viasna on patreon

Поўны тэкст заключэння Савета ЕС па Беларусі

2011 2011-02-01T13:04:39+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/radaes.jpg
Штаб-кватэра Еўрапейскага Савета ў Бруселі

Штаб-кватэра Еўрапейскага Савета ў Бруселі

Беларускае прадстаўніцтва ЕС распаўсюдзіла поўны тэкст заключэння Савета міністраў Еўрасаюза па Беларусі, прынятага 31 студзеня ў Бруселі.

Дакумент утрымлівае восем пунктаў:

"1. Беручы пад увагу свае папярэднія заключэнні па Беларусі, прынятыя, у прыватнасці, у кастрычніку 2010 года, заяву высокага прадстаўніка Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан ад 20 снежня, а таксама іншыя заявы ЕС наконт прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і сілавога развіцця падзей, якое адбылося пасля іх, Савет ЕС глыбока шкадуе аб тым, што, згодна з высновамі БДІПЧ АБСЕ, прэзідэнцкія выбары паказалі, што Беларусі яшчэ неабходна прайсці доўгі шлях для таго, каб адпавядаць абавязацельствам у рамках АБСЕ. У прыватнасці, выбарчы працэс істотна пагоршыўся падчас падліку галасоў, аслабіўшы прынятыя раней меры па паляпшэнні правядзення выбараў.

2. Савет ЕС асабліва шкадуе аб тым, што вечар пасля выбараў быў азмрочаны прымяненнем сілы з боку беларускіх уладаў. Савет рашуча асуджае арышт некалькіх кандыдатаў у прэзідэнты, соцень актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а таксама наступнае затрыманне і пераслед па палітычных матывах прадстаўнікоў апазіцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

3. Савет зноў заяўляе пра сваё патрабаванне неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх арыштаваных па палітычных прычынах пасля выбараў 19 снежня. Савет заклікае Беларусь паважаць правы арыштаваных і членаў іх сем'яў, надаючы асаблівую ўвагу іх дзецям, а таксама праву затрыманых на прававое прадстаўніцтва. Ён таксама падкрэслівае неабходнасць забяспечыць доступ членаў сям'і да арыштаваных. Савет заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед дэмакратычных сіл, незалежных СМІ, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, студэнтаў, а таксама пакласці канец пакаранням і дыскрымінацыі тых, хто скарыстаў сваё права на свабоду слова і сходаў, уключаючы і лідараў апазіцыйных партый.

4. ЕС шкадуе пра рашэнне беларускіх уладаў не працягваць мандат офіса АБСЕ ў Мінску. ЕС перакананы ў тым, што мандат офіса АБСЕ незавершаны, і таму заклікае беларускія ўлады да тэрміновай адмены свайго рашэння.

5. Беручы пад увагу гэтае развіццё сітуацыі ў апошні час і падзеі, што адбыліся, Савет ЕС вырашыў абмежаваць перамяшчэнне і замарозіць актывы асоб, адказных за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, а таксама за наступныя гвалтоўныя меры, накіраваныя супраць дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў незалежных СМІ. Савет таксама вырашыў аднавіць абмежаванні адносна перамяшчэння шэрагу асоб Беларусі у сувязі з выбарамі 2004 і 2006 гадоў, а таксама ў сувязі з пераследам грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, — абмежаванні, дзеянне якіх было прыпыненае з 13 кастрычніка 2008 года ў мэтах спрыяння прагрэсу ў адносінах ЕС і Беларусі. Гэтыя абмежавальныя меры, а таксама спіс асоб, якія пад іх трапляюць, застануцца адкрытымі і будуць пастаянна пераглядацца. Савет падкрэслівае, што вызваленне і рэабілітацыя ўсіх людзей, затрыманых па палітычных прычынах, з'яўляецца ў гэтых адносінах істотным момантам. Гэта, а таксама прасоўванне да далейшых рэформ Выбарчага кодэкса, забеспячэнне свабоды слова і СМІ, свабоды сходаў і аб'яднанняў, магло б прывесці да зняцця абмежавальных мер.

6. Еўрапейскі саюз застаецца верны сваёй рашучасці ўмацоўваць адносіны з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Таму цяпер ЕС працуе над мерамі, нацэленымі на аказанне тэрміновай дапамогі рэпрэсаваным і затрыманым па палітычных прычынах, членам іх сем'яў, а таксама грамадзянскай супольнасці. Ён таксама перагледзіць сваю падтрымку Беларусі, нацэленую на дапамогу насельніцтву. Мэта перагляду заключаецца ў тым, каб яшчэ больш узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці недзяржаўных арганізацый і студэнтаў, у тым ліку ў рамках Міжнароднай донарскай канферэнцыі, якая адбудзецца 2 лютага ў Варшаве.

7. Савет нагадвае пра важнасць спрашчэння міжасобасных кантрактаў з Беларуссю, якое прынясе карысць беларускаму насельніцтву ў цэлым. Пасля прыняцця адпаведных перамоўных дырэктыў ЕС чакае пачатку перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Да заключэння гэтых пагадненняў ЕС будзе падтрымліваць аптымальнае выкарыстанне існуючых гнуткіх механізмаў Візавага кодэкса, у прыватнасці, магчымасць краін — членаў ЕС памяншаць або адмяняць плату за візы для пэўных катэгорый грамадзян.

8. ЕС захоўвае прыхільнасць сваёй палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, у прыватнасці шляхам дыялогу і ў рамках Усходняга партнёрства. Ён нагадвае, што неаднаразова прапаноўваў паглыбіць свае адносіны з Беларуссю. Савет падкрэслівае, што падобнае пашырэнне адносінаў залежыць ад прагрэсу беларускіх уладаў у выкананні прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека. ЕС захоўвае сваю адкрытасць да развіцця двухбаковых адносінаў з Беларуссю, пры ўмове, што беларускія ўлады прадэманструюць сваё жаданне паважаць гэтыя прынцыпы на практыцы. Савет будзе рэгулярна сачыць за сітуацыяй у Беларусі і заяўляе пра сваю гатоўнасць да прыняцця новых адрасных мер, у залежнасці ад сітуацыі, ва ўсіх сферах супрацоўніцтва".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства