viasna on patreon

Салігорскія абаронцы лесу аштрафаваны амаль на два з паловай мільёны рублёў

2011 2011-01-11T19:34:10+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/znishchenne-saligorskaha-le.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Знішчэнне лесу ў Салігорску

Знішчэнне лесу ў Салігорску

10 студзеня Салігорскі суд аштрафаваў дэмакратычных актывістаў Уладзіміра і Святлану Шылаў, а таксама праваабаронцу Аляксея Валабуева  на агульную суму 2275000 рублёў за збор подпісаў супраць вырубкі лесу. У канцы лістапада з дазволу мясцовых ўладаў у горадзе быў знішчаны значны масіў лесапаркавай зоны пад будаўніцтва жытла. Грамадзкасці гораду стала вядома аб рашэнні па далейшай вырубцы прыродаахоўчых лясных масіваў, што сталася прычынай актыўнага супраціву гэткім планам кіраўніцтва раёну. Больш за два дзясяткі грамадзкіх актывістаў выступілі з адкрытым лістом супраць заганнай практыкі знішчэньня зялёных зонаў у Салігорску. Мясцовыя актывісты распачалі актыўны збор подпісаў пад адмысловым зваротам.

- Кожны чалавек мае права на здаровае навакольнае асяродзьдзе. Каб гэта давесці, мы падалі заяўку на пікет у Міжранодны дзень правоў чалавека. Нам адмовілі. Таму мы вырашылі проста зладзіць збор подпісаў каля Кастрычніцкага рынку. Аказваецца і гэта ў нашай краіне цяпер караецца мільённымі штрафамі, - абураецца Уладзімір Шыла. - На мой запыт, якім жа чынам мне цяпер зьбіраць подпісы супраць вырубкі лесу, суддзя адно толькі сарамліва развёў рукі.

Праваабаронца Аляксей Валабуеў схільны звязваць гэткую жорсткую рэакцыю на звычайны збор подпісаў з апошнімі паслявыбарчымі падзеямі:

- Гэтыя штрафы абсурдныя па сваёй сутнасці, але ж з 19-га снежня мы жывем у краіне татальнага абсурду. Улады імкнуцца "закруціць гайкі" па максымуму па ўсіх накірунках. Збор подпісаў адбываўся 12 снежня, а пратаколы былі складзены толькі ў канцы месяца. Відавочна, калі ўжо пачаліся татальныя зачысткі па ўсёй каріне, дык узгадалі і пра гэты выпадак. Дзясяткі аналагічных мерапрыемстваў па зборы подпісаў у апошнія гады ніколі не выклікалі такой нервовай рэакцыі ўладаў, тым больш постфактум.

Актывісты збіраюцца абскардзіць дадзеныя рашэнні Салігорскага суда ў вышэйшай інстанцыі. Як сведчыць практыка, шанцы на станоўчы вынік усё ж мізэрныя, таму Аляксей Валабуеў не выключае магчымасці накіравання адмысловых скаргаў з гэтай нагоды ў Камітэт ААН па правах чалавека, паведамляе рэгіянальны інтэрнэт-сайт saligorsk.org.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства