viasna on patreon

Барысу Гарэцкаму - адміністратыўны арышт

2011 2011-01-18T15:38:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddzia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Яўген Хаткевіч вынес журналісту Радыё Рацыя Барысу Гарэцкаму прысуд - 14 сутак адміністратыўнага арышту на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП РБ..

Суддзя прызнаў, што Барыс удзельнічаў у акцыі, а тое што ён выконваў журналісцкія абавязкі паводле суддзі не замінала Барысу удзельнічаць у акцыі і выкрыкваць лозунгі.

У прынцыпе ўсё, што Барыс казаў у сваё апраўданне суддзя не прыняў да увагі, палічыўшы, што сведчанні супрацоўнікаў міліцыі з’яўляюцца больш праўдзівымі і лагічнымі, хаця на самой справе міліцыянты блыталіся ў сваіх паказаннях ды пярэчылі адзін аднаму.

Барыс сказаў, што абсалютна не згодзен з такім рашэннем суда, і што ён будзе яго абавязкова абскарджваць. Таксама Гарэцкі назваў такі прысуд ціскам улад, спецслужбаў і судоў на свабоду слова, свабоду СМІ.

Адбываць пакаранне Барыс будзе на Акрэсціна у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Цікава, што супрацоўнікі міліцыі, якія выступалі у якасці сведак, адначасова былі і канваірамі-ахоўнікамі Барыса. Яны ж не давалі яму размаўляць нават са сваякамі, не дазволілі таксама перадаць яму Біблію і пагражалі апрануць на яго кайданкі, калі ён не будзе ім падпарадкоўвацца, - паведамляе сайт Радыё Рацыя.

***
Як паведамляецца на сайце Радыё Рацыя, судовае пасяджэнне амаль скончанае, суд апытаў двух сведкаў. Першы, супрацоўнік міліцыі Кірычук, які склаў рапарт на Барыса Гарэцкага, пра тое, што ён прысутнічаў 19 снежня на плошчы Незалежнасці і нібыта выкрыкваў там нейкія лозунгі.

Другі сведка гэта журналістка Эла Оліна, маці Барыса Гарэцкага, якая сведчыла, што ён выконваў заданне Радыё Рацыя і прысутнічаў на мітынгу ў якасці журналіста.

Сведчанні супрацоўніка міліцыі з Маскоўскага РУУС былі дастаткова супярэчлівыя і вельмі няўпэўненыя. Ён вельмі вагаўся: ці быў у Барыса ў руках мікрафон і мабільны тэлефон, пры дапамозе якіх ён перадаваў матэрыялы ці не было іх. Ён не мог узгадаць як быў апрануты Барыс. Ты мне менш ён сказаў, што памятае Гарэцкага па некалькіх акцыях, на якіх ён быў прысутны ў якасці журналіста і з дыктафонам у руках. Выйшла, што ён нібы ўскосна аказаў падтрымку Барысу, нібы не хочучы жорстка сведчыць супраць яго.

Цяпер цягам дзвюх гадзін суд павінен вывучыць дадатковыя матэрыялы, бо Барыс Гарэцкі заявіў хадайніцтва на агляд ягонага рэдакцыйнага жуналісцкага пасведчання, а таксама дакументаў, што пацвярджаюць ягоную працу на падставе кантракту для Радыё Рацыя. Кіраўніцтва Радыё Рацыя даслала ўсе гэтыя дакументы ў суд, яны таксама прыкладаюцца да гэтага матэрыялу.

Высветлілася таксама, што паводле дакументаў Барыс Гарэцкі лічыцца затрыманым не каля будынку КДБ, дзе яго фактычна затрымалі каля 11-й гадзіны, а ў Маскоўскім РУУС, куды яго прывезлі ўжо ўвечары.

Барыса дапытвалі супрацоўнікі КДБ, і таксама са словаў самога Гарэцкага, у яго маці быў праведзены ператрус, а таксама ператрус у хаце, дзе жыве яго брат. Былі канфіскаваны некаторыя рэчы: флэш-карты, розныя пісьмовыя матэрыялы.

***
Барыса Гарэцкага судзяць у судзе Маскоўскага раёну Мінска, суддзя Яўген Хаткевіч. Цяпер з Барысам раіцца адвакат Людміла Казак наконт пазіцыі абароны.

Раней на кватэры, дзе жыве Барыс адбыўся ператрус. Як паведаміла маці Барыса спадарыня Эла, яна ўжо скантактавалася з адвакатам і заўтра будзе шукаць сына.  

Як разгортваліся ўчора падзеі, распавядае Радыё Рацыя:

Прыкладна ў 11. 30 журналіст рабіў рэпартаж каля КДБ на вуліцы Камсамольскай у Мінску – запісваў галасы блізкіх людзей палітзняволеных. Раптам да яго выйшаў ахоўнік гэтай установы і запрасіў на размову для праверкі дакументаў. 
 

Жонка Аляксандра Атрошканкава была відавочцам затрымання:

- Каля будынку КДБ пасля таго як мы перадалі рэчы, прадукты сваім Барыс пайшоў унутр: узяць інтэрв’ю ў яшчэ адной жанчыны, і тады выйшаў супрацоўнік КДБ і папрасіў у яго дакументы. Пасля чаго яны пайшлі ў аддзел пропускаў і там правяралі яго дакументы. Мы ўжо паведамілі тады ў некаторыя СМІ, але на той момант Барыс сказаў: нічога паведамляць не трэба.

Потым Барыс быў адпушчаны, але без дакументаў. І ўжо пасля гэтага быў зноў запрошаны ў будынак КДБ. Апошні званок ад яго прагучаў каля гадзіны дня. Журналіст паспеў сказаць – мяне некуды вязуць. Сувязь з ім абарвалася. Дзяжурны КДБ не змог патлумачыць, дзе знаходзіцца Барыс Гарэцкі.

* * *

Па словах маці журналіста Барыса Гарэцкага Элы Гарэцкай, на яе кватэры, дзе  прапісаны і сын, адбыўся ператрус. У кватэры дастаткова вялікі непарадак, перастаўлены некаторыя рэчы. З фатаграфічнага апарату знікла  картка.

Эла Гарэцкая мяркуе, што кватэру супрацоўнікам міліцыі ці КДБ адчыніў сам Барыс, якога яны прывезлі з сабою. Таму што яна знайшла ягоны электронны нататнік, які Барыс заўсёды насіў з сабой. Але дзе знаходзіцца затрыманы журналіст, невядома. Пошукі адваката Людмілы Казак пакуль не далі вынікаў. Хаця адвакат мяркуе, што ён можа знаходзіцца ў КДБ па вуліцы Камсамольская, 30.

- Не можам знайсці яго да гэтага часу. У ГУС шукаць бессэнсоўна, яны праверылі па аператыўнай частцы, сказалі, што ў іх яго няма. Я тэлефанавала ў ГУС, там кажуць, што гэта нават не ў іх кампетэнцыі. Нічога не застаецца, каб пачакаць, бо ўсё адно зараз будзем грукацца ў зачыненыя дзверы. Я думаю, што хутчэў усяго на Камсамольскай - на 99 працэнтаў я ўпэўнена. Ён ведае мае каардынаты і ведае як сябе весці: што ніякіх тлумачэнняў без адваката даваць не будзе.

Адвакат Людміла Казак параіла родным Барыса Гарэцкага напісаць у міліцыю заяву аб знікненні сына.

* * *

Праваабаронца праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч пракаментаваў для Радыё Рацыя сённяшняе затрыманне нашага карэспандэнта Барыса Гарэцкага:

- Гэта вядомая праблема: калі карэспандэнты замежных СМІ працуюць без акрэдытацыі, бо па-просту яе немагчыма атрымаць. Фармальна яму могуць вынесці папярэджанне аб недапушчальнасці працы без акрэдытацыі. Але я апасаюся, што яны могуць завезці яго ў суд і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мітынгу 19 снежня, паколькі акрэдатацыі ў яго няма, то значыць, па іхняму меркаванню, ён не выконваў журналісцкае заданне, а ўдзельнічаў у дэманстрацыі. Два месяцы, тэрмін даўніны для прыцягнення да адказнасці, яшчэ не прайшоў. Таму, тэарэтычна, не выключаны і такі сцэнар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства