viasna on patreon

У Віцебску асудзілі 13 удзельнікаў акцыі пратэсту

2006 2006-03-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыя пратэсту праходзіла 20 сакавіка каля Летняга амфітэатру, міліцыянты затрымалі 15 удзельнікаў. Суды над імі працягваліся 11 гадзін - з 10-й раніцы да 21-й вечара. 13 чалавек іх атрымалі “суткі” або штрафы.

Справы затрыманых мусілі разглядацца ў Кастрычніцкім раённым судзе Віцебска, але зь невядомае прычыны іх перанесьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, і судзьдзя Валянціна Міхасёва адмовілася пускаць у суд "пабочных асобаў", у тым ліку сваякоў і журналістаў.

Адзіным, хто змог дамагчыся прысутнасьці журналістаў на сваім працэсе, быў Хрыстафор Жаляпаў, кіраўнік віцебскага штабу Аляксандра Мілінкевіча.

Паводле сьведчаньняў міліцыянтаў, якія ў цывільным адзеньні прысутнічалі на акцыі пратэсту 20-га сакавіка, яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу. Да пачатку акцыі пратэсту спадар Жаляпаў быў ужо затрыманы, судзьдзя абвясьціла вырак: 10 сутак арышту.

Усе іншыя затрыманыя, каго спадарыня Міхасёва прызнала вінаватымі за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе, атрымалі менш суровыя пакараньні. Па пяць сутак арышту прысудзілі Ўладзімеру Ідзельчыку, Уладзіславу Токараву, Зьмітру Петрачэнку і Кастусю Перагуду.

Па 20 базавых велічыняў, або па 610 тысячаў рублёў штрафу атрымалі Сьвятлана Ідзельчык, Алена Фаміна, Арцём Хадыка, а таксама дзьве студэнткі вэтэрынарнае акадэміі, якім толькі-толькі споўнілася па 18 год, - Кацярына Фахардзінава і Марыя Зьвярынская. Да ўсяго гэтыя дзяўчаты, насуперак завярэньнем міліцыянтаў пра тое, што ўсіх жанчын да суду адпусьцяць дахаты, мусілі правесьці ноч у ізалятары часовага утрыманьня.

Сярод затрыманых удзельнікаў учорашняе акцыі апынулася і няпоўнагадовая Ірына Пятрова, дзевяціклясьніца віцебскай лінгвістычнай гімназіі №2. На ейнага бацьку Леаніда Пятрова, які прыходзіў выбаўляць дзяўчыну з пастарунку, склалі пратакол за дрэннае выхаваньне дачкі і пераслалі яго да разгляду ў адміністрацыйную камісію Чыгуначнага раёну. Паводле словаў 15-гадовай Ірыны, на “выхаваўчую гутарку” яе выклікала клясная кіраўніца.

Адну базавую велічыню, або 31 тысячу штрафу спадарыня Міхасёва прысудзіла Сяргею Белязеку, які сьпяваў для прысутных на акцыі людзей песьні пад гітару.

Судзьдзя Валянціна Міхасёва разгледзела справы ўсіх затрыманых, апрача Аляксея Гаўруцікава, актывіста штабу Аляксандра Мілінкевіча. Суд над павінен адбыцца 23 сакавіка, а пакуль апазыцыянэр зноў павінен правесьці ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле словаў супрацоўнікаў міліцыі, яго вінавацяць у дробным хуліганстве, але ў чым канкрэтна - пакуль невядома.

Маёр Аляксей Шаховіч, кіраўнік раённае міліцыі грамадзкае бясьпекі, некалькі разоў папярэджваў усіх, хто прыйшоў падтрымаць асуджаных аднадумцаў, што кожная наступная акцыя пацягне за сабою затрыманьне актывістаў.
Паводле Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства