viasna on patreon

Актывіста Саюзу палякаў Анджэя Лісоўскага пакаралі арыштам у Ленінскім раённым судзе паводле артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу – дробнае хуліганства

2006 2006-03-24T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Машыну спадара Лісоўскага затрымалі ўчора позна ўвечары ў Горадні. Начаваць яму давялося ў міліцэйскім ізалятары, паведаміла Радыё Свабода.

Адвакат Уладзімер Кісялевіч паведаміў нашаму радыё, што Анджэя Лісоўскага абвінавацілі ў тым, што ён "моцна лаяўся на адрас ураду і супрацоўнікаў міліцыі". Разам зь Лісоўскім у машыне былі дзьве актывісткі Саюзу палякаў. Адна зь іх, журналістка Інэса Тодрык, паведаміла, што ў пастарунку на яе склалі пратакол аб канфіскацыі асобнікаў часопісу "Magazyn Polski na uchodzstwie" і газэты "Glos znad Niemna na uchodzstwie", што былі ў машыне. Ёй патлумачылі, што адбудзецца экспэртыза выданьняў.

Затрыманьне новых нумароў польскамоўных часопісу і газэты можа сьведчыць аб працягу ціску на непрызнаны ўладамі Саюз палякаў, якім кіруе Анжаліка Борыс. Рэдактар газэты Анджэй Пісальнік знаходзіцца за кратамі, яго арыштавалі паўторна, а рэдактар часопісу Андрэй Пачобут пасьля арышту апынуўся на волі. Ён расказаў наступнае: "Я пяць дзён знаходзіўся ў адзіночнай камэры, і ўвесь час мяне выклікалі на допыты, каб я даў паказаньні аб тым, дзе, як і хто выдае “Magazyn Polski”. Гэта было выкарыстана дзеля таго, каб аказаць псыхалягічны ціск. Мне гаварылі, што ледзьве ня заўтра будзе распачата крымінальная справа, каб я падумаў, бо я няслушна сябе паводжу, што мяне чакаюць сур’ёзныя непрыемнасьці, бо гэта будзе ўжо ня арышт, а турма".

Паводле спадара Пачобута, дапытваць яго наконт выданьня часопісу “Magazyn Polski na uchodzstwie” у ізалятар прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, Ленінскай раённай і абласной пракуратуры. Апроч гэтага, яго наведаў сьледчы Дзьмітры Лабоцкі, які сказаў, што адноўлена крымінальная справа аб запалохваньні шчучынскага дзеяча афіцыйнага Саюзу палякаў Віктара Богдана. Паводле гэтай справы, Андрэй Пачобут і трое ягоных калегаў зьяўляюцца падазраванымі.

Андрэй Пачобут сядзеў 10 сутак. Ён абвясьціў сухую галадоўку, але на шосты дзень яму стала кепска, у шпіталі яму паставілі кропельніцу, і ён мусіў пасьля гэтага спыніць акцыю пратэсту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства