viasna on patreon

КДБ палічыў верш Янкі Купалы заклікам да беспарадкаў

2011 2011-02-01T14:43:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

КДБ палічыў верш Янкі Купалы заклікам да беспарадкаў

Старшыня магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў 31 студзеня быў дапытаны ў КДБ. Яго выклікалі ў якасці сведкі па справе аб падзеях 19 снежня ў Мінску. Допыт праводзіў супрацоўнік УКДБ па Магілёўскай вобласці Андрэй Махуноў, паведамляе БелаПАН.

«Следчы задаваў пытанні, ці бачыў я тых, хто біў шкло, ці ведаю я іх. Я адказваў, што не, не бачыў і не ведаю. Да біцця шкла ніхто не заклікаў», — сказаў Салаўёў.

Аднак хітом допыту стала пытанне пра верш Янкі Купалы «На сход», які быў выяўлены ў камп’ютары, канфіскаваным у кватэры Салаўёва падчас ператруса 15 студзеня. Супрацоўнік КДБ цікавіўся, «хто падрыхтаваў гэта дакумент і каму ён належыць».

Па словах Салаўёва, допыт працягваўся каля дзвюх гадзін. Большая частка часу пайшла на складанне пратаколу допыту, паколькі і пытанні, якіх было парадку пятнаццаці, і адказы апазіцыйны актывіст запісваў сам. Допыт праходзіў на беларускай мове.

Верш «На сход», у якім следчы пабачыў паралелі з нашым часам, Янка Купала напісаў у 1918 годзе. Тады востра стаяла пытанне беларускай незалежнасці.

Янка Купала

На сход!

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, слёзы, кроў.

Аб вечным катаванні, здзеку далажы
I пакажы на курганы і на крыжы.

I аб раскопаных магілах не забудзь,
Дзе груганы тваіх там продкаў косці рвуць.

Як гналі пот з цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,
Як гібнеш з дзецьмі ты ад катняе рукі —

Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

1918

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства