У гэтым годзе адвакаты бачылі толькі Вазняка і Фядуту

2011 2011-01-15T09:49:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

13 студзеня на допыце ў СІЗА КДБ сустрэлася з Сяргеем Вазняком яго адвакат Ларыса Атаманчук. Па яе словах, Сяргей на самаадчуванне не скардзіўся і выглядаў нармальна.

«Сказаў, што адэкватна ўспрымае сітуацыю, што ўмовы даволі цяжкія, але ён ставіцца да гэтага як да знаходжання ў арміі, стараецца займацца спортам. Перадаваў усім прывітанне», — дадала адвакат.

У камеры Вазняка, дзе ўтрымліваецца 5 чалавек (усе астатнія — па іншых справах), ёсць тэлевізар, яму выпісваюць у турму газеты, ёсць магчымасць купляць іх і там.

Пра іншых зняволеных інфармацыі менш, а пра некаторых практычна няма.

Адвакат Аляксандра Фядуты прысутнічала на допыце свайго падабароннага 4 студзеня, і сёння яе зноў выклікалі ў СІЗА. «Адвакат там з 11-й гадзіны, але пакуль ніякай інфармацыі няма. Чакаю», — паведаміла прэс-службе ГА «БАЖ» жонка Аляксандра, Марына Фядута. Сам-насам адвакату з падабаронным сустракацца не даюць — толькі ў часе допытаў, — дадала Марына.

Адвакат Ірыны Халіп Уладзімір Тоўсцік бачыў яе апошні раз 30 снежня мінулага года. Больш нічога паведаміць не можа, — сказаў ён сёння ў гутарцы з прэс-службай БАЖ.

Наталлю Радзіну і Дзмітрыя Бандарэнку іх адвакат Мар’яна Сямешка бачыла апошні раз 29 снежня, таксама ў часе следчых дзеянняў. Канфідэнцыйна сустрэцца з імі ёй пакуль не дазваляюць, — паведаміла яна БАЖ. Па словах адваката, яна будзе спрабаваць зладзіць сустрэчы са сваімі падабароннымі ў панядзелак.

Гэтаксама з 29 снежня не можа сустрэцца з Паўлам Севярынцам адвакат Павел Сапелка. Па яго словах, ён таксама спрабуе ініцыяваць новую сустрэчу, але пакуль безвынікова.

Нагадаем, што ўсяго ў СІЗА КДБ зараз знаходзяцца шасцёра сябраў ГА «БАЖ»: гэта Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец, Дзмітрый Бандарэнка, Аляксандр Фядута.

Усе яны былі затрыманы ў Мінску 19-20 снежня, і праз 10 дзён кожнаму з іх прад'явілі абвінавачанні па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, працягнуўшы тэрмін іх утрымання пад вартай да 2 месяцаў.  Пасля гэтага яго могуць альбо яшчэ працягнуць, альбо спыніць справу, альбо перадаць яе на разгляд суда, калі расследаванне будзе скончана. 

Крымінальная справа была ўзбуджана следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Паводле ч.1 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагрозамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады) пагражае тэрмін ад 5 да 15 гадоў зняволення, паводле ч.2 (удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным здзяйсненні таго, што названа ў ч.1) – ад 3 да 8 гадоў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international