Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду заяву аб парушэньні свабоды асацыяцый у Беларусі

2011 2011-01-26T11:13:56+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў і  прыняў да разгляду паведамленьне вядомых  беларускіх праваабаронцаў Алега Воўчака  і Раісы Міхайлоўскай. Былыя кіраўнікі правабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Прававая дапамога насельніцтву” заявілі аб парушэньні свабоды асацыяцыяў, зьдзейсьненым беларускімі ўладамі ў 2003 годзе, калі гэтая праваабарончая арганізацыя была ліквідаваная судом.

Яшчэ ў верасні 2003 года суд горада Менску прыняў рашэньне аб ліквідацыі аб'яднаньня “Прававая дапамога насельніцтву”. Падставай былі названыя парушэньні заканадаўства, якія быццам бы мелі месца ў дзейнасьці аб’яднаньня. Аднак гэтая судовая справа была толькі часткай тагачаснай хвалі судовых забаронаў няўрадавых арганізацыяў у Беларусі, якая была відавочна палітычна матываваная і скіраваная на зьнішчэньне праваабарончага руху і структураў грамадзянскай супольнасьці ў краіне.

Неабходна адзначыць, што “Прававая дапамога насельніцтву” за час сваёй дзейнасьці з 1998 году аказала прававую дапамогу каля 4 000 маламаёмасным грамадзянам, актыўна прадстаўляла інтарэсы інвалідаў, вэтэранаў, адзінокіх маці, непаўнагадовых, беспрацоўных у судах. Вядомасьці арганізацыі дадаў удзел яе прадстаўнікоў ў гучных справах, зьвязаных з палітычна матываванымі выкраданьнямі, а таксама ў справе масавай гібелі людзей на станцыі мэтро “Няміга”.

Лідэры  аб’яднаньня, Раіса Міхайлоўская і  Алег Волчак, абскарджвалі ліквідацыю арганізацыі ў Вярхоўным судзе, але рашэньне не было зьмененае. Скарыстаўшы ўсе сродкі аднаўленьня свабоды аб’яднаньняў унутры краіны, у 2008 годзе праваабаронцы звярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека, заявіўшы пра парушэньне Рэспублікай Беларусь свабоды асацыяцыяў.

Прыняўшы  заяву да разгляду толькі цяпер, Камітэт прыступіў да падрабязнага вывучэньня акалічнасьцяў справы праз камунікацыю з МЗС Беларусі і аўтарамі паведамленьня.

Як адзначыў Алег Волчак, паведамленьне з Камітэту ААН па правах чалавека цяпер вельмі дарэчы. Справа ў тым, што аўтары заявы не спынілі сваёй актыўнай дзейнасьці на карысьць правоў чалавека: Раіса Міхайлоўская ўзначальвае менскі Цэнтар па правах чалавека, а Алег Воўчак ажыцьцяўляе праваабарончую дзейнасьць праз зарэгістраваную ва Украіне ўстанову “Прававая дапамога насельніцтву”. Пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 года ў кватэрах праваабаронцаў і ў Цэнтры па паравах чалавека адбыліся ператрусы.

Па дадзеных Праваабарончага цэнтру “Вясна”, за апошні месяц у краіне абылося каля 150 ператрусаў у памяшканьнях грамадзкіх актывістаў. І ў шэрагу выпадкаў у сьледчых дакумэнтаў былі пазначаныя ў якасьці памяшканьня для ператрусу назвы незарэгістраваных альбо ліквідаваных арганізацыў. Такім чынам, можа ізноў паўстаць небясьпека выкарыстаньня супраць праваабаронцаў артыкула 1931  Крымінальнага кодэкса, які карае за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў.

Справу камэнтуе юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Юрый Чавусаў: “Апошнія рашэньні Камітэта па парушэньні свабоды асацыяцыяў Беларусяй былі ў 2006 і 2007 годзе, і яны таксама датычыліся незаконнай ліквідацыі альбо адмовы ў рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Мы бачым, што Камітэт ізноў зьвярнуў увагу на стан свабоды аб’яднаньняў у нашай краіне, ізноўку гэта адбываецца ў пэрыяд шалёнага ціску на праваабаронцаў і ўзмацненьня рэпрэсіяў.”

Паводле словаў экспэрта, разгляд справы ў Камітэце можа заняць ад аднаго да некалькіх год. У выпадку, калі Камітэт зафіксуе з боку Рэспублікі Беларусь парушэньне свабоды асацыяцыяў, замацаванай у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, ураду Беларусі можа быць скіраваная рэкамэндацыя выправіць парушэньне і выплаціць заяўнікам кампэнсацыю.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international