтай установы.  

Маці абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадкаў Паўла Севярынца таксама 31 студзеня падала ў СІЗА КДБ скаргу з патрабаваннем, каб яе сыну далі магчымасць сустрэцца з лекарам і выдалі тыя лекі, якія яна ўжо двойчы яму перадавала. Таксама Таццяна Яўгенаўна выказвае абурэнне нядаўняй заявай Генпракуратуры па выніках праверкі ўмоваў утрымання ў следчых ізілятарах і далей намерана настойліва дамагацца сустрэчы з сынам:  

- Учора мне трапілі ў рукі “Правілы ўнутранага распарадку ў следчых ізалятарах органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (па стане на 1 студзеня 2011 года)”. Перачытала-перагледзела і адзначыла тут усе тыя моманты, дзе ў дачыненні да сына ёсць парушэнні правілаў утрымання – і перапіска (я атрымала ад сына толькі адзіны ліст, падпісаны як ліст №5 ад 12 студзеня), і сустрэчы з адвакатамі, і сустрэчы са сваякамі. Адносна апошняга напісана, што сустрэчы могуць быць з дазволу следчага органа, таму я зноўку заўтра пайду на Сапёраў,7, дзе знаходзіцца гэтая ўстанова, і зноўку буду падаваць заяву на сустрэчу з Паўлам.

Больш за тое, акрамя парушэння пункта 142 “Правілаў”, Т.Севярынец адзначыла парушэнні ч.2 арт.48 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і арт.62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія гарантуюць бесперашкодныя сустрэчы адвакатаў з падабароннымі. Павел Севярынец не меў сустрэчы з адвакатам з 29 снежня.      

- Установы, якія павінны назіраць за выкананнем закону і самі прытрымлівацца літары закону, як хочуць гэты закон круцяць, што хочуць, тое і робяць. Гэта ж ганьба ўсёй краіне! І я ўчора дзяжурнаму пракурору, які прымаў маю заяву, сказала: “не ведаю, навошта вы робіце тое, што цалкам не адпавядае таму, што дэкларуеце па тэлебачанні. Я ж выйду адсюль і ўсім паведамлю, як вы гэта робіце”. І таму па гэтых скаргах я іду далей. Канешне, да таго, каго я не прызнаю як кіраўніка сваёй краіны, я звяртацца ніколі не буду. А вось тых, хто павінны быць бесстароннімі назіральнікамі за выкананнем закону, я ці прымушу выконваць закон, ці проста буду спрыяць таму, каб усе бачылі, як гэты закон не выконваецца, - цвёрда заявіла спн.Севярынец.  



Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international